Вёска жыве...
19.10.2011 15:39:34
Калісьці наша вёска Сінячова кожную раніцу прачыналася ад зычнага голасу: — Вы-ы- га- ня-яй! Пастух пачынаў з канца вуліцы, і на луг выходзіў цэлы статак. Карову тады трымала ці не кожная сям’я.
Цяпер здольных весці вялікую гаспадарку ў вёсцы амаль не засталося. На выгане пуста. Але не могуць сельскія пенсіянеры сядзець склаўшы рукі, пакуль яшчэ ёсць хоць трохі сілы.
А Ядвіга Міхайлаўна Буднік жыве адна.
— Калі мы з Анікам былі маладыя, то жыўнасці ў нас быў поўны двор, — расказвае жанчына. — Трымалі карову, авечак, свіней, гусей, качак, індыкоў, курэй, трусоў, нутрый. А цяпер у мяне толькі куры засталіся ды яшчэ сабака, каб хату пільнаваць. Дзеці жывуць у горадзе, але яйкі ў магазіне не купляюць — прыязджаюць па вясковыя. Па смаку і спажыўнасці іх і параўнаць нельга з тымі, што знесены ў няволі. Людзі глядзяць на курэй толькі як на прадукт, а гэта ж жывыя істоты, і вельмі разумныя. Вясковыя куры, калі нясуцца, маюць на ўвазе будучае патомства і аддаюць яйку ад сябе ўсё самае каштоўнае. Яны не проста грэбаюцца ў зямлі, а шукаюць патрэбнае — каменьчыкі, чарвячкоў, скубуць не абы-якую траву, а выбіраюць. Яны ўвесь час гуляюць на свежым паветры, могуць пагрэцца на сонейку, пакупацца ў пяску, калі стомяцца, ідуць у куратнік. Для іх знесці яйка — інтымная справа, выбіраюць зацішны, прыцемнены куточак. Я зрабіла некалькі такіх месцаў у хлеўчыку. Ну і мяса дамашніх курэй, можна сказаць, лячэбнае, без усялякай там хіміі.
Ядвіга Міхайлаўна голасна паклікала:
— Цу-ку, цу-ку, цу-ку!
І з усіх бакоў пабеглі да яе стракатыя чубаткі.
...Так, не стала ў Сінячове кароў, але яшчэ рохкаюць у хлявах парсюкі, бегаюць па падворках куры, плаваюць у сажалцы качкі і гусі, брэшуць вечарамі сабакі. Вёска жыве...