Я чытаю “НГ”. Валерый АНІСЕНКА, дырэктар і мастацкі кіраўнік Тэатра беларускай драматургіі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі:

— З задавальненнем чытаў “Народную газету” на мінулым тыдні. Публікацыі не толькі праінфармавалі аб падзеях у краіне і ў свеце, але і закранулі найлепшыя чалавечыя пачуцці. Газета добра і падрабязна пісала пра  надыходзячы баль выпускнікоў, на гэта звярнуў асаблівую ўвагу: у самога малодшая ўнучка Глафіра, будучая балерына, на гэтым тыдні здала выпускныя экзамены. З цікавасцю прачытаў чарговую публікацыю праекта “Сем цудаў Беларусі”. Вельмі цешыць тое, што “Народная газета” мэтанакіравана схіляе нас да гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Каб не стаць манкуртамі, асобамі, якія страцілі сваю памяць, неабходна ведаць свае карані, сваю гісторыю, адчуваць прыналежнасць сваёй Бацькаўшчыны да Вялікай Гісторыі, ведаць, хто мы, адкуль і на чыіх плячах узраслі.
Закранулі і прымусілі задумацца шчырыя гутаркі на старонках газеты. Чытаючы інтэрв’ю з былым прэм’ер-міністрам Вячаславам Францавічам Кебічам, падумаў: вось прыклад годных адносін і да сябе, і да лёсу Радзімы!  Не менш цікавае інтэрв’ю з легендарным савецкім кінарэжысёрам Генадзем Іванавічам Палокам. Я добра разумею, адчуваю яго: сам жыў у тыя часы... І многія праблемы, што ён узгадвае, прыйшлося перажыць самому. На маю думку, у мастацтва свая сістэма каардынат, яна, як правіла, не супадае з бытасцвярджальнай паказухай, і тут для мяне асабіста важна бачыць, адчуваць паплечніка.
Што я магу параіць “са сваёй вуліцы”? Чытайце “Народную газету”. Ёй заўсёды ёсць што сказаць.

“НГ” — газета  для тых, хто ўмее чытаць і думаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter