Вясновы букет

Яго падаравалі мінчанам і гасцям сталіцы майстры народнай творчасці на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў, які днямі прайшоў у Лошыцкім парку горада Мінска.

Атмасфера свята адчувалася ўжо ў тралейбусе, які вёз у парк жадаючых падзівіцца на вырабы народных майстроў. Дружнай грамадою людзі ішлі ў глыб парку, куды вабілі чароўныя гукі старадаўняй дуды, гармоніка, цымбал.
Ініцыятарамі правядзення Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў выступілі Міністэрства культуры Беларусі, Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, упраўленне культуры Мінгарвыканкама, адміністрацыя Ленінскага раёна г.Мінска. “Вясновы букет” быў азнаменаваны 15-гадовым юбілеем, які адзначае сёлета Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Святочны настрой удзельнікам надавала яшчэ і тое, што такое мерапрыемства праводзіцца ў нашай краіне ўпершыню.
— Да гэтага мы ладзілі святы народнага мастацтва ў розных кутках нашай радзімы, — адзначыў намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Гедройц, вітаючы народных майстроў з усіх рэгіёнаў краіны. — На “Славянскім базары ў Віцебску” прадаўжальнікі старадаўніх рамёстваў заўсёды жаданыя госці, але не галоўныя. А тут, на гасціннай зямлі Ленінскага раёна горада Мінска, яны на адзін дзень сталі гаспадарамі. Як бы мы ні хацелі, але урбанізацыя прыходзіць і да нас. Мы заўважаем, што з яе прыходам знікае душа народа. Аднак дзякуючы нашым сумесным намаганням адрадзіліся ў нашай краіне кавальства, бандарства, выцінанка.
Усіх удзельнікаў свята вітала майстар пякарскай скульптуры Валянціна Уласік са Стоўбцаў. Усё, што выпякае майстрыха, — гэта не проста булкі і пірагі, а сапраўдныя творы мастацтва. Бабуля займаецца любімай справай вось ужо на працягу 30 гадоў. Ні адно вяселле ў раёне не абыходзіцца без караваяў бабы Валі. Яна з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці з самага пачатку яго дзейнасці. Каб паспрабаваць грыбочкаў, духмяных кветачак, арэхаў, вырабленых Валянцінай Уласік з цеста, усім жадаючым трэба было пастаяць у чарзе. Сваё майстэрства бабуля Валя перадае сваім дзецям, унукам, праўнучцы. Валянціна Канстанцінаўна, дарэчы, была прызнана экспертнай камісіяй адной з лепшых у намінацыі “За лепшую калекцыю хатніх работ”.
Ля ткацкіх вырабаў Валянціны Гладкай з вёскі Праснакі Капыльскага раёна спыняліся нават мужчыны. Шыкоўныя рознакаляровыя дываны, ручнікі, сурвэткі Валянціна Кузьмінічна навучылася ткаць яшчэ ў дзяцінстве. “Бачыла, як мая мама тчэ, залазіла да яе на калені і спасцігала гэту навуку, — расказвае яна. Цяпер Валянціна Гладкая супрацоўнічае з раённым цэнтрам ткацтва. Яе вырабы размешчаны ў музеі народнай творчасці, што ў вёсцы Семежава на Капыльшчыне.
Дзівіліся фантазіі і ўмельству Надзеі Панцялеевай з Магілёва. Саламяныя кветкі, вазы, цукерніцы, кабылка, певень, лебедзі, Купалінка і Сымон-музыка, здавалася, свяціліся ў яркіх промнях сонца. Да фестывалю-кірмашу Надзея Ільінічна рыхтавалася амаль год. Спачатку нарыхтоўвала салому. Мінулае лета было надта дажджлівым, таму салома атрымалася цемнаватай. Для таго, каб яе зрабіць больш светлай, майстрыха апрацоўвала яе спецыяльнымі растворамі.
Творчую дуэль абвясцілі майстры з адзінага ў Беларусі народнага аматарскага аб’яднання “Лазінка” г.Горкі Магілёўскай вобласці, у экспазіцыі якога красаваўся набор плеценых з лазы пісталетаў. Але асаблівую цікавасць выклікалі самавар, чаравічкі для Папялушкі, якія, дарэчы, хацелі набыць многія мужчыны. Кіраўнік аб’яднання Тамара Багдановіч расказала, што майстры “Лазінкі” не аддаюць свае творы на продаж: іх задача — адраджаць адзін з самых старадаўніх відаў рамяства.
Унікальны від народнага мастацтва — драўляную скань —прадстаўлялі майстры з Гомеля. “Слова “скань” азначае “звіць завіток”, — расказаў Яўген Швяцоў. — У Падмаскоўі ёсць майстры, якія ствараюць узоры з металічных стружак, а драўляны спосаб аздаблення прадметаў прыдумаў гомельскі ўмелец Уладзімір Цікуноў”.
Дакрананне да скарбаў народных рамёстваў, якія ўжо амаль страчаны ў краінах Заходняй Еўропы, прынесла радасць кожнаму, хто завітаў на свята “Вясновы букет”. Шчаслівымі паехалі дадому і самі народныя ўмельцы. Як адзначыў старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, хоць усе майстры атрымалі дыпломы, грашовыя прэміі і падарункі, галоўнай узнагародай былі для іх цікавасць і захапленне гледачоў.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter