Выратаванне для цяжкахворых. У Беларусі з’явіцца спіс іконы, якая лечыць рак і бясплоднасць.

Сёння ў нашу краіну прывязуць спіс іконы Божай Маці “Усецарыца”, якая была створана афонскімі манахамі і асвечана на Святой гары. Пабачыць гэты абраз можна ў Свята-Міхайлаўскай царкве-крэпасці, якая знаходзіцца ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці.
— Мы спадзяёмся, што гэты спіс застанецца ў нас назаўсёды, бо ён быў напісаны спецыяльна для нашага храма, а даставяць нам яго якраз у дзень ушанавання іконы Божай Маці “Усецарыца”, — расказвае айцец Арсеній Ананка, настаяцель Свята-Міхайлаўскай царквы, протаіерэй. — Такіх пабудоў, як наш храм, у свеце адзінкі. Ён узведзены ў XV стагоддзі і з’яўляецца помнікам архітэктуры сусветнага значэння.
Паводле слоў святара, “Усецарыца” славіцца сваёй цудадзейнай сілай. У асноўным яна дапамагае вернікам, якія пакутуюць на анкалагічныя захворванні.
— Ужо былі выпадкі, калі святыня дзякуючы сваёй сіле і божай ласцы вылечвала “чуму ХХІ стагоддзя”, нават калі была чацвёртая стадыя рака. Абраз таксама дорыць радасць бясплодным жанчынам. Дзеці нараджаюцца нават у тых, хто не мог стаць маці на працягу 20 гадоў, — запэўнівае айцец Арсеній. — А наогул да “Усецарыцы” могуць прыходзіць памаліцца ўсе цяжкахворыя людзі. І яна сапраўды дапаможа тым, хто верыць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter