Высокая постаць волата

Сёння народнаму пісьменніку Беларусі Янку Брылю споўнілася б 90 гадоў У кожнага з нас сваё ўяўленне аб яго творчасці. Але той, хто прычасціўся да яго паэтычнага слова, прасякнутага любоўю да роднай старонкі, народа, пагодзіцца з тым, што Янка Брыль — той пісьменнік, чые творы самі вымагаюць звяртацца да іх зноў і зноў. Не дажыўшы менш года да круглай даты, ён пайшоў ад нас. І сёння мы яшчэ да канца не ўсведамляем, што цяпер, гаворачы пра яго, трэба будзе прыбаўляць слова “быў”.

Яго называюць чалавекам, які ведаў усяму сапраўдную цану. Ён з тых пісьменнікаў, якія ў даволі няпросты час сацрэалізму пачалі звяртаць літаратуру да чалавека, раскрываць іпастасі душы беларусаў. Вясковы побыт, народная жывая мова жыхароў Загор’я, Турца, што на Карэліччыне, былі добра вядомы Янку Брылю. З 1922 года сям’я, калі яму было пяць гадоў, пераехала з Адэсы на Гродзеншчыну. Жыццё даваеннай і пасляваеннай заходнебеларускай вёскі, усенародная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў стануць асноўнай тэматыкай яго творчасці.
Атмасферу, у якой працаваў творца, у гэтыя дні можна адчуць, завітаўшы ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, дзе адкрылася выстава “Янка Брыль. Сцежкі, дарогі, прастор...”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. На экспазіцыі, сабранай з дапамогай дачок Івана Антонавіча, прадстаўлены кнігі, рукапісы яго твораў, лісты да сяброў, фотаздымкі Крынічнага, дзе часта летаваў Брыль, яго бацькоў, выявы якіх заўсёды былі на сцяне рабочага пакоя пісьменніка. У стылі гэтага пакоя і аформлена выстава. Звычайны драўляны пісьмовы стол, на ім — лямпа, чырвоны тэлефонны апарат, кнігі, што ў апошнія гады жыцця чытаў пісьменнік. Яго дачка Наталля Іванаўна расказала, што да апошніх дзён, нягледзячы на сталы ўзрост, Іван Антонавіч меў добрую памяць і многа чытаў. Не сыходзілі з яго стала творы Якуба Коласа, Янкі Купалы (партрэт народнага паэта Беларусі заўсёды вісеў над рабочым сталом Янкі Брыля), Льва Талстога, Томаса Мана. На выставе можна ўбачыць таксама жывапісны партрэт пісьменніка, шарж, намаляваны да яго 50-годдзя.
Янка Брыль заўсёды падтрымліваў маладых творцаў. І сёння яны ўпэўнены: народны пісьменнік Беларусі браў раўненне на вечнасць, а цяпер вечнасць будзе браць раўненне на яго.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter