Вёска жыве...

Цяпер здольных весці вялікую гаспадарку ў вёсцы амаль не засталося. На выгане пуста. Але не могуць сельскія пенсіянеры сядзець склаўшы рукі, пакуль яшчэ ёсць хоць трохі сілы.

Калісьці наша вёска Сінячова кожную раніцу прачыналася ад зычнага голасу: — Вы-ы- га- ня-яй! Пастух пачынаў з канца вуліцы, і на луг выходзіў цэлы статак. Карову тады трымала ці не кожная сям’я.

Цяпер здольных весці вялікую гаспадарку ў вёсцы амаль не засталося. На выгане пуста. Але не могуць сельскія пенсіянеры сядзець склаўшы рукі, пакуль яшчэ ёсць хоць трохі сілы.

— Нам   з   Валодзем  ужо за семдзесят, — расказвае Марыя Вікенцьеўна Невяроўская, — каб трымаць карову, нас ужо не стае. Дык вось козачак завялі. З імі клопатаў няшмат. Прывяжу зранку калі на ржышчы, калі ў хмызняку, а вечарам дамоў прывяду ды падаю — вось і ўсё. Дае каза два літры малачка ў дзень. Вельмі карыснае яно, асабліва для дзетак. Унукі, як прыязджаюць, то кожны адразу па два кубкі выпіваюць. А козы ядуць усё, што папала, — і кукурузу, і капусту, і буракі, і ўсякае пустазелле, нават галінкі грызуць. Так што траціцца на іх кармленне амаль не даводзіцца. Толькі саломы на подсціл трэба, дык мы сваё жыта сеем.

А Ядвіга Міхайлаўна Буднік жыве адна.

— Калі мы з Анікам былі маладыя, то жыўнасці ў нас быў поўны двор, — расказвае жанчына. — Трымалі карову, авечак, свіней, гусей, качак, індыкоў, курэй, трусоў, нутрый. А цяпер у мяне толькі куры засталіся ды яшчэ сабака, каб хату пільнаваць. Дзеці жывуць у горадзе, але яйкі ў магазіне не купляюць — прыязджаюць па вясковыя. Па смаку і спажыўнасці іх і параўнаць нельга з тымі, што знесены ў няволі. Людзі глядзяць на курэй толькі як на прадукт, а гэта ж жывыя істоты, і вельмі разумныя. Вясковыя куры, калі нясуцца, маюць на ўвазе будучае патомства і аддаюць яйку ад сябе ўсё самае каштоўнае. Яны не проста грэбаюцца ў зямлі, а шукаюць патрэбнае — каменьчыкі, чарвячкоў, скубуць не абы-якую траву, а выбіраюць. Яны ўвесь час гуляюць на свежым паветры, могуць пагрэцца на сонейку, пакупацца ў пяску, калі стомяцца, ідуць у куратнік. Для іх знесці яйка — інтымная справа, выбіраюць зацішны, прыцемнены куточак. Я зрабіла некалькі такіх месцаў у хлеўчыку. Ну і мяса дамашніх курэй, можна сказаць, лячэбнае, без усялякай там хіміі.

Ядвіга Міхайлаўна голасна паклікала:

— Цу-ку, цу-ку, цу-ку!

І з усіх бакоў пабеглі да яе стракатыя чубаткі.

...Так, не стала ў Сінячове кароў, але яшчэ рохкаюць у хлявах парсюкі, бегаюць па падворках куры, плаваюць у сажалцы качкі і гусі, брэшуць вечарамі сабакі. Вёска жыве...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter