Вясёлка творчасці над Дняпром

Магілёў перадаў «ключы» ад культурных сталіц СНД і Беларусі гарадам Ош, Алматы і Гродна.

Магілёў перадаў «ключы» ад культурных сталіц СНД і Беларусі гарадам Ош, Алматы і Гродна.

Феерычным шоу завяршыўся гадавы праект «Магілёў – культурная сталіца СНД і Рэспублікі Беларусь». Зрэз культуры Магілёўскай зямлі прадставілі ў абласным Доме культуры арганізатары свята. На вачах наведвальнікаў плялі паясы, ткалі ручнікі, ляпілі гаршкі і кавалі падковы. А на сцэне спляталіся разам, здзіўляючы гледачоў, інструментальная музыка, тэатральная дзея, пластыка і жывапіс. Сваю багатую культуру прадставілі на сцэне і іншыя гарады Беларусі і СНД. Шматколернасць сцягоў і нацыянальных касцюмаў, разнастайнасць народных музычных інструментаў і жанраў мастацтва... «Славянскі базар» у мініяцюры – напэўна, так можна апісаць тое, што адбывалася на цырымоніі перадачы эстафеты культурных сталіц у Магілёве. І гледзячы на высокі ўзровень і арганізацыі свята, і культуры Магілёўшчыны ўвогуле, міжволі пачынаеш думаць: будучым культурным сталіцам давядзецца вельмі пастарацца, каб стаць вартымі свайго папярэдніка – Магілёва.

Папераменна на сцэне з’яўляліся прафесійныя спевакі, маленькія артысты, акцёры тэатра, мастакі, прэзентуючы творчыя праекты Магілёўшчыны. Сёлета тут прайшло больш за пяцьдзясят культурных мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародныя фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», анімацыйных фільмаў «Анімаёўка», тэатральны форум ‘’М@рт контакт’’ і музычны – «Залаты шлягер», міжнародныя пленэры па скульптуры з каменю і жывапісе, арт-праект Zabor і многае іншае. Жывы інтарэс выклікалі ў гледача прадстаўленне Магілёўскага абласнога тэатра лялек з удзелам сапраўдных акцёраў і маляваных персанажаў, шчымлівае выкананне «Отче наш» удзельнікамі фестывалю «Магутны Божа» і яркае, поўнае жыцця выступленне маленькіх артыстаў дзіцячага фестывалю «Залатая пчолка».

– Магілёў апраўдаў высокае званне культурнай сталіцы і мае самыя вялікія надзеі, – сказаў на ўрачыстай цырымоніі міністр культуры Барыс Святлоў. – Дзякуючы напружанай працы ўсіх зацікаўленых структур, ад кіраўніцтва горада і вобласці да неабыякавых мясцовых жыхароў і грамадскасці са сваімі ідэямі і праектамі, усе мерапрыемствы праекта набылі сваё непаўторнае гучанне. Той экзамен, які Магілёў трымаў на працягу года, ён вытрымаў бліскуча і яшчэ раз пацвердзіў, што ён можа з’яўляцца лідарам культуры ў нашай краіне. І нават перадаючы сёння эстафету культурнай сталіцы, ён усё роўна застаецца ў эпіцэнтры культурных падзей. Статус сталіцы прыходзіць і сыходзіць, а культура застаецца на стагоддзі.

На Магілёў была ўскладзена вялікая адказнасць – годна прадстаўляць культуру не толькі Беларусі, але і ўсёй Садружнасці Незалежных Дзяржаў. З’яўляючыся культурнай сталіцай СНД, горад прыняў на сёлетніх мерапрыемствах прадстаўнікоў з сарака пяці краін свету!

– Атрыманы статус даў дадатковы карт-бланш Магілёву для прасоўвання яго на сусветным рынку, прыцягнення інвестыцый, рэалізацыі розных праектаў у эканамічнай і культурнай сферах, дазволіў гораду перайсці на якасна новы ўзровень культурнага жыцця, – падзяліўся старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў.

Рэалізацыя праекта «Магілёў – культурная сталіца СНД і Рэспублікі Беларусь» актывізавала прадстаўнікоў айчынных і замежных дзелавых колаў, што дазволіла дадаткова прыцягнуць у эканоміку вобласці больш за пяць трыльёнаў беларускіх рублёў.

– Падобныя мерапрыемствы дазваляюць шляхам творчай інтэграцыі ствараць адзіную інфармацыйна-культурную прастору краін СНД, даюць магчымасць развіваць супрацоўніцтва, ствараюць спрыяльны клімат для аб’яднання патэнцыялу і пашырэння культурных, эканамічных і палітычных сувязяў, – лічыць намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Пра Магілёў і да гэтага нядрэнна ведалі ў свеце. Магілёўская зямля дала свету іканапісца Афанасія Пігарэвіча, разьбяра Кліма Міхайлава, даследчыка Арктыкі Ота Шміта, мастака Паўла Масленікава і многіх іншых. А сёння пра яго загаварылі яшчэ грамчэй.

– Горад на Дняпры стаў вядомым цэнтрам культуры і навукі не толькі Беларусі, але і ўсёй Садружнасці Незалежных Дзяржаў, – выказаў думку дырэктар дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Уладзімір Кіку.

Буйныя культурныя марафоны пад назвамі «Культурная сталіца СНД» і «Культурная сталіца Беларусі» працягваюцца. Званне культурных сталіц СНД Магілёў перадаў гарадам  Ош у Кыргызстане і Алматы ў Казахстане, а статус культурнай сталіцы Беларусі – гораду Гродна. Цяпер ім несці гэтыя ганаровыя званні і цягам года даказваць, што яны іх заслугоўваюць. А нам здзіўляцца новым ідэям і праектам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter