Высокая музыка і шчырая размова

Учора адкрылася ІІ свята беларускай музыкі “Чачэрскія сустрэчы-2008” Музычнае свята ў апаленым Чарнобылем Чачэрску зноўку насычана самымі цудоўнымі ўзорамі высокай музыкі. Камерныя калектывы Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста нашай краіны прафесара Міхаіла Фінберга падрыхтавалі праграму “Беларуская інструментальная музыка. Лепшае”. У кінаканцэртнай зале “Кастрычнік” прагучаць самыя вядомыя творы беларускіх кампазітараў ХІХ—ХХІ стагоддзяў.

Калі летась па прапанове маэстра Фінберга і пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі Гомельскі аблвыканкам, Чачэрскі райвыканкам і Гомельская абласная філармонія ладзілі першае свята, ініцыятыва Нацыянальнага канцэртнага аркестра дапамагла вызначыць яго звышзадачу. Сутнасць гэтай ініцыятывы: людзі ў пацярпелым ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС раёне як ніхто іншы маюць патрэбу ў шчырай і адкрытай размове з прадстаўнікамі ўлады. Так нарадзіўся праект асамблеі “Дыялог парламентарыяў Беларусі з актывам Чачэрскага раёна”.
Сёлета на такі нефармальны дыялог, што дапамагае вызначыць балючыя кропкі сацыяльна-эканамічнага жыцця раёна і абмеркаваць шляхі іх вырашэння, збіраюцца: члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Таццяна Прыгожая, Уладзімір Дворнік, Аркадзь Кобрусеў, а таксама старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталля Аўдзеева.
Свята беларускай музыкі ў Чачэрску — гэта і выстава работ творчай моладзі раёна, і выступленні самадзейных калектываў Гомельшчыны, і гала-канцэрт заслужанага калектыву Нацыянальнага канцэртнага аркестра “Табе Чачэрск — нашы песні” — як фінальная кропка сустрэч.
“Палітра дваццацігадовай работы аркестра па эстэтычнаму выхаванню жыхароў нашай краіны, у першую чаргу малых гарадоў і вёсак, набывае новыя фарбы, — сказаў “НГ” маэстра Фінберг. — Добрая музыка і добрае слова даюць у спалучэнні такі зарад бадзёрасці людзям! А вырашэнні канкрэтных пытанняў, што ўзнімаліся на сустрэчы, — падстава для аптымізму і надзеі”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter