Старажытны абрад з беларускім каларытам ладзілі прыхільнікі народных традыцый і на Палессі, і пад Мінскам, і ў Іркуцкай вобласці

Вясну гукалі

Старажытны абрад з беларускім каларытам ладзілі прыхільнікі народных традыцый і на Палессі, і пад Мінскам, і ў Іркуцкай вобласці

Зіма, хоць і не надта дакучала сёлета ў Беларусі снегам ды маразамі, адступіла. Вясна ранняя: шпакі ды жаўранкі прыляцілі, ва ўсіх рэгіёнах краіны ўжо ідзе на палях сяўба. Дапамагаюць цяплу і Сонцу брацца ў сілу, пэўна ж, і народныя абрады. “Калі вы стаміліся ад зімы, запрашаем паклікаць Вясну вяснянкамі і карагодамі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту на свяце “Гуканне Вясны” — такая абвестка з’явілася на пачатку сакавіка і ў пошце рэдакцыі. Дарэчы, раім супляменнікам з розных краін часцей заглядваць на сайт музея www.etna.by, дзе шмат цікавай інфармацый пра народныя абрады беларусаў. А яна патрэбна, каб ладзіць прыгожыя святы ў беларускіх суполках.

Так гукалі сёлета Вясну ў Сібіры, у вёсцы беларускіх перасяленцаў Алкін. Фота: Андрэй Бардоўскі

Як вядома, Гуканне Вясны — вельмі светлае, лірычна-містычнае і прыгожае свята ў нашым народным календары. Дарэчы, як і тыя, хто ў гэтую пару года святкуюць Наўруз, нашы продкі-язычнікі таксама жылі “па Сонцы” і пачаткам года лічылі менавіта вясну. Абуджаецца Маці-Прырода — а з ёй і душы нашыя, і высокія, радасныя мары-надзеі на лепшую будучыню. Ды беларусы не прывыклі пасіўна “чакаць літасці ад прыроды”: толькі павее цяплом — спрыялі Вясне. Для таго клікалі птушак (бо яны ж і прыносяць Вясну на крылах з выраю) спевамі-вяснянкамі, ды і Вясну-багіню заклікалі прыйсці, прынесці з сабою “цёплыя дзянёчкі, частыя дажджочкі”. Дарэчы, чытаем у фалькларыстаў, гукальніцы Вясны ўзбіраліся нават на гуменныя стрэхі: толькі б кінуць песню вышэй у неба, далей у прасцяг. Ну аж каб і ў Сібір даляцела, як весняя вестка нашым супляменнікам — з пажаданнем і ім хуткага цяпла.

Трохі пра сімвалы свята. Жаваронак-жаўрук у славян лічыўся вестуном Вясны. Таму і выпякалі птушак з цеста, рабілі з саломы, паперы ды падвешвалі на галінкі дрэў: клікалі Вясну. Увечары палілі вогнішчы, спявалі ля іх вяснянкі, вадзілі карагоды — зыркае вогнішча сімвалізавала канец зімы. Цікава, што сёлета ў Музеі народнай архітэктуры і побыту, што ў прадмесці Мінска, гукалі Вясну так, як робяць тое спрадвеку на Палессі, у Любанскім раёне Міншчыны. Быў традыцыйны абыход двароў, потым госці свята справілі абрад “Жавароначкі”, які жыве ў вёсцы Юшкавічы, а ля вогнішча  і “Сыр на бярозу” — гэта абрад з вёскі Рачэнь. Абодва абрады — з Любанскага раёна. Што яшчэ было на свяце? А загляньце на сайт — там уся праграма культурна-масавага мерапрыемства распісана: добрая падказка іншым арганізатарам. І звярніце ўвагу, як хораша ўваходзяць у канву свята і майстар-класы, і навучанне народным танцам, і нават частаванне ўсіх удзельнікаў узварам ды пірагамі.

Што і як рабіць пад час Гукання Вясны — тое добра ведаюць і без падказак актывісты Іркуцкага таварыства беларускай культуры. “22 сакавіка ў Іркуцкай вобласці, у Куйтунском раёне, у вёсцы беларускіх перасяленцаў Алкін мы правялі беларускае свята Гуканне Вясны, — напісаў днямі ў рэдакцыю даўні прыхільнік народных традыцый Алег Рудакоў. — Шмат людзей сабралася: каля 250 чалавек, прычым з вёсак Алкін, Сулкет, Андрушына, Шаберта. А завадатарам быў Іркуцкі моладзевы клуб “Крывічы”, якім кіруе Воля Галанава”. Свята ў Сібіры прайшло па спецыяльна падрыхтаваным сцэнары, у аснове дзеі — старажытныя традыцыі беларусаў. Песні, гульні, карагоды, танцы змянялі адзін аднаго. Яшчэ Алег Рудакоў піша, што атмасфера была дружнай і вясёлай, а гарадская іркуцкая моладзь хутка знайшла агульную мову з вясковай. Прыгожыя здымкі пад час Гукання Вясны ў сібірскай глыбінцы зрабіў актывіст клуба “Крывічы” Андрэй Бардоўскі.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter