Выбар траекторыі

Міншчына дамаглася невялікага, але стабільнага росту эканомікі

Iнвестыцыйныя фінансавыя патокі першачаргова трэба накіроўваць у тыя праекты, якія будуць даваць найбольшы прыбытак

Летась на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы сталічнай вобласці выкарыстана інвестыцый на суму звыш 30 трлн. рублёў. Тэмпы росту ўкладанняў у асноўны капітал, закладзеныя ў папярэдні перыяд, стварылі значную базу аб’ёмаў інвестыцый. І зараз яна патрабуе далейшага развіцця. Аб гэтым вялася размова на пасяджэнні Мінаблвыканкама, дзе былі разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2012 год.

Як адзначыў кіраўнік сталічнага рэгіёна Барыс Батура, у вобласці дамагліся хоць невялікага, але стабільнага росту эканомікі і забяспечылі павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва. Міншчына з’яўляецца лідарам сярод рэгіёнаў рэспублікі па тэмпе росту валавога рэгіянальнага прадукту, ён склаў 78,1 трлн. рублёў і павялічыўся ў супараўнальных цэнах на 6,5 %.

Немалаважна тое, што вобласць лідзіруе і па ўдзельнай вазе валавой дададзенай вартасці (амаль 46 %) у выручцы, што наглядна характарызуе эфектыўнасць работы эканомікі і сведчыць пра інтэнсіўны шлях развіцця рэгіёна.

Аднак вынікі года паказалі, што не ўсё з намечанага ўдалося выканаць. Адпаведна, павялічваюцца задачы на год бягучы. У прыватнасці, гэта датычыць інвестыцыйнай і знешнеэканамічнай дзейнасці. Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Аляксандр Турчын, мінулы год быў напружаным у плане крыніц фінансавання інвестыцый, у цэлым змянілася іх структура.

Удзельная вага крэдытных сродкаў у агульным аб’ёме інвестыцый знізілася амаль на 16 працэнтных пунктаў, пры гэтым павялічылася доля ўласных сродкаў арганізацый і насельніцтва. «Большая доля інвестыцый — 60 % — прыпадае на будаўніча-мантажныя работы, на актыўную частку асноўных сродкаў (машыны, абсталяванне, транспарт) — 40 % ад агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў пры прагнозе 45 %. Першачарговая задача — павелічэнне аб’ёмаў інвесціравання ў актыўную частку, што дазволіць не дапусціць абмялення фінансавых патокаў у новыя вытворчыя тэхналогіі і зніжэння патэнцыялу нашых прадпрыемстваў», — адзначыў Аляксандр Турчын.

Інвестыцыі ў перадавыя тэхналогіі — задача, пастаўленая перад кадрамі Міншчыны. Дзейнічаць актыўна і шукаць новыя падыходы, мець дакладную праграму работы з інвестарамі, працаваць на прыцягненне замежных інвестыцый, бо гэта не толькі замежны капітал, але і новыя тэхналогіі, патэнцыял мадэрнізацыі дзеючых прадпрыемстваў. Такі падыход павінен прымяняцца ў кожным раёне.

Летась у эканоміку Міншчыны было прыцягнута прамых замежных інвестыцый на суму больш за 500 млн. долараў, што ў 1,4 раза больш, чым за папярэдні перыяд. У тым ліку 137,2 млн. долараў на чыстай аснове. Вобласць належыць да рэгіёнаў, патэнцыяльна прывабных для інвестыцыйных укладанняў. І гэты патэнцыял павінен пераўтварацца ў стварэнне новых вытворчасцей і працоўных месцаў.

Актывізаваць свае намаганні неабходна рэгіёнам і асобным арганізацыям і ў знешеэканамічнай дзейнасці. У першую чаргу гэта датычыць экспарту, атрымання неабходных сертыфікатаў, атэстацыі прадпрыемстваў і асваення новых рынкаў збыту.

Увага кіруючых кадраў была звернута і на рэструктурызацыю гаспадарчага комплексу вобласці і скарачэнне неэфектыўна працуючых прадпрыемстваў. Гэтага яшчэ дасягнуць не ўдалося, хоць колькасць стратных арганізацый паступова змяншаецца. «Дзейнасць кіраўнікоў рэгіёнаў па паляпшэнні фінансавага стану арганізацый павінна быць рэзка актывізавана. Мы ўступаем у перыяд суцэльнай мадэрнізацыі народнай гаспадаркі, і існаванне стратных прадпрыемстваў проста недапушчальна», — падкрэсліў Барыс Батура. Ён назваў 2013 год асобым для развіцця эканомікі вобласці. «У гэты перыяд мы павінны выйсці на траекторыю выканання паказчыкаў усёй пяцігодкі ў цэлым, на дынаміку росту», — рэзюмаваў кіраўнік сталічнага рэгіёна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter