15 февраля — День памяти воинов-интернационалистов

Выратавальная свечка палкоўніка Арлоўскага

Коля застаўся без бацькоў, калі яму споўніўся… адзін месяц. Менавіта праз гэты час памерла ад двухбаковага запалення лёгкіх яго мама-аптэкарка Ганна з бешанковіцкай вёскі Клешчыно, якая паехала нараджаць будучага палкоўніка ў Віцебск. Малы з'явіўся на свет 19 ліпеня 1956 года. Адзінае, што жанчына паспела зрабіць для нашчадка, — даць імя ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. Пра гэта, а таксама пра бацьку Нічыпара Гапеенку, які ад роднага сына адразу ж адмовіўся і хутка ажаніўся на другой, бабуля Домна Сцяпанаўна і дзядуля Міна Пятровіч распавялі ўнуку, калі ён не хадзіў яшчэ ў Бачэйкаўскую сярэднюю школу, дзе набываў потым першапачатковыя веды. Усынавіць малога, якога забралі з абласнога дома дзіцяці, старыя ўжо не мелі права з-за ўзросту, і гэта зрабіла іх дачка Еўдакія. Так Мікалай стаў Арлоўскім, дванаццатым дзіцём у сям'і, якая ўсё жыццё даглядала спецыфічна хворую, нядужую, слабую сястру гаспадыні Ганну. Сваю непаўторную бабулю Мікалай літаральна абагаўляў, лічыў і называў роднай мамай да самых апошніх яе дзён. Яна ж звярталася да яго  «сыночак». Цярпліва і «правільна» выхоўвала, не шкадуючы ні часу, ні намаганняў, ні здароўя.

Цягам многіх няпростых для сям'і гадоў гэтая працавітая, добрасардэчная і паблажлівая жанчына рабіла ўсё магчымае, каб сын-унук стаў добрым чалавекам. Бо добраму, заўважала яна, добра і ў запечку, а благому блага і на куце. Разам з мужам, якому ўнук у свае 13—14 (!) гадоў (да яго смерці ў 1971-м) рабіў уколы, яна вучыла Міколку не саромецца і не баяцца ніякай працы, імкнуцца рабіць любую справу як мага лепей, дасканалей і прасіла пастаянна вучыцца. Калі з вучобай узнікалі складанасці, на дапамогу адразу ж кідаліся цётка Еўдакія, якая пражыла ўсяго 47 гадоў, і дзядзька Валодзя. Апошні, пасля смерці Міны Пятровіча забраў юнака да сябе ў абласны цэнтр, дзе яго чакала ПТВ-37 машынабудавання імя М. П. Шмырова.

Пасля вучылішча малады аўтаслесар-матарыст здзіўляў майстэрствам (памятаў наказ маці-бабулі!) не толькі тых, з кім шчыраваў побач, але і ўсю 2432-ю аўтакалону. Кіраўніцтва і калектыў ганарова, з пашанай, цёплымі словамі праводзілі яго на службу ў даволі вядомую вучэбку ў Печах, адкуль ён трапіў сяржантам у мотастралковую дывізію ў Брэсце. Даваў 9 мая 1975-га ў крэпасці-героі салют у гонар юбілею Вялікай Перамогі над фашысцкімі захопнікамі.

Яшчэ ў Печах Мікалай падаў рапарт на паступленне ў Адэскае вышэйшае артылерыйскае каманднае ордэна Леніна вучылішча імя Фрунзе. У 922-і полк 20-й дывізіі Маскоўскай ваеннай акругі ён прыехаў камандзірам артылерыйскага ўзвода. Стаў сапраўдным афіцэрам, з якога бралі прыклад не толькі падначаленыя, але і калегі па службе.

У красавіку 1981-га, калі ў Афганістане ўжо другі год ішла кровапралітная вайна, Масква сустракала каля 250 новых афіцэраў ваеннай акругі. У іх ліку — трох прадстаўнікоў дывізіі, у якой служыў Мікалай. Са свайго артылерыйскага палка ён быў адзін. Падчас размяшчэння ў інтэрнаце акруговага штаба пазнаёміўся з афіцэрам-танкістам Аляксандрам Маславым, побач з якім праз дзень сядзеў і слухаў на пасяджэнні камандуючага акругай героя Вялікай Айчыннай генерал-палкоўніка Пятра Георгіевіча Лушава. Акрамя напаміну пра службовы, грама­дзянскі, інтэрнацыянальны доўг і абавязак, той пажадаў шчаслівай дарогі ў ДРА, паспяховага выканання пастаўленых задач і вяртання жывымі дадому.


На зваротной дарозе ў інтэрнат Мікалай прапанаваў новаму сябру зайсці ў мясцовую царкву, паставіць свечкі за апошнія словы камандуючага і памаліцца за сваё выжыванне ў чужой, далёкай і зусім невядомай краіне. Узгадаў, як у куце роднай сялянскай хаты падчас нечаканай хваробы за яго малілася Мікалаю-ўгодніку маці-бабуля. Але невялікі будынак аказаўся на замку. Хацелі ўжо пайсці далей, як побач з'явілася вельмі падобная на маці-бабулю (здзіўленню не было межаў!) жанчына і насцярожана, дапытліва і… прадбачна пагля­дзела Мікалаю ў вочы. Ён крыху сумеўся, але хуценька назваўся і сказаў, як завуць таварыша. Дастаў 25 рублёў (вялікія на той час грошы!) і далікатна папрасіў жанчынку, бо нямашака часу чакаць адкрыцця храма, здзейсніць праваслаўнае набажэнства. «Беражы вас або­двух Божа!» — адказала бабулька і паабяцала зрабіць усё, што трэба. А праз хвілінку дадала: «А ты, Мікалай, калі дзе далёка захварэеш, дык там не лячыся, адразу ж спяшайся да роднага дому, толькі там выратаванне!..» 


У другой палове чэрвеня 1981-га беларус прыляцеў на Іл-76 з Ташкента ў Джалалабад у якасці камандзіра агнявога ўзвода артылерыйскай батарэі 66-й асобнай мотастралковай брыгады, якая вяла ў Афгане самыя кровапралітныя баі. Яна кантралявала правінцыі Нангархар, Кунар і Лагман. Падраздзяленне Мікалая, які пасля адной з баявых аперацый цудам застаўся жывым, мужна і эфектыўна прымала ўдары банд, сфарміраваных у Пакістане, да якога было ўсяго 15 кіламетраў. 

Пасля трынаццатай крывавай сутычкі камандзір захварэў у цяжкай форме на жаўтуху. «Бабулька просьбу выканала, — думаў ён па дарозе ў роднае Клешчыно, куды кіраваўся, замест санаторыя, пасля ваеннага шпіталя ў туркменскім Нэбіт-Дагу. — Усё-ткі нейкая вышэйшая сіла ў сусвеце ёсць». На радзіме пляменніца мамы-бабулі Аляксандра Доўгая далечвала героя вёскі сваімі травянымі адва­рамі. А ён, шчаслівы, не мог і ўявіць, што бачыць сваю ўлюбёную мамульку ў апошні раз. 

Яна памерла з яго імем на вуснах 9 красавіка 1982-га, роўна за месяц да ўручэння сыну за мужнасць і адвагу ордэна Чырвонай Зоркі. 

Пасля атрыманай з радзімы горкай звесткі Мікалая адпусцілі на пахаванне, але дабрацца дадому ў пару ён, як ні стараўся, на вялікі жаль, не паспеў. «Добра, што своечасова захварэў», — падумалася. Пазней, у снежні 1988-га, камандзір самаходна-артылерыйскага дывізіёна вучэб­нага цэнтра Маскоўскай ваеннай акругі маёр Арлоўскі атрымае медаль «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа» і грамату Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Член Ваеннага савета 40-й арміі ўручае старшаму лейтэнанту Мікалаю Арлоўскаму ордэн Чырвонай Зоркі, Джалалабад, май 1982 г. 
 Мікалай Арлоўскі (у цэнтры) перад баявой аперацыяй (усіх было 60), правінцыя Лагман, жнівень 1982 г.


А ў 1982-м сваё хуткае вяртанне да саслужыўцаў старшы лейтэнант Арлоўскі адзначыў тым, што ўжо праз тры дні прыняў самы актыўны ўдзел у знішчэнні чарговага каравана са зброяй. Ён добра разумеў: чым больш варожых груп з непажаданым узбраеннем брыгада раздзяўбе, тым менш шкоды наробяць духі ў цэнтральных раёнах краіны. Пры гэтым ніколі не думаў пра тое, што адзін месяц службы ідзе за два, як і пра рознага кшталту ўзнагароды.

— Дый некалі пра гэта было ні думаць, ні разважаць, — узгадвае Мікалай Нічыпаравіч. — Трэба было не толькі знішчаць караваны, але і ратаваць іншых, як у выпадку з нашым дэсантна-штурмавым батальёнам, трапіўшым у душманскае акружэнне. З гор, што ўзвышаліся, духі заціснулі хлопцаў з двух бакоў, і мы павінны былі іх вызваліць. Я тады застаўся замест параненага Жэні Ярафеева старшым камандзірам на батарэі, менавіта так называлася пасада.
Разам з камандзірам артдывізіёна маёрам Шаўчэнкам мы абхітрылі духаў. Ноччу зрабілі марш-кідок тэхнікі на 15 кіламетраў і ўранні выскачылі на плато, адкуль абрынулі на агнявыя пазіцыі і галовы непрыяцеля з шасці гармат Д-30 невыносны для яго смяротны агонь. У выніку сустрэліся з радаснымі дэсантнікамі ў нізіне!
Яны шчыра дзякавалі, а мы глядзелі на іх і на сябе і ганарыліся зробленым.

Для камандзіра супрацьтанкавай батарэі Мікалая Арлоўскага 23 красавіка 1983 года — апошні дзень Афганскай вайны. Са штаба МВА ён паехаў у ваенны гарадок Муліна Горкаўскай вобласці, дзе прыняў вучэбную супрацьтанкавую батарэю. Потым было яшчэ многа і самых розных прызначэнняў, і гарнізонаў, гады самаадданай працы на камандных пасадах.

Вядомага спецыя­ліста-выхава­целя, які пераканана лічыў і даказваў, што поспех у любой справе найперш гарантуе належная дысцыпліна, у 1995-м пры­значылі, для ўзмацнення, ваенным камендантам Цвярскога гарні­зона. Першае, што зрабіў пал­коў­нік на новай пасадзе, — наладзіў работу з тымі, каго накі­роў­валі ў Чачню. Ваеннаслужачых пачалі правяраць на прадмет правозу зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, наркотыкаў. Нездавальняюча пра­ца­валі каравулы, началь­нікі якіх пры­ходзілі на месца нібы на катаргу. Свае абавязкі яны і іх падначаленыя ведалі дрэнна... Сам распрацаваў новы штат супрацоўнікаў, які ў кароткія тэрміны палепшыў агульную справу. На гэта адразу ж звярнулі ўвагу і губернатар вобласці Уладзімір Платаў, і начальнік Генштаба МВА генерал-палкоўнік Мікалай Макараў. Да 2003 года, пакуль у руля быў Арлоўскі, камендатура працавала практычна без выхадных…

Пасля заканчэння службы Мікалай Нічыпаравіч шчыраваў на розных грамадзянскіх пасадах. У 2009-м ён канчаткова пераехаў у Віцебск, адкуль рэгулярна наведвае сваё Кле­шчыно, дзе дом сяброўкі дзяцінства Жанны стаў для яго такім жа родным, як і дом мамы-бабулі…

Уладзімір БАРЫСЕНКА.

Фота з асабістага архіва Мікалая АРЛОЎСКАГА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter