Вырашай, як будзеш паступаць! Сёння “НГ” друкуе для абмеркавання падрыхтаваны Мiнiстэрствам адукацыi праект доўгатэрмiновых правiлаў прыёму ў ВНУ краіны.

Абiтурыенцкая кампанiя ў краiне, дзе вышэйшая адукацыя даўно стала масавай, з’ява нацыянальнага маштабу.
У кожнай беларускай сям’i знойдуцца сапраўдныя, былыя цi будучыя студэнты i “група iх маральнай падтрымкi” ў асобе прадстаўнiкоў старэйшых пакаленняў.
Таму ў тым каб правiлы прыёму ў ВНУ былi адзiныя, правераныя часам i доўгатэрмiновымi, без перабольшання, зацiкаўлена ўся краiна.
Па даручэннi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Аляксандра Лукашэнкi Мiнiстэрства адукацыi распрацавала праект правiлаў прыёму ва ўстановы, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi, на 2006 i наступныя гады.
— У iх улiчаны пазiтыўны вопыт i ўрокi ўступных кампанiй папярэднiх гадоў, — сказаў “НГ” начальнiк упраўлення вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Юрый МIКСЮК. — Асноўныя палажэннi правiлаў ужо правераны часам. Многiя з iх дзейнiчалi ў апошнiя гады, заслужылi прызнанне i разуменне ў педагогаў, абiтурыентаў i iх бацькоў.
Але я рэкамендую ўсiм уважлiва праект перачытаць: у iм шмат удакладненняў, а некалькi пунктаў прынцыпова адрознiваюцца ад правiлаў прыёму, якiя дзейнiчалi гэтым летам. Так, упершыню прыём на завочныя аддзяленнi ВНУ прапануецца весцi на тых жа ўмовах, што i на дзённую форму навучання. Упершыню ў абiтурыентаў, што паступаюць  на ўсе, а не толькi медыцынскiя спецыяльнасцi, прапануецца прымаць сертыфiкаты цэнтралiзаванага тэсцiравання па ўсiх прадметах, уключаючы профiльныя.
Паводле слоў Мiксюка, праект правiлаў — праца вялiкай колькасцi экспертаў з мiнiстэрства i вышэйшых навучальных устаноў. У працэсе абмену думкамi, здаралася, удзельнiкi абмеркавання выказвалi дыяметральна процiлеглыя пункты гледжання. “Iсцiна” нараджалася ў дыскусiях, i ўсе меркаваннi аўтары праекта старалiся ўлiчыць.
Перад тым як праект будзе падпiсаны кiраўнiком дзяржавы i набудзе сiлу закона, сваё меркаванне аб гэтым дакуменце могуць выказаць усе жадаючыя. Разам лягчэй шукаць  аптымальны варыянт уступнай кампанii, рабiць яе яшчэ больш адкрытай, а самi правiлы — стабiльнымi i доўгатэрмiновымi.
Свае заўвагi i прапановы можна накiроўваць у рэдакцыю па пошце (з адзнакай “Правiлы прыёму”) цi на электронны адрас irina@ng-daily.com.
Iх прымае таксама Мiнiстэрства адукацыi па адрасу 220010, г.Мiнск, вул.Савецкая, 9, або па факсу 200-84-83 з адзнакай “Правiлы прыёму”), або па тэл. 200-60-62, 200-62-72, а таксама па электроннаму адрасу root@minedu.unibel.by.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter