Выслухаць і дапамагчы. Аб канкурэнцыі, жыллёвым пытанні і аграгарадку, які з’явіўся “метадам народнай будоўлі”.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі прыняў удзел у адзіным дні інфармавання, які прайшоў у Глыбоцкім раёне, і правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Чашніках.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі прыняў удзел у адзіным дні інфармавання, які прайшоў у Глыбоцкім раёне, і правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Чашніках.

У актавай зале Падсвільскага вінзавода не было дзе яблыку ўпасці. І гэта можна зразумець: міністры ў невялічкі гарадок прыязджаюць не так ужо і часта. Гаворка ішла пра першы год новай пяцігодкі, асноўныя арыенціры сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Калектыў прадпрыемства асаблівыя надзеі звязвае з Дырэктывай № 4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”. У прадпрыемства ёсць пэўныя праблемы з рэалізацыяй прадукцыі ў іншых рэгіёнах за межамі вобласці. З лібералізацыяй умоў ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці ёсць надзея, што справы наладзяцца. Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі на гэта адказаў, што Дырэктыва № 4  дае магчымасць адыходу ад адміністрацыйнага рэгулявання  рынкавых адносін, што  канкурыраваць трэба чэсна.
— Такая праблема, калі з адной вобласці ў другую нельга прадаць піва, смятану, сметанковае масла, а цяпер вось і віно, існавала і існуе,— заўважыў ён і паабяцаў, што  просьбу падсвільскіх работнікаў перадасць ва ўрад.
У Глыбокім Алег Праляскоўскі наведаў рэдакцыю раённай газеты “Веснік Глыбоччыны”. Даведаўшыся пра тое, што ў мінулым годзе ў параўнанні з 2009-м калектыў атрымаў па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці значны паказчык прыбытку, а тыраж газеты перавышае 6 тысяч экзэмпляраў, ён павіншаваў супрацоўнікаў газеты з поспехамі і пажадаў не толькі ўтрымацца на дасягнутым узроўні, але ўзняцца яшчэ вышэй. Падчас размовы былі закрануты пытанні, якія тычыліся падрыхтоўкі да Дня пісьменства, якое ў 2012 годзе пройдзе ў Глыбокім, пераходу газеты на друк у поўным колеры, павышэння заработнай платы работнікаў.
Падчас прыёму грамадзян у Чашніках да міністра звярнулася Ніна Васільеўна  Валганкіна. Яе хвалюе пытанне атрымання льготнага крэдыту на будаўніцтва кватэры ў кааператыўным доме. Крэдыт хоча ўзяць яе сын. Двое знаёмых згадзіліся стаць паручыцелямі, але гэтага недастаткова...
— Дзяржава дапамагае чалавеку ў такім важным пытанні, як будаўніцтва жылля, — адказаў Алег Праляскоўскі. — Але ўсё павінна быць у рамках заканадаўства. Зараз рыхтуецца закон аб іпатэчным крэдытаванні, калі пры атрыманні крэдыту нерухомасць паступае ў залог банку як  гарантыя вяртання крэдыту. Алег Вітольдавіч даручыў адпаведным службам яшчэ раз дэталёва прааналізаваць сітуацыю і праінфармаваць грамадзянку. Старшыня райвыканкама Уладзімір Булай прапанаваў як магчымы варыянт вырашэння праблемы разгледзець магчымасць выдзялення жылля сям’і ў дамах ААТ “Проземля-Агра”.
Фаіна Іванаўна Байкова расказала пра тое, што яе  сын з жонкай пазбаўлены бацькоўскіх правоў, але ж расходы на ўтрыманне дзіцяці, апекуном якога з’яўляецца Фаіна Іванаўна, выплачвае толькі сын, жонка ўцякла і нідзе не працуе.
Міністр адзначыў, што сітуацыя  вядомая. Неабходна знайсці жанчыну і не дазволіць ёй пазбягаць адказнасці, прымусіць яе працаваць і аплачваць расходы, як гэтага патрабуе Дэкрэт № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па-другое, можна дапамагчы сыну жанчыны знізіць цяжар фінансавай нагрузкі.
А вось дырэктар ААТ “Верхняе” Мікалай Дзярнейка з Глыбоцкага раёна падзяліўся з міністрам сваёй радасцю: у Верхнім не планавалася стварэнне аграгарадка, але дзякуючы намаганням мясцовай улады і насельніцтву за 96 дзён “метадам народнай будоўлі” аграгарадок узведзены. Стваральная праца заўсёды прыносіць задавальненне. Людзям заўсёды прыемна, калі іх умеюць выслухаць, даюць парады, калі яны адчуваюць клопат аб сабе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter