Напрыканцы мінула года завяршыўся культурна-асветніцкі праект беларусаў Латвіі “Ручнік — сімвал Латгальска-беларускай дружбы і адзінства”

Вышываны абярэг

Крэатыўныя праекты вельмі патрэбны беларускім суполкам, каб развівацца. Як і супраца з мясцовымі органамі ўлады. А яны, дарэчы, нас падтрымалі, калі суполка “Вербіца” ладзіла ў Дагдскім народным Доме святочны канцэрт, прысвечаны Дню абвяшчэння незалежнасці Латвіі.

Ва ўпрыгожанай зале на пачатку гучалі віншаванні намесніка мэра Дагдскага самакіравання Райціса Азіньша, Генеральнага консула Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзіміра Клімава, дэпутата 12 сейма Аляксандра Якімава. У нас на святах звычайна шмат гасцей, прыязджаюць самадзейныя гурты. І на гэты раз выступалі розныя калектывы: “Вярба” (кіраўніца Ларыса Тукіш), “Спадчына” (кіраўніца Яна Юзэфовіч), танцавальная група “Эзерини” (кіраўніца Лідзія Картэнка), фальклорная група “Акминейца” (кіраўніца Вольга Бабовіч). Хораша выступілі таксама танцавальны гурт “ЛиДэяс” (кіраўніца Інта Бэйкуль), ансамбль “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў), танцавальны гурт “Лянок” (кіраўніца Марына Медуніцкая), ансамбль “Аколіца” (кіраўніца Тамара Старавойтава) ды ансамбль “Сузор’е” (кіраўніца Людміла Стэц), артысты з таварыства “Крыніца” з Лудзы, дуэт Дар’я і Паліна Смалянінавы. Свае вершы чыталі паэты Тамара Дарафеева і Станіслаў Валодзька.

Якраз да свята мы дастасавалі завяршэнне праекта “Ручнік — сімвал Латгальска-беларускай дружбы і адзінства”. З 10 верасня ручнік вандраваў па краі, пабываў у пяці латгальскіх гарадах. На палатне з’явіліся назвы гарадоў з арнаментамі, якія з любоўю вышывалі Ларыса Міхеева з Дагды, Марыя Памецька з Даўгаўпілса, Кацярына Пурмалэ і Міраслава Лайса з Ліван, Наталля Лагунцова з Рэзэкнэ, Рыта Кучане з Лудзы. Вялікі дзякуй усім майстрыхам! Ручнік захоўвацца цяпер нашым Дагдскім беларускім цэнтры. І пабачыць яго можа кожны, хто пажадае.

Дырэктарка Цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса Жанна Раманоўская павіншавала нас з завяршэннем праекта. Нагадала: белы колер у беларусаў — гэта колер чысціні, ачышчэння, дабрыні, абароны ад усяго ліхога. Гэта ўсё разам з энергіяй ткачых, вышывальніц надае ручніку дзівоснае моцы, робіць яго абярэгам, сімвалам поспеху ў любой справе.

Мы на святочным канцэрце выказалі й сваю вялікую падзяку дагдскай Думе, фундатарам Віктару Стыкуту, Райцісу Азіньшу, Дагдскай аптэцы, Асунскаму дому культуры — за падтрымку “ручніковага” праекта. Асабліва ж пастаралася Інэса Плесне — яна працуе метадыстам па культуры і заадно была вядучаю праекта. Усе яго ўдзельнікі атрымалі граматы, памятныя сувеніры, кветкі, апладысменты ад гледачоў.

Таццяна Гогалінская, старшыня Беларускага таварыства “Вербіца”,

г. Дагда, Латвія

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter