Вышываны крэатыў

На выстаўцы ў мінскім Палацы мастацтва гулялі вышываныя каты і расцвіталі тканевыя лілеі
На выстаўцы ў мінскім Палацы мастацтва гулялі вышываныя каты і расцвіталі тканевыя лілеі.

Вера Блінцова і Любоў Кірылава (злева) са сваёй “Серэнадай”Ніткі, стужкі, шматкі тканіны, бісерынкі… Менавіта яны, трапляючы ў плынь свядомасці мастачак Веры Блінцовай і Любові Кірылавай, пераўтвараюцца іх рукамі ў дэкаратыўныя пано-карціны. Альбо ў арыгінальныя строі. Альбо ў шыкоўныя цацкі, накшталт вялізных, расшытых дзівоснымі ўзорамі катоў — з імі так і хочацца пазабаўляцца. Тое, што мастацтвазнаўцы вызначаюць як “аўтарскую тэхніку ў стылі “АртДэка” з выкарыстаннем розных па фактуры тэкстыльных матэрыялаў”, можна назваць і карацей: вышываны крэатыў. Бо тут што ні твор, то — новае спалучэнне фактуры, колераў, ліній. А таксама думак, асацыяцый, пачуццяў. І казачная вытанчанасць у дэталях!

“Пяшчота”. Сузіраеш карціну — і адчуваеш, як нешта чыстае, лёгкае, мяккае, плаўнае дыхае побач. Можа, тая самая аўра майстра?.. Адметны мікрасвет, створаны Верай і Любоўю, ахоўваюць словы-назвы: “Цішыня”, “Рыф. Лагуна”, “Сіняя птушка”, “Пярліна”, “Меднай гары гаспадыня”, “Восень залатая”… У “Кнізе водгукаў”, дарэчы, адзін
з наведвальнікаў жартам прызнаецца, што, захоплены апошняй карцінай, гатовы быў яе выкрасці. Пэўна, як закаханыя прынцы выкрадаюць сваіх прынцэс… А што адчувалі на юбілейнай выставе таленавітых сясцёр-блізнятаў іншыя? Вось некаторыя меркаванні: “Свет чароўных дзіцячых казак”, “Акіян творчай фантазіі і энергіі”, “Светлая гармонія думак і пачуццяў”, “Ашаламляльна прыгожа!”…

Нават спецыялісты называюць талент сясцёр з Мінска рэдкім, тэхніку, у якой яны працуюць — унікальнай. Адкуль такое? Адна з сясцёр, Любоў Кірылава, расказала, што іх другая мама, Тамара Іванаўна, — цудоўная майстрыха. Дарэчы, цэлая калекцыя яе вышываных іконаў дэманструецца ў музеі, створаным у гандлёвым цэнтры “Ждановічы”. Аснову ж музейнай калекцыі склалі самавары, сабраныя іх бацькам, Мікалаем Сцяпанавічам Шаўцовым — апантаным калекцыянерам.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter