Высокi градус людскацi

Самы халодны і малаўрадлівы куток Прыбужжа

Карэспандэнт «СГ» знайшоў на «паўночным полюсе» Прыбужжа шмат вясковай цеплыні
ВЁСКА Люта — у самай паўночна-заходняй частцы Брэсцкага раёна. Побач — Марозавічы, Пескі. Калі паглядзець нават па геаграфічнай карце, атрымоўваецца, што гэта самы халодны і малаўрадлівы куток Прыбужжа. Мабыць, таму ён і займеў такую назву. 

22-1 500.jpg

УЗІМКУ тут сапраўды «паўночны полюс» раёна, які ўздоўж дзяржаўнай мяжы Беларусі з Польшчай выцягнуўся больш чым на сто кіламетраў. Калі на поўдні, у Камароўцы, Прыбарава, адліга, у Люце віхор можа насыпаць гурбы снегу. Звычайна тут на некалькі градусаў халадней, чым у паўднёвых вёсках. Маразы ў лютым нават у апошні час дасягалі 25—30 градусаў. Два гады таму снег пасля зімы заляжаўся амаль да трэцяй дэкады красавіка, што для гэтых мясцін стала абсалютным рэкордам. 

Стараста вёскі Вера Брынза наконт паходжання назвы прапануе мне некалькі варыянтаў. Першы звязаны з марознымі зімамі. Кажуць, яны здараліся вельмі часта. А яшчэ вясковыя старажылы згадвалі, што ў час вайны 1812 года ў гэтых мясцінах была лютая бітва. Адсюль, маўляў, і пайшла Люта.

Дарэчы, спачатку так называлася нават не вёска, а маленькая рачулка, якая працякала побач і ля якой разгарнулася жорсткая бітва. Рэчка Люта ўпадала ў Лясную, а тая, у сваю чаргу, у Заходні Буг. У час меліярацыі, праведзенай гадоў трыццаць таму, рэчку перакапалі. Замест яе з’явілася цэлая сетка каналаў, а пра саму рачулку нагадвае толькі невялічкая крынічка, якая б’е і сёння. 



Мясцовая жыхарка Людміла Гірылюк пра гісторыю вёскі ведае яшчэ больш. Чвэрць стагоддзя яна загадвала школай-інтэрнатам, якая да 2010 года дзейнічала тут, а сёння наглядае за апусцелым аб’ектам. 

Калісьці на месцы спецыялізаванай установы адукацыі размяшчалася панская сядзіба, пабудаваная ў 1872 годзе. Яе ўладальнікам быў пан Густоўскі, які меў шыкоўны дом, шмат гаспадарчых пабудоў. Да сённяшняга часу захаваліся нямногія з іх. Засталася карэтная, зробленая з каменю, склады для захоўвання агародніны. На тэрыторыі былой сядзібы і цяпер растуць рэдкія для тутэйшых мясцін дрэвы: крымскія сосны, пурпурныя букі і многія іншыя. 

— Усяго іх тут налічваецца звыш 35 відаў, — расказвае Людміла Міхайлаўна. — Цэлы парк, у якім можна праводзіць экскурсіі і вывучаць багацце расліннага свету. 

На жаль, у Люту экскурсіі не наведваюцца. Будынкі былой школы-інтэрната пустуюць. Па словах нашай суразмоўніцы, калі іх зачынялі, яны былі ў вельмі добрым стане. Спачатку тут планавалі размясціць дзіцячы летнік. Калі з гэтага нічога не атрымалася, передалі іх на баланс Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. Некалькі гадоў карпусы прастаялі без справы. Адсюль вывезлі амаль усю мэблю, абсталяванне, а цяпер ужо кіраўніцтва ўніверсітэта збіраецца прадаць аб’ект іншаму ўладальніку. Яго, безумоўна, можна зноў вярнуць да жыцця, пераканана Людміла Гірылюк. У цяжкі пасляваенны час на месцы былой панскай сядзібы змаглі адкрыць школу-санаторый для дзяцей загінуўшых на фронце салдат. У сярэдзіне 60-х гадоў пабудавалі новыя карпусы, у якіх выхоўвалі і навучалі дзяцей з адхіленнямі ў развіцці. З часам такая неабходнасць адпала: падобная ўстанова з’явілася ў Брэсце. Пра Лютаўскую школу-інтэрнат амаль забылі. 


Стараста вёскі Вера БРЫНЗА і наглядчыца былога інтэрната Людміла ГІРЫЛЮК


— Гэта вельмі крыўдна, — лічыць адзін са старэйшых жыхароў вёскі, 85-гадовы Уладзімір Нікалаюк. — Калісьці я сам загадваў гэтай установай. Мы ганарыліся тым, што яна размешчана ў такім унікальным, маючым інтарэс для гісторыкаў, краязнаўцаў і проста цікаўных людзей месцы. Калі б яе захавалі, вёска была такой жа гаманлівай, як раней. Цяпер жа з кожным годам у ёй становіцца ўсё больш пенсіянераў. 

НЕКАЛЬКІ гадоў таму ў Люце пабудавалі новую царкву. Да важнай справы ахвотна далучыліся ўсе прыхаджане. Дапамагла і адміністрацыя СВК «Астрамечава», на ўскрайку якога размяшчаецца вёска. У мясцовы храм ходзяць не толькі жыхары Люты, але і навакольных населеных пунктаў. Ля Малых Зводаў, да якіх адсюль таксама недалёка, пабудавалі сучасную ферму. Работнікаў сюды дастаўляюць аўтатранспартам. Некаторыя вяскоўцы з Люты працуюць на ферме, у яблычным садзе сельгаскааператыва, на звераферме ды іншых вытворчых аб’ектах. 

— Працаздольнага насельніцтва ў нас каля 65 чалавек, — зазначае Вера Брынза. — Усяго ж засталося не болей 130 жыхароў. Многія ўжо на пенсіі, але і моладзі хапае. У сем’ях выхоўваецца 28 дзяцей. Дзякуючы таму, што ў сельгаскааператыве ёсць работа, будуецца жыллё, маладыя сем’і ў нас застаюцца. Вядома, хацелася б, каб іх было яшчэ больш, аднак трэба дзякаваць за тую падтрымку, што аказваецца з боку дзяржавы. 

Многія падворкі і хаты ў Люце прыгожыя і ўтульныя. Лышчыцкі сельсавет, на тэрыторыі якога размешчана вёска, штогод праводзіць конкурс на лепшае добраўпарадкаванне сялянскіх сядзіб. Штогод самымі дагледжанымі і прыгожымі журы прызнае падворкі Людмілы Гірылюк, Фёдара Жлобы, Ніны Мельнік ды іншых гаспадароў. Іх заахвочваюць грашовымі прэміямі, хаця, як заўважае Ніна Мельнік, якая працуе брыгадзірам у мясцовай гаспадарцы, самае прыемнае, калі дома парадак і чысціня. Зрабіў адзін сусед ажурны плот ці ўстанавіў ля хаты малую архітэктурную форму — тут жа нешта падобнае для сябе захоча стварыць і іншы.

Людзі ў Люце жывуць дружна. Калі будавалася Свята-Мікалаеўская царква, ніхто не застаўся ў баку ад агульнай справы. Храм узвялі амаль у самым цэнтры вёскі. Так атрымалася, што насупраць, праз дарогу, быў запоўнены вадой кар’ер. Яго прывялі ў парадак і абсталявалі тут купель. Вось ужо на працягу трох гадоў усе жадаючыя на Вадохрышча ідуць да купелі, каб акунуцца ў святую ваду. Тут збіраюцца не толькі жыхары Люты ды навакольных вёсак. Прыязджаюць людзі з Брэста, Камянца. Ля купелі стаіць даўжэзная чарга. Як заўважае настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы айцец Георгій, не было яшчэ ніводнага выпадку, каб нехта захварэў. 

Для Люты гэта стала традыцыяй, як і тое, што нават з незнаёмым чалавекам тут заўсёды павітаюцца і сустрэнуць з цеплынёй. 

Вера Брынза шмат гадоў была культработнікам. З перасоўнай кінаўстаноўкай аб’ехала не толькі Брэсцкі, але і Камянецкі раёны. Яна прыгадвае, што ў Люце кіно калісьці чакалі з хваляваннем. У школе-інтэрнаце, дзе выхоўвалі амаль трыста дзяцей, была ўтульная глядзельная зала. Сюды з задавальненнем прыходзілі і дарослыя, абмяркоўвалі фільмы, дзяліліся ўражаннямі. Цяпер у кожным доме стаіць свой тэлевізар, а моладзь кіно глядзіць на DVD-дысках або праз Інтэрнэт. У мінулым засталася і традыцыя збірацца на лавах ля плота, абмяркоўваць апошнія навіны. Цяпер сялян на вуліцы рэдка ўбачыш. Выключэнне хіба што Дзень вёскі, які адзначаецца ў канцы жніўня — на пачатку верасня. Народ збіраецца на пляцоўцы ля былой школы-інтэрната, ва ўсіх бадзёры, святочны настрой.

ДЗЕНЬ вёскі — добрая нагода не толькі падвесці вынікі збору ўраджаю, паглядзець, у каго з гаспадароў ён атрымаўся найболей удалым і шчодрым, але і заахвоціць лепшых уладальнікаў падворкаў, захапляцца выступленнямі калектываў мастацкай самадзейнасці, прымаць шчодрыя падарункі ад сельсавета і СВК «Астрамечава». Лепшыя гаспадары атрымоўваюць збожжа і камбікармы, якія ў вёсцы заўсёды ў патрэбе. Нават у вялікіх аграгарадках Прыбужжа хатнюю жывёлу можна пералічыць па пальцах адной рукі, а ў некаторых населеных пунктах яе ўвогуле не засталося. У Люце ж на сённяшні дзень трымаюць 9 кароў, каля 15 свіней. У многіх гаспадарках ёсць куры, качкі. 

— Пакуль ёсць такія традыцыі, вёска абавязкова будзе жыць, — пераканана Вера Брынза. — І тое, што да нас усё часцей сталі наведвацца не толькі жыхары суседніх вёсак, але і гараджане, на маю думку, добры знак. Наша Люта знаходзіцца ў самай паўночна-заходняй частцы Брэсцкага раёна, дабрацца сюды далёка не заўсёды зручна, аднак калі людзі прыязджаюць, значыць, ім цікава. А мы заўсёды рады цёпла прывітаць гасцей.

Аляксандр КУРЭЦ, «СГ»

kurec.a@mail.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?