Чаму гаспадаркi не выканалi план здачы буракоў ?

Выйграў той, хто не спяшаўся

У ЖАБІНКАЎСКІМ раёне вырошчваннем цукровых буракоў займаюцца 6 з 9 гаспадарак. Сёлета, калі пасевы літаральна папякліся на палях, вялікага ўраджаю чакаць не даводзілася. Трэба было ўбіраць тое, што ёсць, і адпраўляць на перапрацоўку згодна з графікам.

Аграном аховы раслін Андрэй БЯЛЬЧУК, механізатар
Аляксандр ЛЯЎЧУК і галоўны аграном Адам ХАРЛАМПОВІЧ

Першымі ўбралі салодкія карані ААТ “Жабінкаўскі”, “Ракітніца” і СВК “Шпіталі”. Ураджайнасць зусім невялікая — 275—314 цэнтнераў, таму даведзены план здачы буракоў выкананы толькі ад 43 да 72 працэнтаў.

Сітуацыя, на думку спецыялістаў, крыху лепшая ў СВК “Рагазнянскі”, “Вазнясенскі” і “Маціевічы” — тут пачалі ўбіраць буракі пазней. 

— Калі ў пачатку верасня сталі капаць цукровыя буракі, ураджайнасць іх ледзь дацягвала да 200 цэнтнераў, — узгадвае аграном СВК “Маціевічы” Адам Харламповіч. — Літаральна за некалькі тыдняў буракі, якія дачакаліся-такі вільгаці, выпусцілі бацвінне і актыўна пачалі набіраць вагу — і ўраджайнасць павысілася мінімум на 150 цэнтнераў на круг. Унесеныя яшчэ летам мікраўгнаенні — бор і марганец — нарэшце засвойваюцца раслінамі. На некаторых участках накопваем звыш 600 цэнтнераў з гектара. Праўда, тут ёсць адваротны бок медаля: расліны многа назапашанага цукру выкарыстоўваюць на адрастанне бацвіння. Таму перад сельгасвытворцамі стаіць дылема: выкапаць раней і здаваць на завод дробную, затое салодкую (у многіх сельскіх гаспадарках напачатку верасня сыравіна была з цукрыстасцю вышэй базіснай), або крыху пачакаць, даць буракам падрасці і выйграць за кошт аб’ёмаў. У СВК “Маціевічы” абралі другі шлях. 

Старшыня гаспадаркі Мікалай Кавальчык упэўнены: не трэба спяшацца, буракі  здорава могуць прыбавіць у вазе, абы снегу і марозу не было.

— Мы і так недаатрымаем мінімум тысячу тон буракоў, ці, гаворачы “мовай” грошай — 300 мільёнаў рублёў, — падкрэслівае кіраўнік. — Нам засталося ўбраць яшчэ 85 гектараў.

У дзень на мясцовы буракапрыёмны пункт гаспадарка адпраўляе каля 300 тон салодкіх каранёў. Магла б і больш, ды ліміт вывазу не дазваляе. Таму з уборкай не надта спяшаюцца, нават суседзям-шпіталёўцам дапамаглі з дзясятак гектараў выкапаць, калі ў тых тэхніка падвяла.

— Накапалі ўжо звыш 6 тысяч тон, — кажа механізатар Аляксандр Ляўчук. — Пакуль што мы другія ў раёне пасля ААТ “Жабінкаўскі”. Аднак, улічваючы, што яны ўраджай сабралі, а мы толькі 70 працэнтаў, то ёсць магчымасць выбіцца ў лідары. Ды і ўраджайнасць апошнім часам неблагая. Сёлета ў выйгрышы той, хто не спяшаўся.

Святлана БЯЛЯК

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter