«Вышыўка шляхецкая вельмі адрозніваецца ад вышыўкі мужыцкай»

«Рукадзельнiца» збiрае ў вольны час мясцовых жанчын самых розных узростаў, якiх аб’ядноўвае любоў да народнага мастацтва, вышыўкi, вязання. За гэтыя гады прудкоўскiя рукадзельнiцы стварылi цэлую калекцыю вышытых касцюмаў Мазырска-Тураўскага строя, якая з’яўляецца адзiнай у Беларусi i пра якую ведаюць не толькi ў нашай краiне, але i за яе межамi.

Ёсць у Наталлі Прус запаветная мара: стварыць поўную калекцыю касцюмаў Мазырска-Тураўскага строя.

«Рукадзельнiца» збiрае ў вольны час мясцовых жанчын самых розных узростаў, якiх аб’ядноўвае любоў да народнага мастацтва, вышыўкi, вязання. За гэтыя гады прудкоўскiя рукадзельнiцы стварылi цэлую калекцыю вышытых касцюмаў Мазырска-Тураўскага строя, якая з’яўляецца адзiнай у Беларусi i пра якую ведаюць не толькi ў нашай краiне, але i за яе межамi.

Больш за 20 год таму ў Прудкоўскiм сельскiм доме культуры Мазырскага раёна было створана народнае аматарскае аб’яднанне. Інiцыятыва стварэння аб’яднання належыць дырэктару Дома культуры Наталлi ПРУС, для якой народная творчасць стала амаль што сэнсам усяго жыцця. Наталля Васiльеўна 23 гады працавала выхавальніцай у дзiцячым садку i, дарэчы, мае вышэйшую катэгорыю, а таксама з’яўляецца выдатнiкам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Акрамя «Рукадзельнiцы» ў сельскiм Доме культуры створаны народны фальклорна-этнаграфiчны гурток «Валошкi». Дарэчы, у жнiўнi праходзiў рэгiянальны фестываль гарманiстаў палескага краю «Грай, гармонiк!», дзе дырэктар Дома культуры з Прудка Наталля Прус заняла першае месца ў конкурсе частушачнiкаў. Але i гэта яшчэ не ўсё. Наталля Васiльеўна — цудоўны мастак, якi шыкоўна малюе…нiткаю. I наогул, яна светлы, цiкавы i адкрыты чалавек, пасля размовы з якiм асабiста ў мяне засталося пачуццё дабрынi i ўпэўненасцi ў тым, што чалавеку падуладна ўсё, трэба толькi вельмi захацець. Яна з’яўляецца прыкладам таго, што ў вёсцы можна жыць цiкава, весела i прыгожа.

— Наталля Васiльеўна, як ствараўся ваш такi цiкавы жаночы калектыў?

— Яшчэ калi я працавала ў дзiцячым садку, мне прыйшла думка сабраць жанок, каб пасля цяжкай сялянскай працы можна было разам адпачыць, цiкава правесцi вольны час. Спачатку гэта былi звычайныя вячоркi, дзе мы спявалi, размаўлялi на розныя жыццёвыя тэмы, вучылiся адна ў адной вязаць, вышываць. Потым вырашылi займацца гэтай справай сур’ёзна i стварыць калекцыю старадаўнiх касцюмаў нашай мясцовасцi. Я сама распрацоўваю i малюю эскiзы, сама падбiраю колер. А нашы жанчыны дапамагаюць мне перанесцi ўсе гэтыя малюнкi на касцюмы. Добра i тое, што гэтыя ўборы не проста вiсяць, а надзяваюцца ўдзельнiкамi гурту «Валошкi» на розныя канцэрты, абрады, святы. Такiм чынам мы нясём народнае мастацтва ў народ.

— Чаму менавiта касцюмамi сталi займацца, а не ручнiкамi, скажам?

— Ручнiкi вышываюцца шмат дзе, у той жа Неглюбцы Веткаўскага раёна, а вось касцюмаў няма нi ў кога. I зрабiць iх складаней, чым нешта iншае. Перш чым прыступiць да вышывання касцюмаў, я перагледзела шмат старых фотаздымкаў, перавярнула бабчыны куфэркi, дазнавалася ў старых людзей. Гэтага няма ў энцыклапедыях, няма ў даведнiках… Так вось пакрыху i атрымалася карцiна мiнуўшчыны ў касцюмах, па якiх раней можна было сказаць, з якой мясцовасцi жанчына, замужам яна цi яшчэ дзяўчына, удавiца або збiраецца ў новы шлюб. Тут касцюмы сялян з Прудка i Мерабелi, яны самi па сабе вельмi цiкавыя. Некалi ў Прудку жылi сяляне, а ў Мерабелi — шляхта. Вышыўка шляхцянская вельмi адрознiвалася ад вышыўкi мужычкi. Дарэчы, родам я з Мерабелi, а хату пабудавалi з мужам у Прудку, дзе жывём ужо шмат год.

— I кожны касцюм, напэўна, абазначаў нейкую падзею ў жыццi жанчыны?

— Так, ад самага нараджэння кашуля дзiцяцi шылася з палатнянай кашулi мацi. Яна была як абярэг для дзiцяцi, перадавала яму ўсю матчыну сiлу i здароўе. Строй нявесты вёскi Прудок вышываўся парнай вышыўкай на дзве аднолькавыя кветкi па тканiне, нiбы хлопец з дзяўчынай. Колер кветак быў толькi цёплых адценняў, што гаворыць аб жаданнi кахаць i быць каханай.

Аб намеры дзяўчыны выйсцi замуж гаварылi парна вышытыя каласы на гарлавiне. Наогул, жытні колас азначаў здароўе, пладавiтасць, багацце абраннiцы. Шлюбны ўбор рабiўся ў выглядзе вяночка са стужкамi, i кола стужак гаварыла аб тым, мае дзяўчына бацьку з мацi цi не. Калi рознакаляровыя стужкi — дзяўчына мае бацькоў, а калi сiрацiна — толькi белыя стужачкi па вяночку.

Строй цяжарнай жанчыны вышываўся па ўсім полі калючымi ружамi з бутонамi, каб захаваць будучае дзiцятка i мацi ад сурокаў… Чым жанчына станавiлася сталей, тым менш на яе касцюме было колераў i кветак…

— Колькi ўсяго жанчын наведвае «Рукадзельнiцу»?

— Зараз засталося 14 рукадзельнiц, i ўсе яны вельмi цiкавыя. Самыя незвычайныя i прыгожыя работы ў Марыi Акулiч i Галiны Мартынкоўскай. Жанчыны творчыя i таленавiтыя, вышываюць так, што здаецца як набiта. Родам абедзьве з Лельчыц, i, шчыра скажу, лельчыцкая вышыўка вельмi цiкавая. Яна пераклiкаецца i з нашай вышыўкай — аднабаковай мастацкай гладдзю. Дарэчы, Галiна Мартынкоўская стварыла гурток i займаецца вышыўкай i мастацтвам бiсерапляцення з вясковымi дзяўчынкамi. Вельмi таленавiтыя вышывальшчыцы Марыя Венгура, Жанна Гароднiк i Тамара Бачарова. Яны таксама былi заснавальнiкамi нашага аматарскага аб’яднання «Рукадзельнiца», i зараз разам са мной ствараюць цяперашнюю калекцыю. Не магу не ўспомнiць тых, хто ўжо пайшоў ад нас нядаўна — Раiса Яшчыкоўская i Нiна Пашкоўская. Ручнiкi, карцiны, падузорнiкi, вышытыя iх рукамi касцюмы i зараз упрыгожваюць наш Дом культуры, i яшчэ доўга будуць радаваць людзей сваёй незвычайнасцю i прыгажосцю. Моладзь да нас ахвотна iдзе. Хочацца з маладых дзяўчат асаблiва адзначыць Юлiю Мачарняк i Таццяну Каменскую.

— Калi асабiста вы сталi вышываць? У каго вучылiся?

— Вышываць я пачала, напэўна, як толькi навучылася трымаць iголку. Мама мая добра вышывала, i менавiта ад яе я пераняла мастацтва вышыўкi. Зараз добра вышываюць мая дачка Таццяна i ўнучка Маша — дачка Танi. Ей толькi пяць год, але яе работы таксама выстаўлены ў нашым клубе.

— Так у вас атрымалася цэлая дынастыя! Дзе ўжо пабывалi з калекцыяй сваiх касцюмаў?

— Так, я лiчу што абавязкова павiнна быць пераемнасць пакаленняў. А дзе пабывалi? Шмат дзе выстаўлялася наша калекцыя касцюмаў. Былi ў Маскве, Мiнску — у Палацы Рэспублiкi, на ўсiх «Дажынках», якiя праводзiлiся ў вобласцi i краiне, у Магiлеве, Вiцебску, у Козенках, калi праводзiўся рэспублiканскi семiнар…

— Калi ж вы ўсё паспяваеце? У вёсцы i па гаспадарцы, i ў агародзе работы хапае. У вас жа, напэўна, ёсць асабiстае падвор’е?

— Як жа ў вёсцы без асабiстай гаспадаркi? У мяне ёсць куры, гусi, качкi, свiнаматка з парасятамi. Усё жыццё трымала па дзве каровы, толькi два гады як здала — няма здароўя. Агарод свой, соткi ў полi, як i ва ўсiх. Паспяваць трэба, а як жа? Проста так сядзець без справы не магу, нават тэлевiзар гляджу з вышыванкай.

— Ведаю, што вы добра спяваеце, i калектыў «Валошкi» ўзнагароджаны ганаровай граматай ад Мазырскай сортавыпрабавальнай станцыі, дзе вас лiчаць сваiмi.

— Так, нашы сцэнiчныя пляцоўкi не толькi ў палацах культуры. А i на фермах, у полі на зажынках i дажынках… Даяркi ўжо чакаюць такiх дзён культуры з «Валошкамi» ў самабытных касцюмах. Песня ўмацоўвае працоўны дух, падымае настрой, дапамагае дабiцца высокiх намалотаў, вялiкiх надояў… Дарэчы, наша сортавыпрабавальная станцыя — не апошняя ў раёне. Работнiкi нашага Дома культуры не цураюцца нiякай працы. Калгасны сад закладвалi — i мы з усiмi, буракi палоць трэба — узялi капанiчкi i папалолi… Усе мы ад зямлi, жывём у вёсцы, падпiтваемся сокамi зямлi i таму заўсёды разам з тымi, хто на ёй працуе.

— Як  вы, Наталля Васільеўна, лiчыце, што галоўнае ў жыццi? I вашы задумкi на будучае?

— Галоўнае для мяне, як, напэўна, i для кожнай жанчыны, што я самарэалiзавалася як мацi, як бабуля — у мяне двое ўнукаў. А чаго жадаю на будучае? Хачу вывучыць, стварыць i давесцi калекцыю Мазырска-Тураўскага строя да канца. 18 касцюмаў, якiя мы маем, — гэта яшчэ далёка не ўсё. Хачу, каб мая справа не канула ў Лету, а знайшла жыццё надалей. Мая самая вялiкая мара, каб мае дачка i ўнучачка працягнулi гэтую справу. Лiчу, што пакуль мы будзем размаўляць на мiлагучнай беларускай мове, спяваць песнi нашых матуль, танчыць танцы нашых продкаў, пакуль будзем хоць калi надзяваць нашыя касцюмы, мы будзем жыць як народ, як нацыя.

Наталля ВАКУЛIЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter