Выдача пасведчанняў аб праве на спадчыну

На пытанні адказвае галоўны спецыяліст упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Алена БАРАНОЎСКАЯ
На пытанні адказвае галоўны спецыяліст упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Алена БАРАНОЎСКАЯ

Ведаю, што ў нас ёсць натарыяльныя канторы і натарыяльныя бюро. Да якога натарыуса трэба звяртацца па афармленне спадчынных правоў?
Ганна ПІЛІПОВІЧ,  Мінскі раён

АДКАЗ. Спадчынныя правы афар­мляюцца па месцы адкрыцця спадчыны. У адпаведнасці з артыкулам 1036 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь месцам адкрыцця спадчыны з`яўляецца апошняе месца жыхарства спадчынадаўца, якое вызначаецца па рэгістрацыі спадчынадаўца па месцы жыхарства (пры яе адсутнасці – па месцы знаходжання) на дзень адкрыцця спадчыны, а калі яно невядома, – месца знаходжання нерухомай маёмасці або асноўнай яе часткі, а пры адсутнасці нерухомай маёмасці –  месца знаходжання асноўнай часткі рухомай маёмасці.

Згодна з пунктам 10 Палажэння аб арганізацыі дзейнасці натарыусаў у Рэспубліцы Беларусь, якое зацверджана Указам Прэзідэнта ад 27 лістапада 2013 г. № 523, га­лоўныя ўпраўленні юстыцыі абл­вы­канкамаў, Мінскага гарвыканкама па ўзгадненні з абласнымі, Мін­скай гарадской натарыяльнымі па­латамі размяркоўваюць паміж на­­тарыяльнымі канторамі і ната­рыя­льнымі бюро абавязкі па афар­млен­ні спадчынных правоў асобных ка­тэгорый спадчынадаўцаў, месца ад­крыцця спадчыны якіх зна­ходзіцца ў адпаведнай натарыяльнай акрузе.

Інфармацыю аб размеркаванні паміж натарыяльнымі канторамі і натарыяльнымі бюро абавязкаў па афармленні спадчынных правоў можна атрымаць у адпаведнай абласной або Мінскай гарадской натарыяльнай палаце, а таксама ў любога натарыуса па вашым выбары.

У бацькі памерла родная сястра. У які тэрмін яе спад­чыннікам неабходна звяр­нуцца да натарыуса па афармленне спадчыны?
Мікалай ВАЛАДЗЬКО, г. Ліда

АДКАЗ. У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 1071 Грамадзянскага кодэкса спадчына можа быць прынята на працягу шасці месяцаў з дня адкрыцця спадчыны (гэта значыць, спадчыннікам варта звяртацца да натарыуса да заканчэння шасцімесячнага тэрміну з дня смерці спадчынадаўца).

Грамадзянскі кодэкс утрымлівае і нормы, згодна з якімі спадчына можа быць прынята ў іншыя тэрміны. Напрыклад, пунктамі 2 і 3 артыкула 1071 Грамадзянскага кодэкса ўстаноўлена, што калі права атрымання ў спадчыну ўзнікае для іншых асоб у выпадку адмовы спадчынніка ад спадчыны, гэтыя асобы могуць прыняць спадчыну на працягу часткі тэрміну, якая засталася ад названага вышэй шасцімесячнага тэрміну, а калі яна менш за тры месяцы, то на працягу трох месяцаў. Асобы, для якіх права атрымання ў спадчыну ўзнікае толькі ў выпадку непрыняцця спадчыны іншым спадчыннікам, могуць прыняць спадчыну да заканчэння трох месяцаў з дня заканчэння тэрміну, які вызначаны ў пункце 1 артыкула 1071 Грамадзянскага кодэкса. 

Іншыя тэрміны для прыняцця спадчыны ўстаноўлены таксама артыкуламі 1072 і 1073 Грамадзянскага кодэкса: прыняцце спадчыны спадчыннікам, які прапусціў тэрмін для яе прыняцця, пасля заканчэння ўстаноўленага тэрміну на падставе рашэння суда або без звароту ў суд пры ўмове згоды на гэта ўсіх астатніх спадчыннікаў, якія прынялі спадчыну, і пры пераходзе права на прыняцце спадчыны (спадчынная трансмісія).

Памерла сваячка. Скажыце, як прыняць спадчыну і хто мае права на атрыманне пасведчання аб праве на спадчыну?
Алена ПІСАРЫК, Лепельскі раён

АДКАЗ. Права на атрыманне пасведчання аб праве на спадчыну маюць спадчыннікі, якія прынялі спадчыну ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Прыняцце спадчыны ажыццяўляецца падачай натарыусу па месцы адкрыцця спадчыны заявы спадчынніка аб прыняцці спадчыны або яго заявы аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну, а таксама шляхам фактычнага ўступлення ў валоданне або кіраванне спадчыннай маёмасцю. Прыняцце спадчыны праз прадстаўніка магчыма, калі ў даверанасці спецыяльна прадугле­джана паўнамоцтва на яе прыняцце.

Пасведчанне аб праве на спадчыну выдаецца натарыусам па месцы адкрыцця спадчыны на падставе заявы аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну ў тэрміны, што ўстаноўлены артыкулам 1084 Грамадзянскага кодэкса.

У якія тэрміны выдаецца пасведчанне аб праве на спадчыну?
Сцяпан МАЗЬКО, г. Пінск

АДКАЗ. Пунктам 1 артыкула 1084 Грамадзянскага кодэкса ўстаноўлена, што пасведчанне аб праве на спадчыну выдаецца спадчыннікам па заканчэнні шасці месяцаў з дня адкрыцця спадчыны, за выключэннем прадугледжаных Грамадзянскім кодэксам выпадкаў. 

Так, у выпадках, прадугледжаных пунктамі 2 і 3 артыкула 1071 і пунктам 2 артыкула 1073 Грамадзянскага кодэкса, пасведчанне аб праве на спадчыну выдаецца не раней тэрмінаў, устаноўленых у гэтых артыкулах. У прыватнасці, для спадчыннікаў, у якіх права атрымання ў спадчыну ўзнікае ў выніку адмовы іншага спадчынніка ад спадчыны або ў выпадку непрыняцця спадчыны іншым спадчыннікам, тэрмін прыняцця спадчыны пачынаецца толькі з моманту такой адмовы (непрыняцця спадчыны), у сувязі з чым і пасведчанне аб праве на спадчыну не можа быць выдадзена раней заканчэння такіх тэрмінаў. У гэтых выпадках максімальны тэрмін, пасля заканчэння якога выдаецца пасведчанне аб праве на спадчыну, складае дзевяць месяцаў з дня смерці спадчынадаўца.

Пры пераходзе права на прыняцце спадчыны (гаворка ідзе пра выпадкі, калі спадчыннік па завяшчанні або па законе памірае пасля адкрыцця спадчыны, не паспеўшы яе прыняць) максімальны тэрмін, пасля заканчэння якога выдаецца пасведчанне аб праве на спадчыну, таксама складае дзевяць месяцаў. 

Разам з тым пры атрыманні спадчыны як па законе, так і па завяшчанні заканадаўствам дапускаецца выдача пасведчання аб праве на спадчыну раней заканчэння шасці месяцаў з дня адкрыцця спадчыны, калі маюцца дакладныя даныя аб тым, што, акрамя асоб, якія звярнуліся па выдачу пасведчання, іншых спадчыннікаў у дачыненні да спадчыны або яе адпаведнай часткі не маецца (пункт 2 артыкула 1084 Грамадзянскага кодэкса). Аднак пацвердзіць тое, што ў памерлага няма іншых спадчыннікаў у дачыненні да спадчыннай маёмасці, звычайна досыць складана. Абавязак прадстаўлення дакументаў, якія дакладна пацвярджаюць адсутнасць іншых спадчыннікаў, ускладаецца на асоб, якія звярнуліся па выдачу пасведчання раней устаноўленага тэрміну. Пры гэтым у пункце 2 названага артыкула не змяшчаецца ўказанняў аб тым, якія менавіта дакументы неабходна прадставіць натарыусу. 

У кожным канкрэтным выпадку натарыус, кіруючыся прынцыпамі законнасці, непрадузятасці, неза­лежнасці, тайны натарыяльнага дзеяння, ацэньвае наяўныя звесткі  і (або) дакументы на прадмет дак­ладнасці адсутнасці іншых спадчыннікаў для выдачы пасведчання аб праве на спадчыну раней устаноўленых тэрмінаў.

Акрамя таго, Грамадзянскім кодэксам прадугледжана, што ў выпадку спрэчкі аб праве ўласнасці на спадчынную маёмасць па пастанове суда можа быць прыпынена выдача пасведчання аб праве на спадчыну.

Наша мама памерла, не атрымаўшы ў чарговы раз пенсію. Пытанне ў мяне ўзнікла такое: ці можна, не звяртаючыся да натарыуса, атрымаць суму пенсіі, якая падлягала выплаце, але не была атрымана пры жыцці?
Кацярына ПІЛІПЧУК, Брэсцкі раён

АДКАЗ. У адпаведнасці з нормамі пунктаў 1 і 2 артыкула 1090 Грама­дзянскага кодэкса права на атрыманне сум заработнай платы i пры­раўнаваных да яе плацяжоў, пенсій, дапамог па сацыяльным страхаванні, іншых дапамог і плацяжоў у пакрыццё шкоды жыццю або здароўю, якія падлягалі выплаце грамадзяніну, але не былі ім атрыманы пры жыцці па якой-небудзь прычыне, належыць членам сям`і памерлага, якія сумесна з ім пражывалі, а таксама яго непрацаздольным утрыманцам незалежна ад таго, жылі яны сумесна з памерлым ці не. Патрабаванні аб выплаце гэтых сум могуць быць прад`яўлены на працягу шасці месяцаў з дня адкрыцця спадчыны.

Такім чынам, не атрыманая спад­чынадаўцам пры жыцці сума пенсіі павінна быць выдадзена членам яго сям`і, якія сумесна пражывалі з памерлым на момант смерці, а таксама яго непрацаздольным утрыманцам незалежна ад таго, жылі ці не яны сумесна з памерлым, якія звярнуліся па названыя выплаты ў тэрмін не пазней за шэсць месяцаў з моманту адкрыцця спадчыны (дня смерці спадчынадаўца).

У выпадку, калі такіх асоб няма або яны не прад`явілі патрабаванні аб выплаце вышэйназваных сум ва ўстаноўлены тэрмін, адпаведныя сумы ўключаюцца ў склад спадчыны і атрымліваюцца ў спадчыну на агульных падставах, устаноўленых Грамадзянскім кодэксам.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter