Дыктантам пра «Славянскі базар» пачаўся Тыдзень роднай мовы ў Віцебску

Вытокі духоўнай каштоўнасці

Дыктант у гімназіі № 1 імя Ж. І. Алфёрава вучням прачытаў Глеб Лапіцкі, кіраўнік форуму, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск». Ён падкрэсліў, што з задавальненнем адгукнуўся на прапанову паўдзельнічаць у гэтай акцыі:


— У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Кожны чалавек карыстаецца той, якой яму больш зручна. Аднак беларуская мова заключае ў сабе нашыя вытокі, генетычную памяць. Гэта наша духоўная каштоўнасць. Мы разумеем яе на інтуітыўным узроўні. Таму так важна, каб дзеці вучылі яе, ведалі, маглі карыстацца ў паўсядзённым жыцці. Гэта зусім па-іншаму развівае іх фанетыку, мысленне, маўленчы апарат. Хацелася б, каб беларускай мовы ў адукацыйным працэсе было болей, каб гісторыя Беларусі ў падручніку была на роднай мове, як раней.

У падтрымку святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, творчыя калектывы Цэнтра культуры «Віцебск» арганізавалі флэшмоб «#ПА-БЕЛАРУСКУ». Вакалісты, танцоры і артысты далучыліся да чэленджу на вячэрніх рэпетыцыях, каб прадэманстраваць шматграннасць беларускай мовы. Напрыклад, #ПА-БЕЛАРУСКУ народны тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі танцаваў, харэаграфічны ансамбль «Зорка» пісаў дыктоўку, маладзёжны тэатр «Кола» іграў, народны камерны хор вучыў беларускія песні з замежнымі студэнтамі.


За час урока навучэнцы паспелі не толькі напісаць дыктоўку, але і паразмаўляць з кіраўніком галоўнага летняга форуму Беларусі. Дыялог атрымаўся насычаным і вельмі цікавым, падзяліўся ў канцы Аляксей Зацарэнка з 11 «А» класа:

— Хацелася б больш такіх сустрэч, бо падчас іх правядзення даведаешся шмат новага з першых вуснаў. З улікам гэтага мяняецца карціна бачання навакольных працэсаў. На шмат якія рэчы пачынаеш глядзець па-іншаму. Побач з нашай гімназіяй, напрыклад, знаходзіцца канцэртная зала «Віцебск», дзе зараз ідзе маштабны рамонт. Глеб Лапіцкі падзяліўся падрабязнасцямі, як ён праходзіць, расказаў пра сваю працу. 

Удзельнікі дыктоўкі — Аліна Федарэнка і Аляксей Зацарэнка.

Пад уражаннем ад сустрэчы засталася і яго аднакласніца Аліна Федарэнка, зазначыўшы, што гэты тыдзень у іх гімназіі абяцае быць вельмі насычаным рознымі тэматычнымі мерапрыемствамі, аб’яднанымі агульнай назвай «Ад аўтэнтыкі да сучаснасці». Запланаваны анлайн-алімпіяда, дэманстрацыя мультымедыйных прэзентацый з цыкла «З крыніц спрадвечных» і відэаролікаў «Мова — душа народа», пераменкі на роднай мове для маленькіх эрудытаў, прэм’ера спектакля, музычны фестываль і шмат іншых падзей, удзел у якіх возьмуць усе школьнікі. А сёння эстафету ад кіраўніка «Славянскага базару» прымуць рэгіянальныя журналісты Белтэлерадыёкампаніі, Выдавецкага дома «Беларусь сёння», тэлерадыёкампаніі «Віцебск», якія таксама прачытаюць дзецям дыктоўкі на роднай мове аб духоўных каштоўнасцях свайго народа.

Вольга БАГАЧОВА.












ДАРЭЧЫ

Дыктоўка для дарослых

З нагоды Дня роднай мовы для школьнікаў і студэнтаў падрыхтавана шмат мерапрыемстваў. Сёння з 13 да 14 гадзін Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук праводзіць у анлайн-рэжыме рэспубліканскую дыктоўку. Паўдзельнічаць можа кожны жадаючы, трансляцыю прамога эфіру слухайце па радыёканале «Культура» і правярайце свае веды на чале з вопытнымі мовазнаўцамі. Апрача гэтага, увесь святочны тыдзень з 21 па 27 лютага супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук наведваюць школы, каледжы і ўніверсітэты з мэтай папулярызацыі роднага слова. Да нацыянальнага свята ахвотна далучыліся сябры грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Актыўна выступаюць не толькі ў навучальных установах сталіцы, абласных цэнтраў, але і ў глыбінцы. Плюс да ўсяго ва ўстановах адукацыі і культуры стартаваў літаратурна-патрыятычны праект «Бачу Беларусь такой» пры падтрымцы Мінскага гарвыканкама, яго ініцыятар і арганізатар — Саюз пісьменнікаў Беларусі. Знакамітыя творцы наведваюць шэраг школ, каледжаў, універсітэтаў, бібліятэк. На сустрэчах з моладдзю паказваюць, як можна любіць Беларусь не на словах, а справамі. Навучэнцы таксама праяўляюць сябе ў пашане да роднага слова: ладзяць канцэрты, спектаклі, чытаюць вершы пры падтрымцы вопытных выкладчыкаў. 

Алена БАСІКІРСКАЯ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter