«Я чакала дзвюх смерцяў…»

«Пан рыхтуе тваю галаву ў падарунак панi»

Нядаўна ў карэспандэнцкi пункт «Р» зайшла жыхарка Бабруйска  Валянцiна Аксёнава: «Ведаеце, у друку часта пiшуць пра канцэнтрацыйныя лагеры мiнулай вайны, а вось пра спецыяльны лагер для донараў у вёсцы Скобраўка Пухавiцкага раёна, лiчу, мала хто ведае, а там, па розных даных, знаходзiлася да трох тысяч малалетнiх вязняў».

Сёння мы друкуем яе ўспамiны.

«Забралi мяне ў лагер з вёскi Брожа Бабруйскага раёна, дзе жыла наша сям’я. Немцы сагналi жанчын з дзецьмi быццам бы на сход. А потым давай адлучаць дзяцей ад мацi, хто не падпарадкоўваўся — бiлi прыкладамi!.. Мяне i яшчэ каля паўтара дзесятка хлопчыкаў i дзяўчынак закiнулi ў грузавiк, якi стаяў напагатове, i адвезлi ў Парычы. Там у нас бралi кроў на аналiзы, вынiкi пiсалi на драўлянай бiрцы, якую мы павiнны былi насiць на шыi. Хацелася есцi, нехта кiне праз калючы дрот кавалачак хлеба, бульбу — былi рады i гэтаму.

Думалi, на гэтым усё i скончыцца, але нас даставiлi ў Мар’iну Горку, дзе мы прайшлi санiтарную апрацоўку, а ўжо адтуль — у Скобраўку, у лагер па забору крывi, пра якi мы яшчэ не ведалi. Выкулiлi каля дома, якi стаяў пры самай дарозе. Там нас аглядала жанчына-наглядчыца i нямецкi цi то салдат, цi то афiцэр. Жанчына прачытала тое, што было напiсана на маёй бiрцы, i нешта сказала вайскоўцу. Той паказаў на суседнi пакой: маўляў, туды яе. Неўзабаве я апынулася на нарах. Спалi мы на голых дошках, сяк-так на iх прымасцiўшыся. Адзiн раз у дзень нас выводзiлi ў двор — паiлi голым, нiчым не запраўленым варам, якi налiвалi ў металiчныя кружкi. Гэта была ўся наша ежа. Пасля у нас пачалi браць кроў. Гэта працэдура праходзiла ў iншым памяшканнi, куды вадзiла наглядчыца. Iшлi ўздоўж сцяны цёмным калiдорам. Калi сцяна скончылася, я ўбачыла стол, на якi падала слабае святло. Мне загадалi туды легчы. Правую руку ўжо зацiснулi!.. Мне было страшна: не ведала, што будзе далей… Прыйшла ў сябе на нарах, вiдаць, страцiла прытомнасць… Мяне сюды, як i iншых знясiленых дзяцей, прынеслi.

Пасля другога забору крывi я зусiм аслабела, не хадзiла, увесь час ляжала. Ведала: калi ў трэцi раз апынуся на тым страшным стале, мне ўжо не жыць… Бачыла, як памiралi дзецi: трызняць-трызняць, мам клiчуць, а потым — зацiхаюць…

Чакала я яшчэ адной смерцi. У мяне былi доўгiя густыя валасы. Усiм iх пры аглядзе абрэзалi, а мне — не. Так распарадзiўся адзiн нямецкi чын. Наглядчыца кожную ранiцу iх расчэсвала, заплятала ў касу. А як другi раз узялi ў мяне кроў, пачала змазваць галаву якiмсьцi растворам, ад чаго скура аж уздымалася. Немагчыма было цярпець, я прасiла наглядчыцу iх абрэзаць. «Пан рыхтуе тваю галаву ў падарунак панi». Я страцiла прытомнасць ад страху, а калi ачнулася, наглядчыца пачала заспакойваць: маўляў, не галаву будуць адразаць, а косы.

Тым часам я рыхтавалася да трэцяга, апошняга, забору крывi. Уяўляеце мой стан: у мяне пачалiся спазмы, якiя аддавалiся ў жываце. Я прасiла наглядчыцу даць хаця б якiх лекаў, але тая адмовiла. Праўда, прынесла дзiцячую коўдрачку, сказала, каб прыцiснула да жывата i ляжала. Мне нiбыта стала лягчэй… А потым зноў боль, я ўжо не думала пра жыццё — хутчэй бы прыйшла тая смерць…

I раптам нашы! Пачула не гаргатанне, а родную мову! Я жывая!

Калi савецкi салдат прывёз мяне ў родную вёску i падвёў да жанчын, якiя сядзелi на лавачцы, тыя не пазналi мяне — такая я была знясiленая i худая. Потым ужо хтосьцi спахапiўся: «Дык гэта ж Валька Кацiна!» Прыбегла мама, як загалосiць: «Што ж яны, дачушка, з табой зрабiлi…» Я ж стаяла, бы анямелая: нi слёз, нi эмоцый — усё забраў у мяне лагер».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter