В Минске проходит выставка картин белыничской художницы Ларисы Журавович

Вёска. Бацькаўшчына. Храм

Бялыніцкая мастачка Ларыса Журавовіч, творы якой зараз дэманструюцца ў Мінску, называе родныя мясціны зямным раем, сагрэтым людзьмі

Персанальная экспазіцыя творчых работ «Святло зямлі, святло нябёсаў…» бялыніцкай мастачкі Ларысы Журавовіч дэманструецца ў Палацы мастацтваў у Мінску. Наведвальнікам прадстаўлена амаль паўсотні арыгінальных работ, выкананых на кардоне. Галоўная тэма — вясковыя сюжэты з малой радзімы, якія злучаюць зямное і нябеснае.



Родныя Бялынічы Ларыса Журавовіч пакідала толькі ў студэнцкія гады. Атрымаўшы спецыяльную адукацыю, вярнулася да бацькоўскага парога. Неаднойчы даводзілася бываць у яе прасторным драўляным доме, акружаным старым садам. Памятаю, як Ларыса Віктараўна амаль два дзесяцігоддзі таму знаёміла нашу здымачную групу БТ з героямі сваіх выяўленчых твораў. Дагэтуль перад вачыма ўнікальныя партрэты. Вось з невялікай сялянскай хаты, складзенай з бярвёнаў, праз вакно пазірае статная Сцепаніда. А вось сялянка Ганна. Яе мудры погляд нельга забыць, як і фігуру вясковага гаспадара Васіля, сапраўднага асілка, і твары іншых землякоў мастачкі. Помняцца і яе нацюрморты з гароднінай, садавіной, няхітрымі сялянскімі прысмакамі. Некалькі гадоў таму ўнікальныя работы аўтара дэманстраваліся ў Нацыянальным музеі Беларусі. З творамі летась знаёміліся ўдзельнікі і госці Дня беларускай пісьменнасці ў Бялынічах.

— Ларыса Віктараўна, які сэнс укладзены ў назву выставы «Святло зямлі, святло нябёсаў…»?

— Гэта спалучэнне нябеснага і зямнога, духоўнасці, света і цяпла. Падбіраючы словы для назвы, імкнулася, каб яны злучалі зямное і нябеснае святло. Адпаведна вызначала і работы да выставы. Сярод іх амаль палова — гэта творы, прысвечаныя храмам Бялыніцкага раёна.

— Як увогуле з’явілася ідэя звярнуцца да гістарычнай духоўнасці?

— Тэма складаная і адказная. Для мяне, праваслаўнай, яна даволі далікатная. Працяглы час асцярожнічала. Але ж мой муж Вячаслаў сказаў як адрэзаў: «Ужо надышоў час заняцца гэтай тэмай». З ім на працягу некалькіх гадоў вандравалі па бялыніцкіх вёсках, у старажылаў цікавіліся гісторыяй зніклых храмаў. Усё гэта лягло ў аснову цыкла пастэльных работ, прысвечаных сельскім храмам. Пераважная большасць твораў экспануецца на выставе. 

Наведвальнікі знаёмяцца з творамі мастачкі.

— А чым займаецца муж?

— Вячаслаў шмат гадоў працаваў у гаспадарцы на трактары. Родам з бялыніцкага аграгарадка Цяхцін. Не толькі кіруе сельгастэхнікай — ён яшчэ адмысловы цясляр, сантэхнік, электрык, фатограф. Залатыя рукі: за што ні возьмецца — усё атрымліваецца. Сваімі сіламі будуем уласны дом у Бялынічах. Вячаслаў усталёўвае паравое ацяпленне. Пастаянна наведваем маю аўдавелую маці, дапамагаем ёй па гаспадарцы. У вольны час займаемся радыёаматарствам: ужо дзесяць гадоў мы з мужам сябры Беларускай федэрацыі радыёаматараў. Кожную выставу пастэльных работ арганізоўваем самі. А гэта нялёгкая справа.

— На некаторых экспанатах з духоўнага цыкла пазначана: «рэканструкцыя». Як гэта разумець?

— Далёка не ўсе храмы ў бялыніцкіх вёсках захаваліся. Ад некаторых нават падмуркаў не засталося. На двух работах адлюстравана толькі мясцовасць, дзе ў былыя часы стаялі цэрквы. Пісала на палатне зніклыя святыні ў вёсках Антонава Буда, Крукі, Эсьмоны, рэшткі часоўні ў вёсцы Сялянская Клёўка. Самая вялікая па памеры работа з гэтай серыі знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Яшчэ адну з выявай тутэйшай царквы выкупіла вядомая бялыніцкая гаспадарка «Калгас «Радзіма». Яе кіраўнік Аляксандр Лапацентаў цікавіцца мясцовай гісторыяй, таму адзін з такіх пастэльных твораў і заняў ганаровае месца ў музеі сельгаспрадпрыемства. Цыкл бялыніцкіх храмаў стварала паўтара гады. Экспанавалі іх і ў Магілёве, і ў нашай хатняй галерэі. Зараз — у сталіцы.

— Звярнуў увагу на творы, пры­свечаныя рэлігійным святам, у прыватнасці Вялікадню. Сярод іх адразу пазнаў на партрэце вашу маці Яўгенію Пятроўну са свежаспечанай пасхай у руках.

— На партрэце маці заклапочана перадсвяточнымі прыгатаваннямі. Напрацаваныя рукі, твар, на якім, як у люстэрку, адбіта перажытае, і свежаспечаная пасха як светлы сімвал жыцця. На сцяне каля печы ў рамцы Багародзіца з Немаўляці на руках. Вобразы сваіх герояў доўга выношваю ў сабе, вышукваю варыянт падачы. Так з’явіўся партрэт немаладых сясцёр з завязанымі хустачкамі на галовах на фоне акна. У кожным героі імкнуся паказаць чалавечнасць. У рабоце з назвай «Вясновыя дні» адлюстравана еднасць зямлі і неба. Старажытнае біблейскае паданне гаворыць: у поце твару будзеш здабываць хлеб-соль. Імкнулася падкрэсліць еднасць нябеснага і зямнога. У гэтым сутнасць нашага жыцця. Для мяне родныя мясціны — той самы зямны рай, сагрэты людзьмі, а нашы беларускія вёскі — тыя ж біблейскія карціны раю.

Партрэт  сталай  жанчыны.  2015 год.

— Народны мастак Беларусі Міхаіл Савіцкі, які меў сусветную славу, напрыканцы свайго веку адзначыў, што яго жыццё складвалася «не дзякуючы, а наперакор». А ў вас як?

— Напэўна, гэта і пра мяне таксама. Бо ўсё даецца нялёгка. Цягну свой воз як магу. Дзякуй богу, на жыццёвым шляху нямала добрых людзей, якія цікавяцца маёй творчасцю. Яны ўсяляк падтрымліваюць. Дапамаглі арганізаваць і правесці выставу ў Маскве. Зараз Саюз мастакоў Беларусі пайшоў насустрач — і вось адбылася гэта імпрэза.

— Ларыса Віктараўна, ваша мара як мастака?

— Паспець як мага больш адлюстраваць у творах людзей вёскі, дзякуючы якім маем на стале хлеб і да хлеба. Мару, каб тая вёска, якая ў памяці, была жывой, не ператваралася ў лецішча гараджан. Вясковы чалавек вызначаецца не па месцы жыхарства, а па сэнсе жыцця, па сваім сялянскім укладзе. Прыехаць на выхадныя на шашлыкі — не значыць лічыць сябе вясковым. Упэўнена, што ёсць будучае ў беларускай вёскі.

Выстава творчых работ Ларысы Журавовіч выклікала інтарэс у жыхароў сталіцы. Сярод наведвальнікаў прыемна было сустрэць вядомага беларускага мастака і паэта Рыгора Сітніцу. Майстар падзяліўся з «СГ» сваімі ўражаннямі:

— Маё сэрца кранулі экспанаты выставы. Ларыса Журавовіч абсалютна аддадзена сваёй тэме і Бацькаўшчыне. У яе пастэльных творах адлюстравана сучаснасць, ёсць эмоцыя, душа. Кожная работа па-свойму ўнікальна. Мне падабаецца, што творца не азіраецца на нейкія модныя плыні. Ларыса Журавовіч знайшла сябе ў мастацтве — гэта яе стыль. Свае пачуцці трапна выказвае ў творах. Што яна малюе? Родную хату, маці, землякоў, мясцовыя святыні. Памятаю, як выпускніца тэатральна-мастацкага інстытута, яна адразу ўразіла творчым стылем. Звярнуў увагу, што ў яе абсалютна свая пазіцыя. А гэта надзвычай важна ў мастацтве. Думаць пра тое, што ты нейкі нямодны, — так лічаць слабыя людзі, якія баяцца за імідж. Асабліва ў маладосці. Работы Ларысы Віктараўны ўражваюць свежасцю, непаўторнасцю.

Мастачка настроена азнаёміць з выставай «Святло зямлі, святло нябёсаў…» жыхароў іншых рэгіёнаў рэспублікі.

ДАВЕДКА «СГ»

Ларыса Журавовіч працуе ў стылі пастэлі, змешанай тэхніцы. У гады вучобы яе настаўнікамі былі народныя мастакі Беларусі Георгій Паплаўскі і Васіль Шаранговіч. За дыпломную працу «Восень. Зямля і людзі» выпускніца Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута атрымала бронзавы медаль Акадэміі мастацтваў СССР. Яна таксама адзначана памятным знакам «2000 гадоў хрысціянства», нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Творы выстаўляліся ў Нацыянальным мастацкім музеі, Рэспубліканскай мастацкай галерэі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, музеях і выставачных залах гарадоў рэспублікі, Маскве, а таксама ў прыватных зборах Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі, Швейцарыі, Аўстраліі.

Фота аўтара і з архіва Ларысы Журавовіч
   
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter