Вытокі любові да роднага слова...

Да 90-гадовага юбілею прафесара Міхася Цікоцкага.

Да 90-гадовага юбілею прафесара Міхася Цікоцкага.

Плеяда беларускіх філолагаў ХХ стагоддзя заклала годны падмурак для развіцця айчыннага і славянскага мовазнаўства. Служачы навуцы, дбаючы пра роднае слова, вучоныя перадалі пакаленню сучасных лінгвістаў спадчыну, якая патрабуе сёння адмысловай працы, удумлівых крокаў па развіцці дасягнутага. Адзін з класікаў беларускага мовазнаўства – доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь, заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхась Яўгенавіч Цікоцкі.

Невычэрпная моц жыцця, натхненне, спагадлівае сэрца і сяброўскае стаўленне да людзей, дасведчанасць і высакародная інтэлігентнасць сыш-ліся ў асобе юбіляра – арыстакрата па навуковым духу і  вытанчанага ў філалагічным гусце стыліста. Навуковая грамадскасць нашай краіны адзначае важную падзею – 90-гадовы юбілей Міхася Яўгенавіча Цікоцкага, слыннага вучонага, таленавітага журналіста, здольнага арганізатара беларускай навукі, які стаіць ля вытокаў класічнай беларускай стыліс-тыкі і публіцыстычных жанраў.

Імя беларускага вучонага непарыўна звязана з гісторыяй нашай краіны. Асаблівы клопат М. Цікоцкага – родная мова. З болем і нават адчаем Міхась Яўгенавіч гаворыць пра выпадкі абыякавага стаўлення да яе, духоўнай занядбанасці і недалёкасці ва ўсведамленні, што значыць тытульная мова народа. Відаць, вытокі любові да роднага слова можна знайсці ў сям’і. Бацька М. Цікоцкага – народны артыст СССР Яўген Карлавіч Цікоцкі, адзін з заснавальнікаў беларускіх оперы і сімфоніі, чые творы, напісаныя ў класічнай і рамантычнай манеры, маюць моцны ўплыў народных матываў. Сыну ж наканавана было стаць заснавальнікам айчыннай сты-лістыкі – навукі, вызначальнай у развіцці мовазнаўства ў ХХ стагоддзі.
Пад клапатлівым і дбайным вокам даследчыка пачала фарміравацца стылістыка публіцыстычных жанраў – сімбіёз філалагічнай навукі, у якой арганічна спалучыліся набыткі лінгвістыкі, літаратуразнаўства і журналістыкі. Сімвалічна, што аўтарам «Стылістыкі публіцыстычных жанраў» стаў прафесар Цікоцкі, кнігі, якая і сёння застаецца адзінай у сваім родзе. Яе ў свой час вывучалі нават у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.

Фарміраваўся новы навуковы напрамак – стылістыка тэксту. І зноў прафесар Цікоц-кі стаў першым на Беларусі: выдаў падручнік «Стылістыка тэксту», у якім увасобіў мару любога стыліста – з’яднаць у адно цэлае элементныя склад-нікі тэксту праз асобу яго стваральніка.

Прафесар М. Цікоцкі і сёння трымае сваю дбайную руку на пульсе часу. Рупліва назапашанае ва ўласнай навуковай і творчай скарбонцы перакідае масток да наступных пакаленняў, да спасціжэння таямніц маўлення, адкрывае шлях да творчага пошуку. Бо менавіта валоданне густоўным словам вызначае аблічча сучаснага чалавека, акрэслівае яго прафесійную годнасць, робіць яго мабільным і паспяховым.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter