Выстаяць — і застацца людзьмі

Такі дэвіз жыцця ва ўраджэнкі вёскі Рацькавічы Лагойскага раёна Вольгі Вітушкі
Такі дэвіз жыцця ва ўраджэнкі вёскі Рацькавічы Лагойскага раёна Вольгі Вітушкі, якая ў вайну страціла мужа, была партызанскай сувязной, а на пенсіі ў Ташкенце арганізавала хор “Катюша”

(2)500.jpg
Вольга Бакіноўская са сваімі ўнукамі і праўнукамі.  Ташкент, 1992 год

Першая сівая пасма валасоў, расказала мне ветэранка, з’явілася ў яе ў 1942-м, калі ў акупаваным Мінску ўбачыла пецярых павешаных партызан. А ў той час і яна была іх сувязной. Заспела вайна Вольгу Бакіноўскую (у дзявоцтве — Вітушка, родам з вёсцы Рацькавічы Лагойскага раёна Міншчыны) у горадзе Ашмяны, у Заходняй Беларусі. Там яна працавала разам з мужам, Станіславам Іосіфавічам Бакіноўскім, у райвыканкаме. З пачаткам вайны мужа накіравалі ў школу падрыўнікоў у Смаленск, а Вользе з малымі дзецьмі Генадзем і Ліліяй знайшоўся прытулак у Мінску. Іх пасялілі ў невялікім доме. Было страшна: вакол рваліся снарады, бомбы. “Горад палаў як свечка, — згадвае Вольга Фёдараўна. — Самалёты бамбілі горад з нямецкай дакладнасцю, праз аднолькавыя прамежкі часу”.


З мужам і дзецьмі. 1941 год

Колькі праседзела ў доме — не памятае, але ўнутраны голас аднойчы сказаў: “Бяжы!”. Схапіла дзяцей, па неастылых галавешках папялішчаў прабіралася на ўскраіну, на вуліцу Крайнюю: там павінен быў жыць свёкар. Калі ж вярнулася на пяты дзень туды, дзе яе пасялілі, то ўбачыла замест дома вялізную варонку. Анічога з рэчаў, захопленых з Ашмян, не ацалела. І яшчэ не раз у вайну невядомы голас ратаваў яе ад гібелі. Апускаючы падрабязнасці, скажам: у бядзе яна не склала рукі, не хавалася за спіны іншых. З 1942 года стала сувязной партызанскага атрада “За Савецкую Беларусь”, потым — атрада імя Молатава. Жыла ў Мінску па падробленых дакументах. Сястра мужа, якая працавала на хімфармзаводзе, прыносіла розныя лекі, у тым ліку і пеніцылін, якія Вольга дастаўляла партызанам. Штомесяц хадзіла пешшу за 50 кіламетраў да месца іх дыслакацыі. Медыкаменты прывязвалі бінтамі да тулава. На выпадак праверкі меўся фальшывы “аўсвайс” і дзіцячыя метрыкі, у сумцы — пашытыя ёю рэчы: нібыта для абмену на прадукты.

Аднойчы такое падарожжа ледзь не скончылася трагічна. Яе спыніў карны атрад, і вось-вось яе абшукаюць, а як выявяць лекі, то — прамы шлях у гестапа. І якраз у той момант карнікі атрымалі данясенне, што партызаны па падробленых накладных вывезлі цэлую машыну хлеба з пякарні. І маленькую далікатную жанчыну ворагі адпусцілі, а самі кінуліся ў пагоню за тымі, хто выкраў хлеб.

Неацэннай дапамогай для партызан стаў кулямёт “Максім”. “Пры адступленні нашых войскаў праз вёску Цівалі, — расказвае зямлячка, — у сажалцы ўтапілі кулямёт з боекамплектам, і тое заўважыў адзін хлопчык. Потым расказаў пра бачанае бацьку, а той — брату майму, Арсенію Вітушку. Па суседстве ў невялікай хаце жыла і наша сястра Надзея з сям’ёй: чацвёра малых. І вось цёмнай ноччу выцягнулі кулямёт з сажалкі, схавалі ў хляве пад сенам. Познімі вечарамі знаходку чысцілі, змазвалі. Далі ведаць пра яе ў атрад. Прыбыў сувязны Крэза, аднак вывезці такі груз ён не мог: да мужчын немцы ставіліся з асаблівым падазрэннем. І вось падахвоцілася даставіць кулямёт у атрад Надзя. Пагрузілі на воз кулямёт, завалілі яго вялізнымі, з матрац, мяхамі з бульбай — і адправілі жанчыну ў дарогу...”

Потым Вольга Фёдараўна напісала пра той выключны выпадак невялічкае апавяданне ў вершаванай форме. Ёсць у ім згадкі і пра босыя ногі смелай жанчыны, і вялізныя мяхі, і што везла Надзея смяротна небяспечны груз праз увесь горад, частуючы паставых яйкамі ды шпекам-салам. І давезла! Кулямёт саслужыў партызанам добрую службу. Пасля вызвалення Беларусі камісар атрада імя Молатова 2-й Мінскай брыгады Аляксей Іларыёнавіч Панамароў доўга ціснуў рукі сёстрам Вользе і Надзеі, казаў словы падзякі за бясцэнны падарунак, які ўратаваў жыцці многіх партызан. А Вольга Фёдараўна пасля вызвалення Мінска аднаўляла Швейную фабрыку імя Крупскай, на якой да вайны працавала швачкай-матарысткай, а потым і майстрам цэха. Тады збіралі абсталяванне, манціравалі яго і ўжо ў 46-м пусцілі першую лінію. Зарплату ж пачалі атрымліваць з таго дня, як наладзілі пашыў вайсковай бялізны.

У канцы 44-га Вольга Фёдараўна атрымала з фронта пахаронку: яе муж загінуў пры фарсіраванні ракі Одэр. Ішлі гады. Вольга Фёдараўна з дзецьмі пераехала спачатку ў Казахстан, падымаць цаліну, потым — ва Узбекістан. Працавала на Ташкенцкім трактарным заводзе, які стаў другім домам не толькі ёй, але і яе дзецям. Сын, Генадзь Бакіноўскі, 25 гадоў адпрацаваў на ім у гарачым цаху, а дачка Лілія Белазёрава больш за 30 гадоў была інжынерам-тэхнолагам у аддзеле галоўнага механіка. Пасля выхаду на пенсію Вольга Галаванёва (другі раз выйшла замуж) з галавой акунулася ў грамадскую дзейнасць. Была першым старшынёй завадскога таварыства “Ветэран”, арганізатар і душа хору “Катюша”, якому ўжо 27 гадоў.

У памяці няма часу… Беларуска не лічыць сябе гераіняй. Гаворыць: “У вайну рызыкавалі жыццём дзеля Айчыны многія, і подзвігі здзяйснялі, пра якія, магчыма, ніколі ніхто не даведаецца. Многія гінулі за Радзіму — безыменнымі. І здраднікаў хапала... Выстаяць, застацца людзьмі, памятаць пра свой патрыятычны абавязак было вельмі няпроста. Асабліва ў варожым тыле. Аднак мы верылі, мы рызыкавалі галавой, і гатовы былі загінуць у імя адной вялікай мэты — перамогі над фашызмам. Таму мы і перамаглі.”

Гэтая мілая жанчына, поўная энергіі, і ў свае 97 гадоў сустракаецца з моладдзю, бо ўпэўнена: абавязкова трэба, моладзь ведала, што такое сапраўдны патрыятызм, і якія сілы дае чалавеку светлая вера. На святы Вольга Фёдараўна надзявае медалі, якімі ўзнагароджана за вызваленне Беларусі, ёсць у яе і дзяржаўныя ўзнагароды Узбекістана.

Таццяна Навасёлава,
член савета Беларускага культурнага цэнтра “Свiтанак”, г.Ташкент
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter