Высокая проба музыкі Семянякі

Лепшыя песні, оперы, кантаты і нават аперэты Семянякі — пра пушчанска-азёрную Беларусь, яе шчырых людзей
У каго з беларусаў не затрымціць душа, калі з тэлеэкрана, радыёпрыёмніка ці са сцэны пальецца  ціхая, чыстая, як сонечны ранак, песня Юрыя Семянякі на словы Янкі Купалы «Явар і каліна»? І музыка, і паэзія напачатку самотна-журботныя, быццам не заўсёды спагадны лёс любай сэрцу краіны, але пакрысе бярэ верх мажорны ачышчальна-вясновы дух. І Купала, і Семяняка верылі ў светлы заўтрашні дзень роднай зямлі. І любая іх сэрцам Беларусь стане незалежнай амаль праз паўвека пасля смерці Купалы і ў апошні год жыцця кампазітара.


Цяжка паверыць, але Юрый Уладзіміравіч за свой кароткі век (1925 — 1990) паспеў напісаць больш за трыста (!) песень, чатыры оперы, пяць аперэт, кантаты, музыку да кінафільмаў. Але не будзем збівацца на пералік. У рэшце рэшт, галоўнае не колькасць, а якасць. Дык вось, музыказнаўцы, калегі Юрыя Уладзіміравіча, лічаць, што амаль усе ягоныя творы самай высокай пробы.

Лепшыя песні, оперы, кантаты і нават аперэты Семянякі — пра пушчанска-азёрную Беларусь, яе шчырых людзей. Як не згадаць ягоныя оперы «Зорка Венера», «Новая зямля», аперэту «Паўлінка». Не выпадкова Юрый Уладзіміравіч паклаў на музыку паэзію нашых славутых класікаў: Багдановіча, Коласа, Купалы. Ён удыхнуў у яе другое жыццё. Цяжка сказаць чаму, але, бадай, мала каму іншаму з кампазітараў  удалося так, як Семяняку, перадаць гукамі мелодый самоту Багдановіча, народнасць і глыбіню вялікіх твораў Купалы і Коласа. А спробы былі. «Паўлінка» напісана яшчэ у пачатку ХХ стагоддзя, як і вершы Багдановіча, і мала пазней «Новая зямля».  

Не дзіва, што многія знакамітыя (і не надта знакамітыя) музыканты звярталіся да творчасці вялікіх песняроў. Патрэцца медная капейка каля залатой і сама крыху парыжэе. Як не ўспомніць прытчу Алеся Адамовіча. Наступае канец свету. Ад кожнай краіны планеты Зямля  прапанавана пакінуць па адной кнізе. Ён, Адамовіч, пакінуў бы «Новую зямлю» Якуба Коласа. Так і хочацца дадаць: плюс дыск з музыкай Семянякі па геніяльным творы народнага паэта, каб у далёкім сусвеце незямныя істоты пачулі пра нашу Беларусь. Мала якому іншаму кампазітару ўдалося так удала парадніць музыку і паэзію класіка.

Заслужаную славу Семяняку прынеслі песні. Юрый Уладзіміравіч адчуваў слова, падбіраў тэксты надзвычай абачліва. Далёка па прыклады хадзіць не трэба. Малады паэт Уладзімір Карызна быццам нічым не вылучаўся сярод іншых майстроў слова. Падчас дакладаў на з’ездах, літсходах, канферэнцыях імя не трапляла ў абойму вечных «лідараў». І вось аднойчы сціплы зборнік паэзіі Валодзі Карызны трапіў у рукі Семянякі. Ён адразу ж патэлефанаваў паэту.

— Хацелася б сустрэцца з вамі, — прапанаваў кампазітар.

Пры сустрэчы папрасіў расказаць пра сябе. І Карызна, хвалюючыся, прызнаўся, што любіць музыку, сам грае на баяне, напісаў дзве-тры песні, але адчувае, што яго прызванне лірыка. 

Семяняка ўсміхнуўся, і тут жа на памяць прадэкламаваў: «Жытнёвае поле. Лясы і азёры, у лесе крынічка і ў небе жаўрук. Прыслухайся толькі — усё тут гамоніць: люблю цябе, Белая, Белая Русь!»

Ён падышоў да піяніна і найграў мелодыю. Аўтары слоў і музыкі адчулі, што песня нараджаецца. Трэба толькі зрабіць арыгінальную аранжыроўку, адшукаць дастойнага выканаўцу. Але ні сам Юрый Уладзіміравіч, ні Уладзімір Карызна не здагадваліся, што іх  «Белая Русь» у выкананні Тамары Раеўскай стане своеасаблівай візітоўкай рэспублікі. І сёння, праз шмат гадоў пасля з’яўлення на свет, ёю адкрываюцца шматлікія канцэрты самага высокага ўзроўню.

Юрый Семяняка напіша на словы Уладзіміра Карызны больш як дзесяць песень, і ўсе яны, як і кантата «Зямля мая», прысвечаны Беларусі. Іх будуць выконваць вакальна-інструментальныя ансамблі «Песняры», «Верасы», добра вядомыя ў Беларусі і за яе межамі артысты Эдуард Міцуль, Нэлі Багуслаўская, Тамара Раеўская, Святлана Данілюк, Наталля Гайда.

Сустрэча Карызны з Семянякам натхніла маладога аўтара. З’явіліся новыя кнігі і песні, напісаныя ўжо з іншымі кампазітарамі. Уладзімір стаў адным з аўтараў гімна рэспублікі. Ён уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, медалём і ордэнам Францыска Скарыны. І увогуле, Юрый Уладзіміравіч умеў вышукваць таленты. З падачы кампазітара маладая тады спявачка Наталля Гайда выканала галоўную ролю ў аперэце «Пяе Жаваранак». Здарылася гэта ў 1971 годзе. Сёння Наталля Віктараўна — народная артыстка Беларусі. Салаўіны голас спявачкі радуе прыхільнікаў яе таленту не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.

Неяк трапіў на вочы кампазітару надрукаваны ў адной з рэспубліканскіх газет верш мала каму вядомага Міхася Шушкевіча «Ты мне вясною прыснілася». Уразіла свежасць, першароднасць пачуцця. Пайшоў у бібліятэку. Ніводнай кнігі паэта. Высветлілася, што акрамя невялічкай нізкі вершаў Міхась больш нічога не напісаў. Тым не менш Юрый Уладзіміравіч не адмовіўся ад задумкі пакласці твор пачаткоўца на музыку. Чытаў і перачытваў: «Ой, ты дзяўчыначка мілая, як ты мне свет упрыгожыла! Ластаўка ты шызакрылая, светлы мой сон растрывожыла».

Спакваля нараджалася мелодыя. «Гэтай песні наканавана вечнае жыццё!» — скажа адзін з сяброў Семянякі. І не памыліцца. Міхась Шушкевіч перастане пісаць вершы. Будзе працаваць у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі, на тэлебачанні, радыё. «Песня, напісаная ў сааўтарстве з Семянякам,  стане для мяне самым светлым успамінам, — прызнаецца аднойчы пры нашай сустрэчы Міхась, — будуць унукі ганарыцца дзедам, відаць, пакінуў след на зямлі…»

Не магу не працытаваць радкі Т. Дубковай з «Беларускай энцыклапедыі», прысвечаныя Юрыю Уладзіміравічу: «У творчасці аддае перавагу музычным жанрам, што звязаны са словам, схіляецца да лірычнай і лірыка-драматычнай вобразнасці. Яго меладызму, які грунтуецца на беларускай народнай песеннасці… уласцівы мяккасць і задушэўная выразнасць». 

Цяжка знайсці музычны жанр, дзе б зорна не засвяціўся талент кампазітара. Ягоная любоў да музыкі перадалася дачкам Ірыне і Тамары. Вучань Ірыны Юр’еўны ў музычным ліцэі пры Акадэміі музыкі  Уладзіслаў Хандогій стаў пераможцам прэстыжнага тэлешоу «Шчаўкунок». Тамара Юр’еўна таксама атрымала музычную адукацыю, знаходзіцца за мяжой у дыпмісіі. Шчыра радуецца, што ў пачатку лістапада адбудзецца ў Белдзяржфілармоніі вялікі канцэрт, прысвечаны 90-годдзю Юрыя Уладзіміравіча.

— На вечар з далёкай камандзіроўкі прыедзе Наталля Гайда, выступяць салісты Нацыянальнай оперы Наталля Акініна, Уладзімір Громаў, Алена Сіняўская, а таксама Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ігар Задарожны, Марына Васілеўская, Андрэй Коласаў і іншыя, — распавядае аўтар праекта, музыказнаўца і вядучая канцэрта  Вольга Брылон. — Выступленні будзе суправаджаць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. Дырыжор — Аляксандр Высоцкі.

Хочацца верыць, што пра жыццё і творчасць народнага артыста Беларусі Юрыя Семянякі будуць напісаны кнігі, зняты фільмы. У невялікай замалёўцы не раскажаш, як васямнаццацігадовым юнаком ён трапіў на фронт, не аднойчы глядзеў у твар смерці, як да самазабыцця працаваў над сваімі музычнымі творамі.

Воіна-франтавіка, вялікага кампазітара, душэўнага чалавека Юрыя Уладзіміравіча Семянякі няма з намі ўжо чвэрць веку, а яго творы жывуць і будуць яшчэ доўга радаваць люд беларускі.

Памятаю, дагараюць у стаяку бярозавыя дровы, залатое полымя адкідвае блікі. Мы, дзеці, бацька і маці  сядзім на нізенькім услончыку і слухаем радыё. Тоненькім сярэбраным голасам незнаёмая нам артыстка задушэўна-працяжна выводзіць: «Песняй вясны лебядзінаю, скінуўшы зімнія чары, шэпчуцца явар з калінаю ў ціхай даліне над ярам…» 

На двары плача, стогне, шпурляе ў вокны снег мяцеліца, а мы, як і артыстка, жывём прадчуваннем вясны-надзеі на светлы сонечны дзень. Мой бацька, брыгадзір будаўнічай саўгаснай брыгады, ведае на памяць каля дваццаці паэм і двухсот вершаў, у яго, як і ў маці, выдатны музычны слых. 

— Верш Купалы, музыка Семянякі, — кажа бацька. — І праз сто год гэтая песня будзе жыць.

Прайшло больш як паўвека, а «Явар і каліна» не пастарэлі.

Васіль ШЫРКО
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...