Выбіраем Цудоўную Сямёрку!

З сённяшняга дня на сайце “Народнай газеты” www.ng.by пачынаецца галасаванне па вызначэнні Сямі Цудаў Беларусі.

Такога ў гісторыі незалежнай Беларусі яшчэ не было – заяўляем пра гэта адказна, без лішняй сціпласці. Сапраўды, Сем Цудаў Беларусі яшчэ не вызначаліся ні ў якім выглядзе. Карацей, гэта будзе ўпершыню, і – што самае галоўнае – кожны без выключэння жыхар краіны можа ў гэтым выбары паўдзельнічаць.

Як кожны з вас можа паўдзельнічаць у галасаванні? Вельмі проста! Дастаткова толькі зайсці на сайт www.ng.by, дзе на галоўнай старонцы заўважна пададзена запрашэнне галасаваць і падрабязна распісана, як гэта зрабіць. З сарака двух фіналістаў (за якіх вы, шаноўныя, найбольш актыўна галасавалі на працягу апошніх месяцаў), вам патрэбна выбраць сем самых-самых. Ад бальнай адзнакі на апошнім этапе мы адмовіліся, перамогуць тыя сем аб’ектаў, за якія вы аддасце найбольшую колькасць галасоў. Вынікі галасавання будуць на сайце ў свабодным доступе, так што ўсё будзе абсалютна празрыста і аб’ектыўна.

А на старонках газеты, пакуль будзе ісці галасаванне, мы пастараемся як найцікавей прадставіць усіх без выключэння фіналістаў. А пасля, ужо па выніках праекта, мы яшчэ раз пройдземся са сваімі чытачамі па самых незвычайных, унікальных, вартых увагі кожнага жыхара краіны мясцінах нашай роднай Беларусі. Так што вандроўка нас з вамі чакае займальная і працяглая.
Заставайцеся з “Народнай газетай” — будзем разам адкрываць невядомую Беларусь!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter