На Мінскай кальцавой аўтадарозе адным заторам стане менш

Выбілі пробку з кальцавой

Завяршаецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй МКАД на скрыжаванні з вуліцай Купрэвіча. 

Абноўленая вуліца ззяе новай разметкай.

Гэты ўчастак сапраўды быў праблемным. Па ацэнках спецыялістаў, асфальтабетоннае пакрыццё кальцавой дарогі тут знаходзілася ў жаласным становішчы, патрабавалася яго замена. Увесь час узнікалі пробкі на выездзе на кальцавую з дзвюхпалоснай вуліцы Купрэвіча – між іншым, магістральнай вуліцы раённага значэння. Справа ў тым, што тут знаходзяцца некаторыя буйныя прадпрыемствы, склады, размясціўся Парк высокіх тэхналогій (ПВТ), а гэта азначае інтэнсіўны рух цяжкавагавага і даўгамернага транспарту. Фуры не маглі «ўпісацца» ў малы радыус выезду на кальцавую: або разбуралі бардзюры і псавалі зялёную зону абочыны, або ўвогуле заязджалі на другую паласу руху па кальцавой, што пагражала бяспецы на дарозе.

— Гэты вузел мы развязалі, нам удалося павысіць прапускную здольнасць участка, як мінімум, у паўтара раза, — запэўніў Васіль Цібеж, галоўны інжынер ДП «Гардарбуд». – Па-першае, аднавілі пакрыццё кальцавой аўтадарогі. Для гэтага поўнасцю сфрэзеравалі пашкоджаны слой, нанеслі спачатку той, які выраўноўвае паверхню, потым яшчэ два. Уздоўж дарогі праклалі сеткі вонкавага асвятлення, зрабілі нават фундаменты пад рэкламныя шчыты. З’явіліся таксама тратуары, ад праезнай часткі іх аддзяляе бар’ер. Засталося толькі ўстанавіць на раздзяляльнай паласе металічную пялёсткавую агароджу, якую здымалі падчас рамонту. 

Работы на МКАД выконваліся паралельна з перакладкай інжынерных сетак і работамі па вуліцах Купрэвіча і Скарыны. Так што праца на аб’екце не спынялася, нават калі ўзніклі часовыя праблемы з пастаўкамі асфальтабетона, якія крыху затрымалі рамонт кальцавой. 

На падыходзе да пешаходных пераходаў паклалі тактыльную плітку.
Фота Дзяніса Малышыца

— Праезную частку вуліцы Купрэвіча пашырылі з дзвюх да трох палос руху, арганізавалі асобны выезд на МКАД, прычым значна павялічылі радыус павароту, каб не ўзнікала праблем у буйнагабарытных машын. Дадалі паласу для з’езду з кальцавой на Купрэвіча. Забяспечаны камфортны выезд з ПВТ. Транспартныя патокі раздзялілі астраўкі бяспекі. Пры такім праектным рашэнні сітуацыя значна палепшылася, — упэўнены Васіль Феадосьевіч. 

Зараз будаўніча-мантажныя работы знаходзяцца ў завяршальнай стадыі. Усюды ляжыць новенькае асфальтабетоннае пакрыццё, нанесена свежая разметка. На падыходзе да пешаходных пераходаў укладзена тактыльная плітка для людзей з дрэнным зрокам. Святлафоры запусцяць літаральна на гэтым тыдні, зараз з імі праводзяцца пусканаладачныя работы. Устаноўлены новыя апоры асвятлення з сучаснымі свяцільнямі. Засталося літаральна некалькі ўчасткаў, на якіх завяршаецца азеляненне і добраўпарадкаванне. Штодзённа тут працуе не менш за 100 чалавек. 

Рабочыя абавязкова вернуцца на Купрэвіча ў наступным годзе: пуцеправод непадалёку, над чыгункай, уваходзіць у лік 16 мастоў, якія патрабуюць капітальнага рамонту. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter