Вывесці б самаробныя трактары з падполля

ЗУСІМ мала дзён да вясны. У сельгаспрадпрыемствах з усіх сіл рыхтуюць тэхніку да палявых работ, бо, як вядома, веснавы дзень год корміць. Як спраўней пасеяць, думаюць і ўладальнікі падсобных гаспадарак, а мясцовая ўлада — як канкрэтна дапамагчы людзям. Праблем тут нямала. Вёска старэе, а значыць, і ў дапамозе маюць неабходнасць усё больш жыхароў.

Пагаварыў на гэты конт нядаўна з Аляксеем Лупачам, старшынёй Ветрынскага сельсавета, на тэрыторыі якога знаходзіцца ажно 39 населеных пунктаў. Просты арыфметычны падлік паказвае, што, калі на пасяўную ў кожнай вёсцы затрачваць у сярэднім па адным дні, то работы расцягнуцца больш чым на месяц. Падобнага ніяк нельга дапусціць. Таму ўжо сёння ў старшыні Савета на ўліку ўсе арганізацыі, а таксама некаторыя грамадзяне, якія могуць істотна паспрыяць скарачэнню тэрмінаў вясенне-палявых работ на ўласных сотках.

З асаблівай цеплынёй у голасе кіраўнік мясцовай прадстаўнічай улады называе ўмелых людзей, якія сканструявалі ўласную землеапрацоўчую тэхніку і не толькі ўрабляюць ёй свае агароды, але і дапамагаюць аднавяскоўцам. Першы ў гэтым спісе — жыхар невялікай вёскі Бодзінава Васіль Лабовіч, які не толькі сабраў з падсобных матэрыялаў невялікі трактар, што трапіў нават у сталіцу на выставу, але і зрабіў прычапны інвентар да яго. У тым ліку саджалку бульбы.

І гэта далёка не адзіны выпадак. Жыхары аграгарадка Гомель Генадзь Доканаў і Генадзь Бунт таксама з розных запчастак зладзілі даволі прыстойныя малагабарытныя трактары, якія даказалі сваю эфектыўнасць і вынослівасць як на ўласных сотках гаспадароў, так і пенсіянераў аграгарадка. Падобнай самадзельнай тэхнікі ў Полацкім раёне, а таксама іншых, якая ў многіх выпадках выручае сяльчан, дзясяткі, а можа, і сотні. Але яна знаходзіцца быццам у падполлі, бо няма ніякай магчымасці яе зарэгістраваць, а значыць, няма ніякага права выязджаць на вуліцу.

Начальнік Дзяржтэхнагляду Полацкага раёна Васіль Кандаураў патлумачыў, што, згодна з адпаведным загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, да гэтых самаробных агрэгатаў надта высокія патрабаванні: неабходны разлікі і чарцяжы, устаноўлены розныя абмежаванні па магутнасці рухавікоў, хуткасці, габарытах і так далей. Словам, не такія, як да прамысловай. І таму зарэгістраваць “самаробнікі” практычна немагчыма. Ва ўсялякім разе, за шэсць гадоў работы ў інспекцыі Дзяржтэхнагляду ён такога выпадку не прыпамінае. Пашпарты маюць толькі некаторыя самаробныя трактары, зарэгістраваныя яшчэ да адпаведнага загада міністэрства.

Здаецца, і сапраўды навошта вынаходзіць веласіпед, калі вунь колькі ў крамах сёння матаблокаў? Але, па-першае, на матаблоку далёка не “разгонішся”. Ды і цэны кусаюцца. Малагабарытны трактар Мінскага трактарнага завода, напрыклад, каштуе сёння больш пяці тысяч долараў. Прама скажам, цана для вяскоўца непад’ёмная.

І ў той час самаробная стаіць без справы дзе-небудзь далей ад інспектарскага вока. Выехаць нават на свой агарод — рызыка не толькі атрымаць штраф, але і наогул пазбавіцца яе. Чуў, што неяк адзін з такіх Кулібіных разам са сваім вынаходніцтвам сытыкнуўся з супрацоўнікам ДАІ на вясковай вуліцы.  Казалі, трактарок так зацікавіў апошняга, што ён амаль час не мог адысці ад яго, усё хваліў арыгінальную канструкцыю машыны. Тым не менш пасля той сустрэчы трактар стаіць у гаражы: іншы інспектар можа пацікавіцца і дакументамі на тэхніку. І хто знае, чым тады сустрэча закончыцца.

Вядома, размова не аб тым, каб уладальнікі самаробнай тэхнікі гойсалі па шашы і стваралі там небяспеку руху. Але нейкія паслабленні, каб яны не трэсліся, што аштрафуюць за работу на сваім жа агародзе, зрабіць усё ж можна. А кантроль за работай азначанай тэхнікі, распрацоўкай яе маршрутаў можа ўзяць на сябе і мясцовая ўлада. Той жа старшыня Ветрынскага сельсавета Аляксей Лупач, думаю, не адмовіцца.

saulich@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter