Вырас «Верас» ля дарогі

Ні адзін з прадпрымальнікаў не рызыкнуў адкрыць краму на ўскрайку...

Мікрараён у межах вуліц Будаўнікоў і Максіма Багдановіча ў Паставах самы малады і перспектыўны. Тут і цяпер прадаўжаецца жыллёвае будаўніцтва, а колькасць жыхароў перавысіла 500 чалавек. Будучых навасёлаў прыцягвае прастора, суседства ўрочышча Сасноўка, дзе шмат ягад і грыбоў і ў любую пару года можна прыемна адпачыць. Але была і вялікая нязручнасць — адсутнасць магазіна.

Ні адзін з прадпрымальнікаў не рызыкнуў адкрыць краму на ўскрайку горада. Гэта, як і на сяле, зрабіла раённае спажывецкае таварыства. Яго кіраўніцтва найперш улічвала інтарэсы жыхароў мікрараёна, але мела на ўвазе і тое, што пабудаваная гандлёвая кропка будзе мець статус аб’екта прыдарожнага сэрвісу, бо непадалёк размяшчаецца сучасная аўтазаправачная станцыя, а побач пралягае дарога да мяжы з Літоўскай Рэспублікай.

Магазін-церамок “Верас” вырас ля дарогі за лічаныя месяцы і нядаўна прыняў пакупнікоў. Гэта першы праект, ажыццёўлены пастаўскімі кааператарамі па праграме “Крокавая даступнасць”. Магазін адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў невялікімі памерамі і сценамі з драўляных брусоў, якія захавалі свой непаўторны лясны водар. Заказ па вырабе зруба выканала мясцовая камерцыйная фірма “Гатэр”. Усё астатняе, у тым ліку з густам добраўпарадкаваная тэрыторыя, — справа рабочых і спецыялістаў будаўнічага ўчастка рай­спажыўтаварыства. Выкарыстанне мясцовых матэрыялаў, а гэта на ­99 працэнтаў драўніна, нарыхтаваная самімі, намнога сэканоміла грашовыя сродкі. “На ўзвядзенне магазіна выдаткавана 80 мільёнаў рублёў. Танней не бывае”, — канстатаваў старшыня праўлення райспажыўтаварыства Рыгор Леўкавец.

У магазіне сучаснае, кампактнае абсталяванне, якое мае вялікую плошчу адкрытай выкладкі, 90 працэнтаў у таварнай масе займае харчовая прадукцыя ў асноўным айчыннай, у тым ліку ўласнай, вытворчасці. Гэта цэльнамалочныя, кандытарскія, хлебабулачныя, каўбасныя вырабы, рыба і многае іншае, што неабходна чалавеку кожны дзень. Асартымент будзе абнаўляцца з улікам пажаданняў пакупнікоў. Ужо сёння, напрыклад, бачна, што ёсць попыт на дзіцячае харчаванне, бо ў мікрараёне шмат маладых сем’яў.

Апраўданым аказалася і тое, што (няхай сабе і ў невялікай колькасці) знайшлося месца для нехарчовых і спадарожных тавараў. Рэгіна Акялян і Валянціна Шуранава, якія тут працуюць, робяць усё для таго, каб радасць наваселля надоўга захавалася ў людзей.

------------------------------------------

Ад магазіна крокавай даступнасці — да супермаркета

Каментарый старшыні праўлення раённага спажывецкага таварыства Рыгора Арсенцьевіча ЛЕЎКАЎЦА:

— Сістэма спажывецкай кааперацыі заклікана задавальняць патрэбы мясцовых жыхароў. Для нас гэта задача была і застаецца галоўнай. Яе вырашэнне закладзена ў праграмах далейшага развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы, удасканалення і паляпшэння гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. Новы магазін крокавай даступнасці “Верас” — чарговы, але далёка не апошні гандлёвы аб’ект. У гэтым годзе па просьбе пайшчыкаў праведзена маштабная рэканструкцыя магазіна “Явар” у вёсцы Ляхаўшчына — цэнтры філіяла “Нафтазаводмантаж-агра”. Тавараабарот у ім узрос у 2,5 раза.

У хуткім часе адбудзецца наваселле ў рэканструяваным магазіне вёскі Навінкі, дзе размяшчаецца вядомы ў рэспубліцы рыбгас. Пры яго абнаўленні таксама выкарыстаны мясцовыя будаўнічыя матэрыялы, а ў назве і афармленні, добраўпарадкаванні тэрыторыі будуць прысутнічаць матывы, звязаныя з гэтым рыбацкім краем.

Усё больш выразныя абрысы набывае аб’ект грамадскага харчавання ў мікрараёне пятага гарадка. Ён узводзіцца ў прыгожым месцы, у стылі прыдарожнага сэрвісу. Паслугамі змогуць карыстацца жыхары як гэтага, так і мікрараёна вуліцы Юбілейнай, а таксама вадзіцелі-дальнабойшчыкі, усе, хто накіроўваецца або вяртаецца пасля адпачынку з азёрнага Браслаўскага краю. У Паставах у раёне цэнтральнай райбальніцы пачата ўзвядзенне самага буйнога ў горадзе супермаркета плошчай да тысячы квадратных метраў.

У снежні сваю прадукцыю выдасць новы кандытарскі цэх магутнасцю да 3 тон вырабаў за суткі. Яго абсталяванне завяршаецца на вызваленых плошчах хлебазавода камбіната кааператыўнай прамысловасці. Тут, як і на іншых аб’ектах, усе будаўнічыя работы выконваюцца ўласнымі сіламі, без прыцягнення падрадных арганізацый.

Неад’емнай часткай рэканструяваных і наноў узводзімых прадпрыемстваў гандлю з’яўляецца стварэнне максімуму зручнасцей для пакупнікоў і прадаўцоў, прывабных, арыгінальна аформленых тэрыторый. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter