У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, нягледзячы на разгар Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, ужо на ўсю моц рыхтуюцца да Вялікага навагодняга балю.

Выкшталцона мазурка

Па цудоўнай традыцыі, закладзенай пяць гадоў таму, у ноч на 14 студзеня Вялікі тэатр запрашае сустрэць у сваіх сценах стары Новы год. Ён прапануе здзейсніць падарожжа ў мінулае і паспрабаваць свае сілы ў такіх старадаўніх танцах, як паланэз, вальс-мазурка, полька і іншых. Тым, хто сумняваецца ў сваіх танцавальных здольнасцях, тэатр прадстаўляе ўнікальную магчымасць бясплатна атрымаць урокі харэаграфіі. Галоўнае — не забыць пра дрэс-код. Для мужчын гэта смокінг, фрак або строгі касцюм. Для жанчын — шырокая бальная сукенка ў падлогу.


Акрамя танцавальнай праграмы гасцей балю чакаюць святочны канцэрт “Навагодні экспрэс”, выступленні музычных калектываў, паэтычны салон “Служэнне муз”, астралагічны салон, стылізаваныя кавярні. Да прыкладу, у “Таямніцах Парыжа” будуць трансліравацца шэдэўры нямога кіно: выдатныя старыя чорна-белыя кінастужкі, фільмы братоў Люм’ер і знакамітыя “Агні вялікага горада” з Чарлі Чаплінам. А ў кавярні “Агні Манхэтэна” размесцяцца фотазона і джазавы калектыў. Паколькі асновай балю стане тэма чароўнага “Навагодняга экспрэса”, глядзельная частка і фае тэатра ператворацца ў імправізаваныя вакзальныя станцыі і гарадскія вулачкі розных краін. У італьянскім куточку будуць гаспадарыць мастакі, жанглёры і мімы, а ва ўсходнім госці пагрузяцца ў чароўны свет Усходу.

З кожным годам Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатры набывае ўсё большую папулярнасць. Летась сярод яго ўдзельнікаў можна было ўбачыць не толькі беларусаў розных узростаў, але і гасцей з суседняй Расіі і нават з далёкага Лос-Анджэлеса. Відаць, сёлета на тэатралізаваным балі будзе не менш шматлюдна — білеты на яго ўжо амаль раскуплены.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter