Выразныя пласты старадаўняй культуры

Некалькі дзён доўжыўся дзевяты фестываль “Залатая ліра”, які штогод адбываецца ў Мінскім касцёле на Залатой Горцы
Некалькі дзён доўжыўся дзевяты фестываль “Залатая ліра”, які штогод адбываецца ў Мінскім касцёле на Залатой Горцы.

Касцёл Прасвятой Троіцы на Залатой ГорцыНайбольш апладысментаў на фестывалі сабралі фрагменты “Сапежанскага альбома”. Творы, знойдзеныя ў рукапісе, былі выкананы на аргане выкладчыцай Беларускай акадэміі музыкі Святленай Немагай. Гэтыя фрагменты сведчылі, што ў рэнесансныя і барочныя часы музыка на беларускіх землях (Сапегі – беларускі магнацкі род) вызначалася высокім узроўнем.

Параўнаць мелодыі з беларускага так званага “Полацкага сшытка” з творамі англійскіх і італьянскіх кампазітараў слухачы фестывалю маглі ў час выступлення “Сатарэлы” — ансамбля старадаўняй музыкі, створанага год таму на базе пінскай музычнай школы № 1. Нягледзячы на маладосць, госці з Палесся зачаравалі прысутных майстэрствам ігры на інструментах, практычна раней невядомых. Вырабіў іх спецыяльна для ансамбля Юрый Дубавіцкі. На змайстраванай ім ліры пранікнёна іграла мінчанка Таццяна Беліковіч.

Яшчэ адзін пласт старадаўняй беларускай культуры — кантавае спяванне — выкарыстала лаўрэатка міжнароднага конкурсу Тамара Крэмез. Яна праспявала біблейскія псальмы ў перакладзе Сімяона Полацкага і ананімны кант ХVIII стагоддзя “Ох, і жаль мне цябе”.

Завяршыўся заключны канцэрт выступленнем парафіяльнага хору “Залатая Горка”, які выканаў некалі забытыя творы Цыпрыяна Базіліка і Вацлава з Шаматул, што ўвайшлі ў “Канцыянал”, выдадзены ў Брэсце ў 1558 годзе.

Увогуле, фестываль засведчыў тое, што Беларусь мае даўнія музычныя традыцыі, якія развіваліся ў агульнаеўрапейскім рэчышчы пад уздзеяннем культурных уплываў як Захаду, так і Усходу.

Дзіяна Грышанава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter