В ООО «Новая Припять» отечественные сорта зерновых дают по 70 и более центнеров с гектара

«Вясной і думаць не маглі, што так будзе ў бункер сыпаць»

Збожжавыя айчыннай селекцыі ў столінскай «Новай Прыпяці» даюць па 70 цэнтнераў з гектара

Нягледзячы на ўсім вядомыя наступствы надвор’я, аграрыі Століншчыны гавораць, што ўраджай сёлета не бяды. І зараз галоўнае — убраць усё да каліва. А таму працаваць прыходзіцца не толькі днём, а да позняга вечара. Як, напрыклад, у ААТ «Новая Прыпяць». Кіраўнік участка № 2 Аляксандр Мазоль, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца старшынёй прафкама аднаго з самых буйных на сённяшні дзень сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, ахвотна пагадзіўся ўсё мне паказаць і пра ўсё расказаць, у першую чаргу пра тое, як арганізавана праца.


Аляксандр — карэнны альшанец. У гаспадарцы не так даўно, як магло здацца на першы погляд, — менш за дзесяць гадоў. Калісьці скончыў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымаў спецыяльнасць інжынера-эканаміста на вытворчасці. Кажа, што да сельскай гаспадаркі не цягнула, нягледзячы на тое, што з дзяцінства дапамагаў бацькам вырошчваць гародніну. Займаўся гэтым і пасля школы. Але былі прарочымі словы бацькі Міхаіла, які бачыў у сыне прадаўжальніка сваёй справы.

— Бацька заўсёды казаў мне: «Сашка, пойдзеш працаваць на маё месца. Вось пабачыш!» — працягвае Аляксандр. — Але я не прыслухоўваўся спачатку, нават неяк скептычна да гэтага адносіўся. Дзесяць гадоў таму бацькі не стала, і я ўсё ж адважыўся працягваць яго справу. Зараз адчуваю, што выбар быў правільным.

Тым часам мы пад’ехалі да поля, дзе працавала ўдарная моц ААТ «Новая Прыпяць» — усе 11 айчынных камбайнаў, адвозіць збожжа ад якіх ледзь паспявалі сем МАЗаў. Не кожны дзень пабачыш, як працуюць камбайны з уключаным святлом фар — відовішча, скажу вам, уражвае. Вялізныя машыны сноўдаюць туды-сюды па полі, час ад часу падпускаючы да сябе аўтамабілі, каб выгрузіць адразу ад 5 да 8 тон збожжа. Але на гадзінніку было ўжо амаль 21:00 — а гэта азначае, што працаваць камбайнам засталося не больш за паўгадзіны.

— Паветра надта вільготнае, — тлумачыць галоўны аграном Алёна Карповіч. — Каб было больш суха, то працавалі б яшчэ якую гадзіну, бо апошнія дажджы і так карэкціруюць планы. Бліжэй да 22 гадзін на палі кладзецца раса.

Алёна Карповіч.

— А як з ураджайнасцю? — пытаюся.

— Вясной і думаць не маглі, што будзе так сыпаць у бункер — 59,2 цэнтнера з гектара, — адказвае Алёна Пятроўна. — Прытым што летась было ўсяго 44,1. Асабліва радуе азімая пшаніца з ура­джайнасцю 74,4 цэнтнера. Добра ўрадзіла і жыта, якое ўжо цалкам убралі і атрымалі амаль 1400 тон пры ўраджайнасці 46,5 цэнтнера.

— Алёна Пятроўна, калі Аляксандр Лукашэнка быў у Камянецкім раёне, то звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць больш шырокага выкарыстання насення айчыннай селекцыі. Як з гэтым справы ў «Новай Прыпяці»?

— Амаль усё насенне — наша, беларускае. Высяваем эліту, і максімум першай рэпрадукцыі. З імпартнага толькі невялікая частка жыта. І вось паглядзіце — можна са свайго насення выгадаваць добры ўраджай і ўбраць яго айчыннай тэхнікай.

Неўзабаве сцямнела, і ў небе над гарызонтам з’явіўся вялізны чырвоны месяц. І толькі ў гэты момант поле пакінуў апошні камбайн братоў Уладзіміра і Валерыя Буяк, якія на КЗС-1218 намалацілі 1547 тон збожжа. Апошні бункер у іх забраў малады вадзіцель Аляксандр Мамайка, які з пачатку жніва паспеў перавезці на новым аўтамабілі 1710 тон збожжа.

Па стане на 7 жніўня ў ААТ «Новая Прыпяць» убралі 88 працэнтаў агульнай плошчы збожжавых і зернебабовых культур, намалочана 12 754 тоны збожжа.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter