Лета наблiжалася да сваёй спякотнай сярэдзiны. Было душна i цяжкавата целу. Канстанцiну Iванавiчу праз якую паўгадзiну ўдалося выпадкова сесцi на лаўцы аўтавакзальнага перона.
Да прыбыцця аўтобуса Глыбокае—Полацк заставалася больш гадзiны. I мужчына бавiў час у заспакоенай паўдрымоце.
Раптам наляцеў шалёны вецер. Зашамацеў ад ветру цэлафанавы пакет, у якiм ён вёз сякiя-такiя гасцiнцы сястры Манечцы, швагру Пятру ды пляменнiцы Ларысе. Шалянец-вецер як раптоўна ўзнiк, так нечакана i знiк. Усталявалася нейкая дзiвосная, ледзь не звонлiвая цiшыня, якая пачала хiлiць Канстанцiна Iванавiча на сон. Ён мог бы крышачку i падрамаць, але тут жа невядома адкуль з’явiлiся камары. Куслiвыя, лютыя. Канстанцiн Iванавiч як мог адмахваўся ад уедлiвай навалы. Але праз нейкiя хвiлiны павеяў свежанькi ветрык, i мярзотнiкi камары знiклi. Канстанцiн Iванавiч правёў левай рукой па твары, быццам сцiраючы нябачны бруд, i тут перад iм вымалявалася нейкая бабуля-здань.
— Доктар! Доктар! – выгукнула яна, захлiпаючыся ад слёз.
Канстанцiн Iванавiч i сапраўды некалi быў урачом у Глыбоцкiм раёне, нават выконваў абавязкi галоўнага.
— Доктар, ратуйце! Вы ж яго выратавалi маленькiм...
Голас жанчыны-прывiду зрываўся з плачу на крык.
А Канстанцiн Iванавiч знаходзiўся ў нейкiм iдэальным стане. Яму ад доўгага пакутлiвага чакання падалося ўсё гэта не больш за галюцынацыю.
— Доктар, родненькi, ратуйце! Вы ж яго выратавалi тады, дапамажыце i цяпер!..
Канстанцiн Iванавiч не мог уцямiць, што i да чаго. Ён стараўся ўспомнiць, калi i як каго лячыў, каму рабiў амбулаторныя аперацыi, як зашыў абястлушчанымi конскiмi валасамi рану на лобiку маленькай пацыенткi Волi, i як радаваўся, калi здымаючы швы не заўважыў нават мiзэрнага шрама. Як аднойчы прыйшоў на прыём пажылы чалавек з вялiкай белай павязкай на роце. Выявiлася, што дзядуля-рыбак закiдваў спiнiнг i кручок-трайнiк грунтоўна ўпiўся яму ў верхнюю губу, якая звонку пакрывалася шыкоўнымi вусамi.
Канстанцiн Iванавiч зрабiў аперацыю, дастаў злашчасны трайнiк. А праз некалькi дзён рыбак прынёс Канстанцiну Iванавiчу двухкiлаграмовага шчупака.
— Доктар! Вы ж яго некалi выратавалi. Помнiце, мая падзяка за гэта яшчэ тады была надрукавана ў газеце «Вiцебскi рабочы».
Ад напамiну пра тую падзяку Канстанцiн Iванавiч аж здрыгануўся. Правёў далонню па твары, нiбы правяраючы, спiць ён цi не, i, нарэшце, узгадаў пра гэту бабулю i яе сына.
...У той дзень вярнулася вельмi ўстрывожаная патранажная сястра Алiна i адразу да яго:
— Доктар, у Залессi памiрае месячнае дзiця ад голаду i недагляду. Мацi, колькi яе нi ўпрошвала паехаць з хлопчыкам да нас у бальнiцу, i чуць не хоча. Трэба сёння ж забiраць. Заўтра будзе позна: малы ледзь дыхае.
Канстанцiн Iванавiч на тым жа вазку, з якога яшчэ не выпраглi кабылку Ластаўку, паехаў у Залессе. Жанчына гадоў трыццацi пяцi, адзiнокая, не кiдкая з твару ды яшчэ, як кажуць, з прусакамi ў галаве, не слухала яго, паводзiла сябе агрэсiўна, так, што давялося паклiкаць на дапамогу ўчастковага.
Жанчына ехаць адмовiлася — забралi хлопчыка аднаго. Той ледзьве дыхаў, ды час ад часу толькi папiскваў. Ад недагляду быў увесь брудны i худзенькi-худзенькi, нiбы маленькi стары. Такiх у медыцыне i называюць «старымi». Надзеi на тое, што малое выжыве, амаль не было. Дзiця адразу паклалi пад кропельнiцу з фiзрастворам i пяцiпрацэнтным растворам глюкозы. На здзiўленне ўсiм, немаўля хутка пачало папраўляцца. Калi больш-менш ачуняла, яму пачалi даваць нават мацярынскае малако, якiм дзялiлiся жанчыны з радзiльнага аддзялення. Потым сына прыехала праведаць i мацi. Медсёстры навучылi яе даглядаць малое, i яна была ў захапленнi. А калi забрала дзiця з бальнiцы, то напiсала падзяку дактарам у газету.
...Канстанцiн Iванавiч пасунуўся на край лаўкi, не ведаючы сам, цi ўцячы, цi куды схавацца ад бабулi-вар’яткi, якая кiнулася перад iм на каленi i закрычала, залямантавала на ўвесь прывакзальны перон. Некаторыя прахожыя пачалi спыняцца, трывожна пазiраючы на гэту недарэчную сцэну.
— Доктар, ратуйце! Вы ўсё можаце! – у iстэрыцы бiлася бабуля.
Канстанцiн Iванавiч не на жарт разгубiўся, не ведаючы, што рабiць i, каб хутчэй пазбавiцца ад дзiкунскай сцэны, прамовiў:
— Падымiцеся хуценька. Устаньце i не лямантуйце. Хоць я даўно ўжо не доктар, але пастараюся нешта зрабiць.
Старая iмгненна падхапiлася, вочы загарэлiся спадзеўным агеньчыкам. Кастусю Iванавiчу здалося, што яна быццам крыху памаладзела, i, счакаўшы, спытаў:
— А што ў вас ужо i дактароў няма?.. Я ж кажу: даўно не практыкую i забыўся, як лячыць.
— Ёсць, — чмыхкаючы чырвоным, як у сапраўднага выпiвохi, носам i не звяртаючы ўвагi на апраўданне Канстанцiна Iванавiча, выдыхнула старая. – Але выратуеце толькi вы, як выратавалi некалi маленькага. Вас сустрэць мне сам Бог памог, i ўся спадзеўка цяпер толькi на вас. Як яго засудзiлi, я ўся здранцвелая, без памяцi, адразу ўспомнiла вас. I во сам Бог паслаў яму збавiцеля.
— Засудзiлi? – не верачы сваiм вушам, сцiшана перапытаў ён.
— Агашкi, засудзiлi, — захлынаючыся слязамi зноў пачала галасiць жанчына.
У Канстанцiна Iванавiча мiльганула ўпэўненая думка, што старая канчаткова звар’яцела. Яна ж i тады, маладзейшая, была не зусiм у розуме.
Мужчына адчуў сябе нiякавата. Галава iшла кругам ад думкi пазбавiцца ад надакучлiвай вар’яткi. Але i клiкнуць на дапамогу каго-небудзь неяк не выпадала. I каб утаймаваць iстэрыку бабулi Канстанцiн Iванавiч пачаў пытацца далей:
— I колькi ж гадоў яму далi?
— А нiколькi.
— Дык чаго ж вы так панiкуеце, во i да мяне прысталi?
Жанчына пачала сутаргавата глытаць паветра, ненатуральна iкаючы. I толькi, калi ўчапiлася за лаўку, з яе грудзей вырваўся нечалавечы гук, падобны на крык малпы – «э-э-э». Вочы акруглiлiся, зрабiлiся вялiкiмi.
Канстанцiн Iванавiч памкнуўся збегчы, канчаткова пераканаўшыся ў ненармальнасцi знаёмай незнаёмкi, як тая, вiдаць, iнтуiтыўна аберуч, быццам абцугамi, схапiла яго за руку, адначасова стараючыся выдавiць са скрыўленага грымасай рота нейкiя словы. I ўрэшце з хуткасцю кулямётнай чаргi заякатала:
— Я-я-я-я! – раптоўна сцiшылася, як усё роўна захлынуўшыся, i выгукнула. – Я-я-яго расстраляюць!..
Канстанцiна Iванавiча быццам токам працяла, у вачах пацямнела, i ён ледзь не страцiў прытомнасць. Але ўсё ж, збiваючыся, спытаў:
— А што ён такое зрабiў?
— Забiў двух чалавек. Доктар, ратуйце. Вы добры чалавек. Толькi вы адзiн дапаможаце.
Напамiн пра паратунак неяк асвяжыў былога доктара, i ён, сам не ўсведамляючы, чаму, вельмi ж спакойна сказаў старой:
— Добра. Чакайце мяне тут. А я ў суд. Буду ратаваць.
Старая паверыла. Аж прасвятлеў яе твар, перасталi цячы з вачэй слёзы. Яна моўчкi выпусцiла са сваiх рук яго далонь i прысела на лаўку. А Канстанцiн Iванавiч, раз-пораз азiраючыся, ледзь не подбегам шмыгануў у людскую гушчэчу вакзала.
Старая сядзела на лаўцы каменным iдалам.
Праз некалькi хвiлiн падышоў аўтобус на Полацк. Сеўшы на сваё месца, Канстанцiн Iванавiч паступова пачаў прыходзiць у сябе, як усё роўна вяртацца са страшэннага i дзiкунскага сну. Але гэтае вяртанне было яшчэ страшнейшым, чым недарэчная сустрэча з бабуляй-вар’яткай. У вачах усё стаяў i стаяў хлопец-забойца, якога ён не бачыў з немаўлячага ўзросту, не ўяўляў яго твару. Страшэнныя думкi разрывалi галаву. Яны кiравалiся не толькi на аднаго хлопца-злачынцу, але i на яшчэ некага...