Вышыня прыгажосці “Алмаза”

З агляднай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі адкрываюцца цудоўныя краявіды Мінска. Ды і сама бібліятэка ўражвае шматлікіх турыстаў і чытачоў.У верасні ў Беларусі штогод адзначаецца Дзень бібліятэк. Свята з’явілася ў 2001 годзе паводле Ўказа Прэзідэнта, а дата — 15 верасня — выбрана ў гонар заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, якая існуе з 1922 года. Зрэшты, першыя кнігасховішчы ствараліся ў Беларусі і ў ХІ стагоддзі: пры цэрквах і манастырах. Цяпер у краіне каля 9 тысяч бібліятэк, мы ж звернем увагу на самую буйную з іх.
З агляднай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі адкрываюцца цудоўныя краявіды Мінска. Ды і сама бібліятэка ўражвае шматлікіх турыстаў і чытачоў.

Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — каштоўнае ўпрыгажэнне МінскаУ верасні ў Беларусі штогод адзначаецца Дзень бібліятэк. Свята з’явілася ў 2001 годзе паводле Ўказа Прэзідэнта, а дата — 15 верасня — выбрана ў гонар заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, якая існуе з 1922 года. Зрэшты, першыя кнігасховішчы ствараліся ў Беларусі і ў ХІ стагоддзі: пры цэрквах і манастырах. Цяпер у краіне каля 9 тысяч бібліятэк, мы ж звернем увагу на самую буйную з іх.
Наша газета пісала нядаўна, што паводле амерыканскага інтэрнэт-выдання Flavorwire, якое заснавалі выдаўцы і кінапрадзюсеры свету, Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўвайшла ў топ-20 самых фантастычных архітэктурных пабудоў свету. Што ж, яскравы прыклад таго, як прыгожае — ці амаль фантастычнае! — бачыцца на адлегласці. Мінскія архітэктары і будаўнікі даўно ўмеюць рабіць адметныя збудаванні, якія здзіўляюць і маштабнасцю, і ўнікальнасцю формаў. Згадаем хаця б Камароўскі рынак, новы энергаэфектыўны жылы дом на вуліцы Ложынскай, 5 у мікрараёне “Уручча”, жылы дом “Ветразь” ці “Крышталь” — офіс Беларускай калійнай кампаніі. У тым шэрагу і Нацыянальная бібліятэка. Хоць называюць яе “Алмаз”, але спецыялісты сцвярджаюць: гэта ромбакубаактаэдр. Самы вялікі ў свеце, дарэчы, архітэктурны аб’ект такой формы. Па будаўнічым аб’ёме бібліятэка займае плошчу невялікага мікрараёна — дваццаць 9-павярховых дамоў. І яшчэ параўнанне: на кожным паверсе бібліятэкі могуць размясціцца па два мінскія стадыёны “Дынама” альбо шэсць футбольных палёў...
У лічбах беларускі “Алмаз” таксама выглядае бліскуча. Скажам, агульная даўжыня электраправодкі — 700 кіламетраў (паміж Мінскам і Масквою — 721…), даўжыня кніжных паліц — 90, а лесвіц і калідораў — 5 кіламетраў. Для аматараў чытання ёсць такая прыемнасць: у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі самая высокая ў свеце хуткасць дастаўкі кніг, патрэбную вы атрымаеце мінут праз 10-20. Для параўнання, у Парыжскай бібліятэцы Мітэрана заказ прыходзіць у сярэднім праз 75 мінут.
У “Алмаза” ёсць і іншыя бібліятэчныя рэкорды, але адыдзем ад тэхнічных і архітэктурных нюансаў. Бо 11-е месца ў рэйтынгу Flavorwire бібліятэка атрымала не толькі за маштабнасць і надзвычайны знешні выгляд, але і за наяўнасць агляднай пляцоўкі, якая ў цёплую пару года становіцца турыстычнай “мекай”. Пляцоўку зрабілі на 23-м паверсе Нацыянальнай бібліятэкі: гэта 73 метры ў неба. Вось дзе перажываеш пачуццё поўнай свабоды! Там хораша дыхаць чыстым паветрам і не спяшаючыся з вышыні птушынага палёту любавацца раскошнымі краявідамі, адкрытымі прасторамі. Можа, для кагосьці гэта і не надта высока, але, паверце, пачуццё палёту і прыліў адрэналіну ў крыві вы адчуеце вельмі хутка. Можа, яшчэ ў панарамным ліфце, які хутка ўзносіць вас на верхавіну “Алмаза”. Атракцыён экстрэмальны! Умомант закладвае вушы, а фігуркі людзей на вачах ператвараюцца ў маленькія кропкі.
Яшчэ праход па невялікай лесвіцы ўверх — і мы на пляцоўцы. Пачуццё страху змяняецца адчуваннем велізарнага захаплення і нават шчасця. Увесь Мінск як на далоні, ён каля маіх ног! Адкрываецца сапраўды фантастычны від: панарама горада і прыгарада кіламетраў на 5-7, а ў добрае надвор’е бачна яшчэ далей. Вось непадалёку Дом міласэрнасці, лявей — купал Храма-помніка Усіх Святых, за ляском — мікрараён Уручча, і Маскоўская шаша сыходзіць за небасхіл. У другі бок бачу бізнес-цэнтр “Аляксандраў Пасаж”, цэнтр горада невыразны, але па тэлевышцы пазнаеш раён Плошчы Перамогі. Свайго дома, нават у бінокль з немалым набліжэннем, я таксама не ўбачыла, хоць разгледзела вуліцу. Але ж дамоў так шмат… Крыху пачынае кружыцца галава. Ды не бойцеся: бяспека пляцоўкі старанна прадумана. Хоць мы стаім пад адкрытым небам, перыметр абгароджаны шклом: высокім, звышмоцным. Так што нават за дзяцей можна не турбавацца.
Атрымаўшы асалоду ад прыгажосці і велічы Мінска, спускаюся на паверх ніжэй. Там на 22 паверсе — круглая закрытая назіральная пляцоўка, ужо з кафэ: я налічыла больш за 40 відаў гарбаты, кавы з рознымі дэсертамі. І потым ужо спускацца ўніз зусім не страшна.
У нас з сябрамі быў выдатны настрой. Мы блукалі па дагледжаным парку вакол бібліятэкі і разважалі: як мала трэба чалавеку для шчасця… Можна ж проста “ўпасці ў неба”, падняцца над мітуснёй, адарвацца ад зямных клопатаў і праблем, атрымаць асалоду ад навакольнай прыгажосці. І востра, аж да мурашак па скуры, адчуць: жыццё — цудоўнае!

Іна Ганчаровіч

На здымку:
Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — каштоўнае ўпрыгажэнне Мінска
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter