Выжыць — каб помніць

Ураджэнка Палесся Ганна Бяляй прайшла праз усю вайну медсястрой, яе дзеці, унукі, праўнукі жывуць і працуюць у Беларусі ды Расіі. Успаміны ветэранкі друкаваліся ў часопісе “Нёман” з прадмовай пісьменніка-франтавіка Васіля Быкава.Пра гэтую жанчыну са старажытнага Турава расказаў мне вядомы харэограф Мікола Котаў, згадваючы пра створаны ім паўвека таму на Палессі ансамбль танца “Прыпяць”. У ліку артыстак, успомніў, была і Таццяна Бяляй, якая жыве цяпер у Расіі. “Яе мама, Ганна Іванаўна Бяляй, усю вайну прайшла медсястрой, выйшла замуж за франтавіка, траіх дзяцей выгадавала”, — удакладніў спадар Мікола. І пакінуў копію ўспамінаў ветэранкі, аддрукаваных на машынцы дзесяць гадоў таму.
Ураджэнка Палесся Ганна Бяляй прайшла праз усю вайну медсястрой, яе дзеці, унукі, праўнукі жывуць і працуюць у Беларусі ды Расіі. Успаміны ветэранкі друкаваліся ў часопісе “Нёман” з прадмовай пісьменніка-франтавіка Васіля Быкава.

Ганна Бяляй з праўнукам у святочныя дніПра гэтую жанчыну са старажытнага Турава расказаў мне вядомы харэограф Мікола Котаў, згадваючы пра створаны ім паўвека таму на Палессі ансамбль танца “Прыпяць”. У ліку артыстак, успомніў, была і Таццяна Бяляй, якая жыве цяпер у Расіі. “Яе мама, Ганна Іванаўна Бяляй, усю вайну прайшла медсястрой, выйшла замуж за франтавіка, траіх дзяцей выгадавала”, — удакладніў спадар Мікола. І пакінуў копію ўспамінаў ветэранкі, аддрукаваных на машынцы дзесяць гадоў таму.
Тэлефанаваў нядаўна Ганне Іванаўне ў Тураў. Жывы ды бадзёры голас: не скажаш, што не за гарамі ў яе 90-годдзе. Родам яна, у дзявоцтве Ярмоленка, з вёскі Перароўскі Млынок былога Тураўскага раёна. А трапіла ў пекла вайны пасля заканчэння Мазырскага медвучылішча ў ліпені 1941-га: добраахвотніцай у 16 гадоў пайшла на фронт. Медсястру Ганну прыняла адна з санчасцей 21-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту ў Лунінецкім раёне, ёй далі званне старшага сяржанта. Абараняліся, адступалі з баямі, у асноўным ноччу, бо днём былі моцныя бамбёжкі: “За кожным салдатам самалёты ганяліся, а іх у небе было больш, чым чорнага варання вясной, — расказвае ветэранка. — Бамбілі бесперапынна, параненых заўсёды было вельмі шмат. Аказвалі ім першую дапамогу, вывозілі ў медсанбат, у тым ліку і на грузавых машынах, якія падвозілі боепрыпасы. Днём часці трымалі абарону — уначы сыходзілі на новыя пазіцыі”.
Адступалі па вёсках да Дняпра, на рацэ трымалі абарону: трое сутак страшных баёў, бамбёжак, на пераправе гінулі сотні людзей. У верасні фронт перамясціўся за Дзясну, на Украіну. З нямецкага боку падпіралі танкі, пад вёскай Гарадзішчава адступаць, выбірацца з акружэння даводзілася праз непраходныя балоты з чорнай вадой, суцэльнай гніллю... Страты былі неймаверныя, тысячы байцоў і камандзіраў аказаліся ў палоне ці загінулі там, пад Лубнамі, у тым ліку і камандуючы фронтам генерал-палкоўнік Міхаіл Кірпанос: ён памёр ад ран 20 верасня. “Нас, што засталіся ў жывых, разбілі на групы чалавек па 25, прызначылі камандзіраў, — чытаем успаміны Ганна Бяляй пра той час. — І далей як маглі выбіраліся з пекла, па компасе трымаючы кірунак на Курск”.
У групе з Ганнай было дзве медсястры, таксама Анюты, з Горкага (цяпер Ніжні Ноўгарад). Шкадуе, што з імі потым развялі дарогі вайны. Ішлі па акупаванай тэрыторыі ноччу, днявалі ў кустах, ярах ці ў полі, пазней у сціртах, стагах. Елі траву, калі трапляліся агароды, то і буракі, бульбу, гарбузы — сырымі. Каласамі набівалі кішэні і жавалі, як семачкі. Верасень, кастрычнік… Толькі на пачатку лістапада ўвайшлі ў Курск, пад якім ужо быў вораг. “Былі вельмі знясіленыя, адзенне і абутак ператварыліся ў лахманы, але і шчаслівыя: мы выжылі, мы ў сваіх! — успамінае ветэранка. — На нейкай станцыі нас пагрузіліся ў таварны цягнік. Паехалі! На станцыі Мармыжы накармілі, мыліся, выводзілі вошай, нам выдалі новае абмундзіраванне. І мы тры дні адпачывалі”.
Потым, у лютым 42-га, быў горад Яфрэмаў Тульскай вобласці, дзе ўсе, хто выбраўся з акружэнскага пекла, прайшлі праз асобы аддзел. І ўрэшце Ганна Бяляй трапіла ў 48-ю армію 137-й стралковай дывізіі 179-га медсанбата. З якім і пайшла па вайне — аж да Перамогі. “Ганаровы ветэран 48-й арміі, ганаровы донар СССР”, — дапісала яна алоўкам на рукапісе ўспамінаў. Ваявала ў Арлоўскай вобласці, яе медсанбат рухаўся з часцямі, якія вызвалялі Арол, Бранск, Добруш, потым Шацілкі (цяпер Светлагорск), Бабруйск. А яшчэ былі Польшча, Усходняя Прусія. Перамогу беларуска сустрэла ў Кенігсбергу.
У ветэранкі шмат баявых і юбілейных узнагарод, у тым ліку ордэн Чырвонай Зоркі. У яе больш за 50 гадоў працоўнага стажу: пасля вайны працавала ў Тураве медсястрой. Выйшла замуж за франтавіка, Васіля Іванавіча Бяляя, які ўдзельнічаў і ў абароне Масквы. Разам, узяўшы крэдыт у банку, пабудавалі свой гасцінны дом. Ветэраны выхавалі траіх дзяцей, у Ганны Іванаўны шасцёра ўнукаў, шмат праўнукаў. Вялікі род! Праўда, мужа рана не стала: памёр у 1979-м.
Памятаючы франтавое брацтва, як людзі дзяліліся апошнім, елі з аднаго кацялка ці разам тыднямі галадалі, яна заўсёды з павагай ставіцца да людзей розных нацыянальнасцяў. “Ды і ўвогуле мы, беларусы — народ дабрадушны, з намі лёгка сябраваць!” — лічыць Ганна Іванаўна. Калі тэкст рыхтаваўся да друку, ад яе сына Генадзя, інжынера-энергетыка з Мінска, я даведаўся: як і яго сястра-танцорка Таццяна, ён таксама меў дачыненне да гурта “Палессе”: граў там на гармоніку на пачатку 70-х. Таццяну, расказала нявестка ветэранкі Наталля, Ганна Іванаўна запрашае да сябе з-пад Бранска (у Добруні жыве і працавала ў дзіцячым садзе, цяпер на пенсіі) у госці напярэдадні Дня Перамогі. Дачка па традыцыі дапамагае накрыць святочны стол для тых, хто прыходзіць павіншаваць ветэранку. Яна ганарыцца, што гены творчасці не спяць у яе нашчадкаў. Напрыклад, мінскі ўнук Аляксандр Бяляй, хоць і працуе эканамістам, займаецца і музыкай, спявае ў гурце “Авакада-плюс”. А праўнучка Валерыя Ясінская не проста вучыцца ў музычнай школе, але і цудоўна спявае, танцуе ў вядомым гурце “Равеснік” — 9 Мая ён удзельнічаў у вялікім канцэрце ля мінскага Палаца спорту.
Пра “гены творчасці” я згадаў не выпадкова. Магчыма, вайна і нялёгкае пасляваеннае жыццё, выхаванне траіх дзяцей не далі магчымасці ў поўнай меры франтавічцы, медсястры Ганне Бяляй рэалізаваць свае таленты. У тым ліку і пісьменніцкі. Сын Генадзь паведаміў, што маці яго была ў сяброўскай перапісцы з пісьменнікам Васілём Быкавым, па яго парадзе вельмі цікава апісала, што помніла, ва ўспамінах “У тую далёкую восень” (часопіс “Нёман”, 1986, №8). На заканчэнне варта прывесці прадмову Васіля Быкава да той публікацыі. “Гэта — няхітрыя запіскі з цяжкага першага года Вялікай вайны належаць пяру яе радавой удзельніцы, медыцынскай сястры Ганны Іванаўны Бяляй. Тут няма ні палкаводчага “ахопу”, ні хітрага мудравання заднім чыслом, затое тут — сумленнае сведчанне аб уласным ваенным досведзе, поўным няўдач, памылак, але і таго бяспрыкладнага гераізму, якім на працягу стагоддзяў будзе слаўны народ, які перамог. Ганна Іванаўна была медсястрой палкавой санчасці, калі разам з параненымі апынулася ў трагічным акружэнні пад Лубнамі восенню сорак першага, гэта побач з ёю і амаль на яе вачах загінула камандаванне Паўднёва-Заходняга фронту на чале з генерал-палкоўнікам Кірпаносам. Разам з баявымі сябрамі шаснаццацігадовая Ганна Бяляй вытрымала ўсе доўгія тыдні баёў і акружэння і, параненая, абяссіленая ад голаду і холаду, прабілася да сваіх, прайшоўшы сотні кіламетраў па занятай ворагам украінскай зямлі. Зрэшты, пра гэта вы прачытаеце ў саміх нататках, выкананых проста і лаканічна, дзе кожнае слова — факт. Цяпер ужо факт нашай гісторыі”.

Іван Ждановіч

На здымку:
Ганна Бяляй з праўнукам у святочныя дні
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter