«Наўрад ці ўладальнікі аграсядзіб хаваюць свае даходы»: як будзе працаваць па новых правілах наш сельскі турызм

Выйгрышны сектар — сяло

Паўтара года ў адрас гаспадароў аграсядзіб ляцелі абвінавачанні ў тым, што яны злоўжываюць iльготамі і падаткамі. Паўтара года яны даказвалі, што з кароткіх штонікаў у паўнавартасных бізнесменаў выраслі далё-ка не ўсе, і таму прэферэнцыі неабходна захоўваць. Да іх думак прыслухаліся — сведчаннем таму стаў нядаўна прыняты Указ № 365. Якраз у патрэбны момант — так ацэньваюць праяўленне дзяржпадтрымкі экс-перты. Бо статыстыка сведчыць: колькасць домiкаў у вёсцы, а таксама іх заробкі ў апошні час скарачаюцца.

Фота Аляксандра СТАДУБА

Даходы падаюць

Дацэнт кафедры эканомікі і кіравання турыстычнай індустрыяй БДЭУ Аляксандр Тарасёнак прывёў даволі цікавыя лічбы. Так, даходы ў агратурызме насуперак чаканням ідуць уніз. Калі ў 2014 годзе сектар атрымаў выручку ў дзесяць мільёнаў долараў, то праз два гады яна паменшылася да сямі. Зніжаецца і прыбытковасць адной адзінкі абслугоўвання. Пару гадоў таму ў сярэднім госць пакідаў у аграсядзібе 32 долары, пазней — ужо 25. Хоць домiкаў у вёсцы за гэты час дадалося.

— Гэта сведчыць толькi пра рост канкурэнцыi. Але трэба прызнаць: выручка сядзіб падае. За апошнія некалькі гадоў яна знізілася з пяці да трох тысяч долараў у год. У месяц выходзіць дзве з паловай сотні ўмоўных адзінак у эквіваленце. І гэта не прыбытак. Гэтыя грошы ідуць на пакрыццё выдаткаў. Яны не ўлічваюцца, але яны ёсць. Так што, на маю думку, гэты сектар мае патрэбу ў абароне з боку дзяржавы. Бо агратурызм — важны іміджавы кампанент, які дазваляе нам добра пазіцыянiравацца на рынку Усходняй Еўропы.

Зрэшты, у некаторых удзельнікаў мiжнароднай канферэнцыі, прысвечанай становішчу спраў у сферы, прыведзеныя сумы выклікалі сумненнi. Ну як можа быць так, што сярэдні чэк за знаходжанне ў аграсядзібе складае ўсяго чвэрць сотні долараў? Бо, паводле афіцыйнай статыстыкі, пастаяльцы адпачываюць у вёсцы чатыры дні. Магчыма, сельскія бізнесмены хітруюць? Бо ўсе лічбы складаюцца выключна з іх слоў. 

Вось што адказаў на гэтае пытанне Аляксандр Тарасёнак:

— Я гляджу не на абсалютную велічыню, а на дынаміку. Бо цяперашняя колькасць сядзіб — вялікі масіў, па якім можна прасачыць, што адбываецца ў сферы. Калі яны і хаваюць сярэдні чэк, то заўсёды прыкладна аднолькавыя долі. Дапусцім, заніжаюць выручку ўдвая. Нават калі было б і так, усё адно гэта невялікія сумы. Але навошта гэта рабіць? Па замежных гасцях, напрыклад, дакладна будзе статыстыка.


170 гасцей на брата

А вось па нашых, працягнулі разважаць у зале, ёсць магчымасць нешта змаўчаць. Бо ў мінулым годзе дзевяць з дзесяці прыезджых былі менавiта нашы грамадзяне. І шмат у чым таму, парыруе старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова, даходы ўпалі:

— Я не думаю, што ўладальнікі сядзіб хаваюць свае прыбыткі. За апошнія тры гады ўсе зменшылi свае апетыты. Ды і няма ім сэнсу хавацца, няма боязні. Як-ніяк ёсць падатковыя iнспекцыi, якія бачаць абарот сядзіб і могуць усё палічыць.

Для гэтага дастаткова зайсці на сайт Белстата. У табліцах там сказана: амаль з 2,3 тысячы зарэгістраваных сядзіб працавала толькi тры чвэрці. Штомесячны даход хатак у вёсцы склаў без малога сем сотняў рублёў. Пры гэтым у сярэднім кожная дзеючая сядзіба за год прыняла амаль 170 гасцей. Ёсць над чым паразважаць.

За калег заступіўся і гаспадар сядзібы «Ганка» Анатоль Ганец. Кажа, ведае ўладальнікаў, якія на «старыя» грошы зарабляюць і па мільярду—паўтара рублёў у год.

— Але гэта абаротныя грошы. З іх атрымліваецца мізэрны прыбытак. Калі падзяліць на ўсіх членаў сям'і, якія задзейнічаны ў працэсе, і на дванаццаць месяцаў, выйдзе менш, чым сярэдняя зарплата па краiне. Я ведаю, пра што кажу. У маім выпадку, напрыклад, у сядзібе працуе чатыры сям'і: мая, дзеці, цешча і сваты. Мы ніколькі не шкадуем аб выбары, разам працуем, удасканальваемся. Нашу справу можна сёння назваць бізнесам, але пакуль не з вялікай літары. Добра, што ва Указе № 365 з'явілася магчымасць наймаць членаў сям'і — вырашыцца пытанне з пенсіяй.

Каб пазбегнуць прэтэнзій і абвінавачванняў у адрас агратурызму, у краіне правядуць даследаванне. Чакаецца, што яно адкажа на самыя вострыя пытанні, пачынаючы ад заробкаў і заканчваючы ўкладам сферы ў эканоміку краіны. Па словах Валерыі Кліцуновай, знайшоўся донар, які аплаціць даследаванне:

— Колькі разоў мы пісалі ў Мінэканомікі з просьбай закласці фінансаванне на такi аналіз, каб не было папрокаў у наш адрас. Але цяпер нашы просьбы пачулі. Я асабіста ўжыву свой уплыў на гаспадароў сядзіб, каб яны былі адкрытыя ў адказах. Думаю, вынік атрымаецца цікавы. Нам не падабаюцца абвінавачванні, што мы не плацім падаткі. Гэта малая частка таго, што атрымлівае дзяржава. Бо ўладальнікі аграсядзіб запускаюць эканоміку на сяле і прыцягваюць турыстаў.

ПАЗІЦЫЯ

Валерыя КЛІЦУНОВА, старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы»:


— Колькасць аграсядзіб будзе расці. Пакуль абмяркоўваліся змены ў працы сферы, многія баяліся адкрываць сваю справу, назіралі за працэсам збоку. Думаю, у наступным годзе мы ўбачым вялікае прыбаўленне. Маё меркаванне — у нас можа быць каля трох тысяч сядзіб, каб утварылася крытычная маса. Паўтара года ішло абмеркаванне правілаў гульні, і па выніку ўказ атрымаўся выдатны, ён зняў тыя моманты, якія былі не зусім ясныя. Напрыклад, цяпер у аграсядзібах можна будзе праводзіць масавыя падзеі: семінары, юбілеі, вяселлi. Выразна вызначана паняцце асабістай гаспадаркі. Таксама з'явілася выдатная магчымасць будаваць гасцявыя дамы. Шматлікія турысты хочуць жыць асобна, а да гэтага часу гасцявыя дамы нельга было рабіць. Зняты праблемы з курортнымі зонамі — раней там нельга было займацца аграэкатурызмам. Адпачынак у вёсцы — наша фішка. Хочацца, каб гэта стала абавязковым элементам прасоўвання краіны на знешніх рынках. Але пакуль мы больш пазіцыянiруем нашы санаторыі і медыцыну — мы што, міжнародная бальніца?

Віталь ГРЫЦЭВІЧ, намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму:


— Цяпер мы працуем над прывядзеннем шэрага нарматыўных актаў у адпаведнасць з прынятым Указам № 365 «Аб развiццi аграэкатурызму». Плануем завяршыць гэтую працу да новага года. І правядзём у міністэрстве вялікую канферэнцыю, дзе кожнае ведамства яшчэ раз дэталёва раскажа, якія новаўвядзенні чакаюць гаспадароў аграсядзіб. Агратурызм не з'яўляецца прадпрымальніцтвам. Але ў гэтай сферы ёсць прыклады, калі гаспадары разумеюць, што іх хобі перарасло ў нешта большае і для вядзення бізнесу ім зручна адкрыць ІП ці юрыдычную асобу.

Жанна ТАРАСЕВІЧ, дырэктар і сустаршыня праўлення бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага:


— Калі агратурызм будзе расці, у гаспадароў будзе ўзнікаць неабходнасць рэгістравацца як ІП ці юрыдычная асоба. Хоць бы таму, каб ліквідаваць бар'еры ў кааперацыі з тураператарамі. Калі турфірмы будуць прадаваць паслугі адпачынку ў вёсцы, яны будуць плаціць падатак на даданую вартасць за аграсядзібу. Бо спрошчаная сістэма падаткаабкладання не прадугледжвае такую выплату. Значыць, адзiн з бакоў бярэ на сябе дадатковую нагрузку. Вядзенне бухуліку, справаздачнасці, запаўненне накладных і рахункаў-фактур таксама пакуль кладзецца на плечы турагентаў. Гэта таксама пэўныя бар'еры, якія будуць замінаць узаемавыгаднай кааперацыі, калi сельскi бiзнес стане на ногi, але не захоча мяняць свой статус.

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter