Высокая музыка і шчырая размова
22.03.2008 01:00:00
Калі летась па прапанове маэстра Фінберга і пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі Гомельскі аблвыканкам, Чачэрскі райвыканкам і Гомельская абласная філармонія ладзілі першае свята, ініцыятыва Нацыянальнага канцэртнага аркестра дапамагла вызначыць яго звышзадачу. Сутнасць гэтай ініцыятывы: людзі ў пацярпелым ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС раёне як ніхто іншы маюць патрэбу ў шчырай і адкрытай размове з прадстаўнікамі ўлады. Так нарадзіўся праект асамблеі “Дыялог парламентарыяў Беларусі з актывам Чачэрскага раёна”.
Сёлета на такі нефармальны дыялог, што дапамагае вызначыць балючыя кропкі сацыяльна-эканамічнага жыцця раёна і абмеркаваць шляхі іх вырашэння, збіраюцца: члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Таццяна Прыгожая, Уладзімір Дворнік, Аркадзь Кобрусеў, а таксама старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталля Аўдзеева.
Свята беларускай музыкі ў Чачэрску — гэта і выстава работ творчай моладзі раёна, і выступленні самадзейных калектываў Гомельшчыны, і гала-канцэрт заслужанага калектыву Нацыянальнага канцэртнага аркестра “Табе Чачэрск — нашы песні” — як фінальная кропка сустрэч.
“Палітра дваццацігадовай работы аркестра па эстэтычнаму выхаванню жыхароў нашай краіны, у першую чаргу малых гарадоў і вёсак, набывае новыя фарбы, — сказаў “НГ” маэстра Фінберг. — Добрая музыка і добрае слова даюць у спалучэнні такі зарад бадзёрасці людзям! А вырашэнні канкрэтных пытанняў, што ўзнімаліся на сустрэчы, — падстава для аптымізму і надзеі”.