У пастаўскім ААТ “Навасёлкі-Лучай” зноў амаль тысячны статак застанецца зімой у полі

Выгадныя быкi

У пастаўскім ААТ “Навасёлкі-Лучай” зноў амаль тысячны статак застанецца зімой  у полі
ЯШЧЭ дзесьці ў сярэдзіне мінулай зімоўкі жывёлы наша газета расказвала аб тым, што ў “Навасёлкі-Лучай” Пастаўскага раёна  амаль тысячны статак бычкоў застаўся ў полі, на снезе.  Нашы чытачы цікавяцца: ці выжыла жывёла ў зімовую халадэчу, што прынёс гаспадарцы такі эксперымент?


Галоўны заатэхнік Іван КІСЕЛЬ каля “зімовых” бычкоў.

ЗНОЎ еду ў Навасёлкі.  Першая добрая прыкмета — дырэктар гаспадаркі Юрый Шымчык на сваім месцы. Калі б што здарылася кепскае, яго б там, па ўсёй верагоднасці, ужо  не было б.  Сказаў яму пра гэта, ён толькі ўздыхнуў:

— Клопаты з гэтымі быкамі.

— Пахварэлі ці яшчэ што горш?

— Не, перазімавалі выдатна. З гуртоў, а ў кожным было пад 300 і больш быкоў, выбыла толькі па 3—5 галоў, і то з-за дробных траўм. Здалі іх на санубой. Астатнія набралі вагу па 540 кілаграмаў і вышэй.

— Дык у чым жа тады праблема?

— А якраз у вазе і пытанне. Трэба ўгледзець, каб бык не перасягнуў за 600 кілаграмаў, бо ў такім разе пойдзе на мясакамбінат танней на тысячы чатыры рублёў за кілаграм. Вось і валтузімся...

— А які прыбытак прынеслі “зімовыя” бычкі?

— Рэнтабельнасць па статку склала 24  працэнты. 

Іван  Кісель працуе  галоўным заатэхнікам у “Навасёлках-Лучай” больш за трэць веку. Яшчэ дзясятак год таму назад  разам з Героем Сацыялістычнай Працы Алегам Валадзько яны пачыналі гэту рызыкоўную справу — перавод бычкоў на круглагадовае ўтрыманне ў полі. Як прызнаецца Іван Мар’янавіч, паджылкі трохі трэсліся, бо зімы тады былі даволі суровыя, не такія як зараз, і маразы даходзілі ў асобныя дні да 40 градусаў. Для “падстрахоўкі” тады ў полі для жывёлы са спрасаванай саломы цэлае збудаванне зрабілі, падобнае на хлеў.  У наступныя гады гэта ўжо не спатрэбілася, выкладвалі з рулонаў  саломы дзве сцяны, каб было жывёле дзе схавацца ад моцных вятроў і завей. 

РАЗАМ з Кісялём едзем у аддзяленне “Коўзаны”. Неўзабаве на ўзгорку адкрываецца прыгожая карціна: на полі паходжваюць, нібыта волаты, быкі. Нават трохі боязна вылазіць, і я, на ўсялякі выпадак, пакідаю адчыненымі дзверцы:

— Ці не парвуць тоненькую драціну агароджы, —  пытаю ў Івана Мар’янавіча.

— Не, — супакойвае ён. — Генератар дае даволі моцныя імпульсы току. — Гэта апошні “зімовы” гурт. З папярэдніх жывёлу даўно здалі на мясакамбінат. Бачыце, бычкі ўгадаваныя, вагою па 540—550 кілаграмаў. Утрымліваюцца яны цяпер у сектары плошчай  15 гектараў. Зімою пашыраем яго да 40 гектараў. Магутнасць генератара на агароджы, які выпрацоўвае імпульсы, забяспечвае поўную захаванасць жывёлы. Кормім жывёлу кормасумесямі, у якія ўваходзіць сенаж, злакава-бабовыя травы і кукурузны сілас. Заўважу, што кукурузу мы высяваем  на 900 гектарах і нарыхтоўваем  25—30 тысяч тон сіласу —  хапае на круглы год. У летні перыяд дабаўляем да кормасумесяў 30 працэнтаў зялёнай масы. Сыплем камбікорм, зроблены на сваёй мабільнай устаноўцы. Выдаём  корм  кормараздатчыкам  у спецыяльна зробленыя для гэтага карыты. Кармленне — двухразовае, па меры таго, як з`ядуць.

Прывагі  высокія, асабліва з ранняй вясны, пачынаючы з сакавіка і да чэрвеня.  Сярэднесутачныя ад кілаграма 300 грамаў і да 1,5 кілаграма. Жывёла прыбывае прама на вачах. У зімовы перыяд сярэднесутачныя прывагі ніжэйшыя: ад 700 грамаў і вышэй. Калі рабілі аналіз ад вываду статка на поле і да здачы на мясакамбінат, то атрымлівалася сярэднесутачная вага за перыяд зіма-лета 960 грамаў — кілаграм. Аднак сабекошт прадукцыі ў полі куды ніжэйшы, чым  у памяшканні. Увесь палявы статак у 700 галоў абслугоўваюць  два чалавекі: механізатар, які падвозіць кармы  і ваду, і даглядчык.

Першы гурт мы здалі яшчэ ў красавіку-маі. Сярэдняя вага кожнай жывёліны атрымалася 550 кілаграмаў. Сёння на палявым утрыманні знаходзяцца  4 гурты, у якіх 970 бычкоў вагою ад 170 да 250 кілаграмаў.  Статак на зіму фарміруем і выводзім у поле летам або ў пачатку восені, каб жывёла прывыкла, адаптавалася да холаду. Яшчэ адзін важны момант — племянная работа. Нашы бычкі на першы погляд як бы звычайныя, чорна-пярэстай пароды. Але мы ведаем, хто ў кожнага “бацька” і “маці”.

ГАЛОЎНЫ эканаміст гаспадаркі Таццяна Шэршань адназначна заяўляе: утрыманне бычкоў у полі круглы год надзвычай выгадна. Свае словы яна падмацоўвае лічбамі: сабекошт аднаго кілаграма “палявога” бычка складае  15 тысяч 266 рублёў, а выгадаванага ў памяшканні – 22 тысячы. А на некаторых фермах дасягае да 27 тысяч. Рэнтабельнасць “палявых” бычкоў 24 працэнты. У памяшканнях – мінус 5,9. Летась была мінус 6,6 працэнта. Карацей кажучы, у хляве страты.

Таццяна прывяла прыклад і па канкрэтнаму “палявому” гурту “Пагорцы”. У ім было 322 бычкі ад 8 да 10 месяцаў, сярэдняй вагой 208 кілаграмаў кожны, калі пачыналася зімоўка. Агульная вага жывёлы ў гурце складала 66 тон 940 кілаграмаў. На мясакамбінат здалі 315 быкоў, кожны важыў у сярэднім па 533 кілаграмы. Такім чынам кожная жывёліна за дзень на працягу года прыбывала па аднаму кілаграму 83 грамы. Рэнтабельнасць — 30 працэнтаў!

Цяжка паверыць, праўда? Але ж многія спецыялісты вобласці і рэспублікі пабывалі ў Навасёлках і самі маглі пераканацца ў справядлівасці сказанага. Тут у мінулым годзе нават абласны семінар праходзіў, дарэчы, не першы.

Вось толькі ўкараніць “навасёлкаўскі” метад гадоўлі жывёлы пакуль што вельмі мала каму ўдаецца. Большасць кіраўнікоў і спецыялістаў, з кім даводзілася на гэту тэму гаварыць, спасылаліся на адзін фактар: маўляў, добра гадаваць, калі ёсць брага.  Але ведаю, што і той брагі не было, а статак трымалі ўсё роўна ў полі, толькі ваду падагравалі.

ДЫК у чым жа справа? На гэты конт пацікавіўся ў Героя Сацыялістычнай Працы Алега Адольфавіча Валадзько.  Вось што ён у прыватнасці сказаў:

— Адсутнасць належнага жадання  вытрымаць кожны момант тэхналогіі. 

Дарэчы, нядаўна да Алега Валадзько завіталі вучоныя з Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь і прапанавалі аформіць патэнт на яго метад утрымання бычкоў у полі круглы год...

Уладзімір САУЛІЧ, “СГ”

saulich@bk.ru.

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter