Вёска пад вялікаю Ліпаю

Не кожная вёска мае свой уласны летапіс. Ліпнішкі — маюць!

Мясцовыя жыхары часта расказваюць гэтую легенду. Нібыта непадалек ад ракі Апіты, на якой размешчана старажытнае паселішча, жыла з матуляй дзяўчына-прыгажуня Ліпка. У яе закахаўся хлопец, якога злыя чары ператварылі ў вужа. Ён украў дзяўчыну і назваў сваёй жонкай. Жылі яны ў падводным царстве шчасліва і заможна, нажылі дзетак. Але ж маці гаравала, страціўшы Ліпку. Аднойчы дачка наведала родную хату і расказала матулі пра сваё каханне. “ А як жа заўтра ты вернешся да свайго мужа?” — пацікавілася матуля. “ На беразе рэчкі трэба сказаць мужу-вужу, каб забраў мяне”, — даверліва адказала Ліпка. Назаўтра маці прыйшла на бераг рэчкі раней за дачку. На покліч вуж адазваўся і высунуў галаву, па якой жанчына ўдарыла віламі. Вуж, ён жа хлопец-прыгажун, памёр. Паднялася страшэнная бура. Сцямнела. На рацэ ўздыбіліся хвалі, і пачуўся голас: “ Ой, матуля,  што ты нарабіла? Майго мужа забіла, а мяне загубіла!” Пасля таго як усё сціхла і заззяла сонца, там, дзе стаяла маці, з’явіўся вялікі камень, расшчэплены пазней перуном, а побач вырасла вялікая Ліпа, абкружаная мноствам маленькіх ліпак. На тым месцы сталі сяліцца людзі, а сваё пасяленне так і назвалі — Ліпнішкі...


Вёска Ліпнішкі, якая знаходзіцца непадалек ад Іўя, гэта менавіта той куток беларускай зямлі, дзе лёсы беларусаў, палякаў, літоўцаў, татар, яўрэяў, рускіх перапляліся надзвычай цесна. Гэта пасяленне вельмі старажытнае, аб чым сведчаць археалагічныя даследванні. Былое мястэчка, зараз аграгарадок, размешчана на перакрыжаванні старых гасцінцаў, якія вядуць у бок Іўя, Ліды, Геранён, Суботнікаў. Самабытныя Ліпнішкі маюць вельмі багатую гістарычную, культурную, этнаграфічную спадчыну. Тут спрадвеку жывуць цікавыя, неабыякавыя да сваёй спадчыны людзі.

“Можна нават кнігу выдаваць...”


Не ў кожным былым мястэчку могуць прапанаваць госцю патрымаць у руках яго летапіс. А Ліпнішкі свой маюць. Загадчыца мясцовага сельскага клуба Марыя Францаўна Пекша расказвае, што яго стварэнню тут найперш абавязаны паважанаму ў акрузе чалавеку былому дырэктару школы, гісторыку Генадзю Пятровічу Магільніцкаму. Менавіта ён распачаў гэтую важную справу, якую падтрымалі ўсе жыхары вёскі.
— Бадай, ніхто нават і не ўяўляў, што Ліпнішкі нашы маюць такую цікавую гісторыю, — дзеліцца ўражаннем Марыя Францаўна. — А зараз на аснове ўспамінаў і дакументальных звестак, якія ўдалося сабраць, можна нават кнігу выдаваць.
Цікава, што Ліпнішкі ў 1633 годзе пры вялікім князі Уладзіславе IV нават атрымалі ўласны герб, мелі магдэбургскае права.

Летапіс сведчыць, што да 1440 года пасяленне было дзяржаўнай уласнасцю. У 1527 годзе Вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Жыгімонт Аўгуст I падараваў Ліпнішкі Альбрэхту Гаштольду, ваяводу віленскаму і канцлеру ВКЛ. Пасля смерці сына Альбрэхта Станіслава Гаштольда, які не меў нашчадкаў, у 1542 годзе Ліпнішкі зноў вярнуліся ва ўласнасць дзяржавы. Згодна з трактатам 1768 года жыхары Ліпнішак набылі тытул мяшчан. Яны ўраўноўваліся ў правах незалежна ад канфесіі і нацыянальнасці.
За гады існавання мястэчка адчула на сабе горыч многіх войнаў, памяняла шмат уладальнікаў. Асабліва цяжка перанеслі Ліпнішкі вайну 1812 года — мястэчка было часткова спалена, загінула шмат людзей. З 1813 года для ліпнішкаўцаў зноў вярнулася прыгоннае права. Але, як сведчыць гісторыя, тут спакон вякоў жылі прынцыповыя і нязломныя  людзі. Калі ў 1856 годзе Сенат Расіі не захацеў вярнуць ліпнішкаўцам тытул мяшчан, сяляне адмовіліся выконваць паншчыну. За што многія з іх трапілі ў астрог.
З сярэдзіны XIX стагоддзя Ліпнішкі сталі  цэнтрам воласці Ашмянскага павета  Віленскай губерні і ўласнасцю паноў Вольскіх. У гэты час тут было адкрыта  народнае вучылішча, бальніца, бровар. Працавалі два піцейныя дамы, 12 яўрэйскіх крам. Штогод ладзіліся кірмашы, а кожны тыдзень — базар. Меліся свой касцёл і сінагога.
Войскі Чырвонай Арміі ўступілі ў Ліпнішкі 18 верасня 1939 года. А ў кастрычніку 1940 года Ліпнішкі сталі цэнтрам сельсавета Іўеўскага раёна Баранавіцкай вобласці. У той час тут налічвалася 205 двароў і больш за 1300 жыхароў, працавала школа, бальніца, клуб, сталовая. Тут знаходзіўся гарнізон Чырвонай Арміі. Вялікая Айчынная вайна стала яшчэ адной старонкай гісторыі Ліпнішак.

Да Казіміра-заступніка

Калі вы трапілі ў Ліпнішкі, абавязкова наведайце мясцовы касцёл Святога Казіміра, які з’яўляецца даволі незвычайнай з’явай у архітэктуры неагатычнага стылю. Манументальны і велічны храм, які, здаецца, узносіцца да нябёс, нават знешне ахутвае кожнага сваёй суровасцю, можна сказаць, містычнасцю. Мае ён загадкі нават у сваёй храналогіі. Як сведчыць энцыклапедыя, касцёл з граніта і цэглы пачалі будаваць у 1900 годзе, а завершана будаўніцтва было ў 1910-м.
Па іншых звестках, будаўніцтва прадаўжалася ажно 27 гадоў, бо касцёл будавалі толькі ўлетку. Асноўныя сродкі і лес на будаўніцтва выдзяляў мясцовы пан Вольскі. Ёсць звесткі, што з кожнага двара бралася сума, за якую можна было купіць у той час  карову. Камяні вазілі з палёў, а частка іх была прывезена з руін Гераненскага замка. Граніт мылі і часалі ўручную. Спецыфічныя адценні кожнай глыбы і зараз ствараюць непаўторны спектр колераў сцен касцёла. Аказваецца, што нават цэмент з асаблівым фіялетавым адценнем прывозілі з Ваўкавыска.
Архітэктурнымі і будаўнічымі работамі кіравалі спецыялісты з Францыі і Польшчы. Рабочую сілу складалі жыхары Ліпнішак і навакольных вёсак. Храм, як кажуць, будавалі ўсім мірам, на вякі. Дарэчы, гэта быў трэці па ліку касцёл у Ліпнішках, два папярэднія, драўляныя, згарэлі ў пажары.
У прыстольнае свята, храм паўнюткі. Сюды едуць вернікі з усёй акругі. Дарэчы, дзверы яго адчынены не толькі для католікаў.
Святы Казімір, іменем якога названы касцёл, з’яўляецца заступнікам Польшчы і Беларусі.


Новыя Ліпнішкі


Старшыня мясцовага СПК “Агра-Ліпнішкі” Чэслаў Хацяновіч змог адкласці ўсе справы, каб самому правесці экскурсію па Ліпнішках. Найперш хацелася яму паказаць тыя вуліцы аграгарадка, якія выраслі на пустэчы падчас яго кіраўніцтва гаспадаркай. Вядома ж, гонар старшыні мае пад сабой падставу. Гэта сапраўды ўжо новыя Ліпнішкі, дзе спецыялісты гаспадаркі атрымліваюць кватэры з усімі зручнасцямі. Трэба толькі працаваць сумленна і шчыра.
Не замоўчвае старшыня, што не пазбаўлены аграгарадок паўсядзённых праблем. Але пры гэтым зазначае, што калі б іх увогуле не існавала, то жыццё было б ненатуральным. Пры гэтым вопытны кіраўнік падкрэслівае, што ліпнішкаўцаў ніколі не называлі гультаямі, а спакон вякоў ішла пра іх чутка, як пра людзей сумленных і неабыякавых,  з цяжкасцямі, якія раз-пораз падкідвае жыццё, справіцца заўсёды здолеюць.
Аграгарадок будуецца з перспектывай. Штогод прырастае дзесяткам новых дамоў, дзе селяцца ў асноўным маладыя сем’і. Дарэчы, толькі ў мінулым годзе тут нарадзілася 24 дзіцяці. Чакаецца добрае  папаўненне і ў гэтым.
Сённяшнім мясцовым  немаўлятам давядзецца жыць ужо ў новых Ліпнішках. Але вельмі важна, калі вёсцы ёсць што перадаць у спадчыну, каб яны адносіліся да месца, дзе нарадзіліся і жывуць, з павагай і неабыякавасцю. Як заўсёды гэта рабілі людзі гэтага самабытнага куточка зямлі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter