Край першароднай прыроды, магутнага прамысловага патэнцыялу і ўнікальных старажытных традыцый. Менавіта так можна прадставіць сёння паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі — Гомельскую вобласць.

Вясна тут ранняя...

Край першароднай прыроды, магутнага прамысловага патэнцыялу і ўнікальных старажытных традыцый. Менавіта так можна прадставіць сёння паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі — Гомельскую вобласць. 

Since 1998, Gomel has held the status of a centre of inter-regional communications for Belarus, Russia and Ukraine
З 1998 года Гомель носіць статус цэнтра міжрэгіянальных стасункаў Беларусі, Расіі ды Украіны

Археалагічны збор музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, які фарміраваўся на працягу амаль паўстагоддзя, — адзін з найбуйнейшых у Рэспубліцы Беларусь. Сёння ў ім налічваецца больш за 90 тысяч прадметаў, якія ахопліваюць перыяд ад верхняга палеаліту да позняга сярэднявечча. Работнікі музея ахвотна знаёмяць з ранняй гісторыяй краю:

— Чалавек пачаў абжываць тэрыторыю сучаснай Гомельскай вобласці ў эпоху палеаліту. Сляды стаянак радавых абшчын, якія існавалі 23-26 тысяч гадоў таму, выяўленыя ў Чачэрскім (в. Бердыж) і Калінкавіцкім (в. Юравічы) раёнах. Клімат у той час быў халодным, а расліннасць вельмі бедная, характэрная для арктычнай тундры. Першыя жыхары краю займаліся паляваннем і збіральніцтвам. Жыллё будавалі з валуноў і касцей мамантаў. Унутры размяшчалі ачаг. Карысталіся звычайнымі для той эпохі прыладамі працы — разцамі, скрабкамі, коп’ямі, нажамі.

Знаёмімся з экспазіцыямі, рухаемся далей. У 7-6 стагоддзях да нашай эры людзі на тэрыторыі Гомельскай вобласці навучыліся вырабляць прылады працы з жалеза. Гэты метал яны здабывалі з балотнай руды. Асноўным заняткам плямёнаў стала пасечнае земляробства. Сляды гарадзішчаў і паселішчаў (умацаваных і неўмацаваных пасяленняў), могільнікаў з пахаваннямі па абрадзе спалення часта сустракаюцца па берагах буйных і малых рэк. Многія помнікі таго часу пакінуты старажытнымі славянамі. Рымскія і візантыйскія гісторыкі і географы ведалі іх пад імёнамі венедаў, склавінаў і антаў. Славяне падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з кельтамі — насельніцтвам Цэнтральнай Еўропы, скіфамі — плямёнамі Паўночнага Прычарнамор’я, старажытнагрэчаскімі і рымскімі гарадамі. Са старажытнагрэчаскіх гарадоў у Падняпроўе і Пасожжа ўвозілі ўпрыгажэнні з каштоўных металаў, шкляныя каралі, гліняны посуд (амфары), тканіны.

Famous Gomel park over the River Sozh
Знакаміты Гомельскі парк над Сожам

А вось і новы паварот гісторыі. Пераход ад першабытнага ладу да феадалізму ў народаў, якія засялялі тэрыторыю вобласці, праходзіў у першым тысячагоддзі нашай эры. Экскурсаводы згадваюць такі цікавы факт:

— Старажытнарускі летапіс “Аповесць мінулых гадоў” называе два ўсходнеславянскія плямёны, якія пражывалі ў IX — XII стагоддзях на Гомельшчыне — дрыгавічы і радзімічы. Яны займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам, гандлем, рамёствамі. Дрыгавічы жылі на землях паміж Дняпром, Бярэзінай і Прыпяццю. У канцы першага тысячагоддзя ўтварылі племянное княства з цэнтрам у Тураве. Іх першым легендарным князем лічыцца Тур.
Радзімічы сяліліся ўздоўж ракі Сож і яе прытокаў. Паводле легенды, іх правадыром быў Радзім, які прыйшоў са сваім родам з заходнеславянскіх земляў. Да канца Х стагоддзя яны захоўвалі адносную незалежнасць і кіраваліся ўласнымі князямі і старэйшынамі. Разам з іншымі плямёнамі ўдзельнічалі ў ваенных паходах кіеўскіх князёў на сталіцу магутнай Візантыі — Канстанцінопаль. Пасля аб’яднання ў Старажытнарускай дзяржаве роднасныя плямёны дрыгавічоў і радзімічаў, нараўне з іншымі ўсходнімі славянамі, паступова зліліся ў адзіную народнасць. З канца Х стагоддзя землі дрыгавічоў былі падпарадкаваныя ўладзе тураўскіх князёў. У Х стагоддзі Тураўскае княства ўвайшло ў лік наймацнейшых княстваў Старажытнай Русі. У X-XII стагоддзях Тураў стаў буйным эканамічным, палітычным і культурным цэнтрам Русі. Тут працвіталі швейнае, кастарэзнае, ювелірнае, ганчарнае, метала- і дрэваапрацоўчае рамёствы і гандаль. Рака Прыпяць служыла водным шляхам на захад і ўсход. Сталіцу княства ўпрыгожвалі цудоўныя храмы. Рэшткі аднаго з іх, датаванага XII стагоддзем, знойдзены пры археалагічных даследаваннях старажытнага гарадзішча ў 1963 годзе. Па сваёй архітэктуры ён блізкі да сабораў Кіева і Уладзіміра.


Пра тое, што Тураў — адзін з найстаражытных цэнтраў пісьменства і летапісання, сведчыць знойдзены там у 1866 годзе фрагмент “Евангелля” XI стагоддзя, самай старадаўняй кнігі на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, Тураў і сёння вядомы далёка за межамі краіны. Менавіта там з-пад зямлі выраслі каменныя крыжы, пра гаючую сілу якіх ходзяць легенды.

Падзеі і асобы

Гісторыя рэгіёна сапраўды вельмі багатая і поўная падзеямі. У тым ліку трагічнымі: княжацкія міжусобныя войны, акупацыя кайзераўскай Германіяй, гераічная барацьба партызан і падпольшчыкаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1945 гады). Менавіта з Гомельскай вобласці пачалося вызваленне Беларусі ад захопнікаў. Тут разгортвалася баявая аперацыя “Баграціён”, якая ўрэшце дала магчымасць вызваліць Еўропу ад фашыстаў і атрымаць перамогу над гітлераўскай Германіяй.

Monument  to the first resident of Gomel at the bank of the River Sozh in Gomel
Помнік першаму гамяльчаніну на набярэжнай ракі Сож у Гомелі

Жыхары Гомельскай вобласці годна вытрымалі выпрабаванні, якія выпалі на іх долю і ў мірны час. Чарнобыльская трагедыя ў красавіку 1986 года, якая нанесла вялікія страты народнай гаспадарцы і раніла людзей у самае сэрца, не зламала іх, не спустошыла духоўна. Жыхары не толькі справіліся з чарнобыльскім шокам, але і змаглі мабілізаваць сілы і рэсурсы на мінімізацыю сацыяльных і эканамічных наступстваў ядзернага ўдару. Некалі апусцелыя пасёлкі і вёскі вярнуліся да жыцця, дзякуючы граматнай фінансавай палітыцы дзяржавы і працавітасці жыхароў Гомельшчыны.

З 1998 года Гомель носіць статус цэнтра міжрэгіянальных стасункаў Беларусі, Расіі ды Украіны. Так ацэ-нены ўклад гомельскага рэгіёна ў паспяховае эканамічнае, гандлёвае, культурнае супрацоўніцтва, ва ўмацаванне інтэграцыі паміж славянскімі дзяржавамі. 


А яшчэ Гомельская вобласць знакамітая многімі сваімі ўраджэнцамі. У гэтым рэгіёне пабачылі свет двойчы Герой Савецкага Саюза Павел Галавачоў, народныя пісьменнікі Беларусі Іван Мележ і Іван Шамякін, мастакі Георгій Ніскі і Гаўрыла Вашчанка, дыпламат Андрэй Грамыка, алімпійскія чэмпіёны Леанід Гейштар, Алена Рудкоўская, Раман Петрушэнка. Яркі след пакінулі ў гісторыі авіяканструктар Павел Сухі, архітэктар Станіслаў Шабунеўскі, этнограф і гісторык Еўдакім Раманаў, навукоўцы Леў Выгоцкі і Уладзімір Белы, чые біяграфіі таксама былі звязаныя з гэтым краем.
Сучасная Гомельшчына — адзін з высокаразвітых індустрыяльных рэгіёнаў Беларусі. Аснову эканомікі традыцыйна фарміруе прамысловы сектар, актыўна развіваюцца машынабудаванне, хімічная, лясная, лёгкая, харчовая прамысловасць, будаўнічая галіна, вытворчасць сталі і металапракату. На тэрыторыі вобласці знаходзіцца найбуйнейшая ў краіне вытворчасць солі, выяўлены радовішчы гаручых сланцаў, запасы бурага вугалю, калійнай солі, разведана каля 1 500 радовішчаў торфу. А галоўнае — эканоміка працуе на людзей, на паляпшэнне жыцця кожнага чалавека, яго дабрабыту і ўмацаванне здароўя. 

Апора вытворчасці

Сёння ў гомельскім рэгіёне сканцэнтраваны вядучыя прадпрыемствы краіны, дзякуючы чаму эканоміка краю развіваецца вельмі паспяхова. У гэтым лідарскім ліку Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, кампанія “Беларуснафта”, Беларускі металургічны завод.

Monument to Buratino and his friends

БМЗ, размешчаны ў раённым горадзе Жлобін, — адзін з буйнейшых у свеце пастаўшчыкоў металакорду для шынных прадпрыемстваў. Колькасць працуючых тут перавышае 12 тысяч чалавек. Па ўзроўні вытворчасці прамысловай прадукцыі ААТ “Беларускі металургічны завод” займае вядучае месца сярод прадпрыемстваў краіны. Прымяненне перадавых тэхналогій, выкарыстанне высокапрадукцыйнага абсталявання, а таксама кваліфікацыя супрацоўнікаў дае магчымасць прадпрыемству дасягаць добрых вынікаў. Еўропа, Расійская Федэрацыя, Блізкі Усход і Афрыка — на гэтыя рэгіёны прыпадае больш за 90 працэнтаў ад усёй экспартуемай металапрадукцыі БМЗ. Геаграфія паставак пастаянна пашыраецца. Цяпер у гэтым спісе ўжо такія новыя краіны-партнёры, як Ангола, Буркіна-Фасо, Кувейт, Габон, Саудаўская Аравія, Эквадор, Тайвань ды Інданэзія.
Прадпрыемства пастаянна тэхнічна абнаўляецца. У 2015 годзе рэалізацыя самай маштабнай у гісторыі Беларускага металургічнага завода мадэрнізацыі выходзіць на заключную стадыю. На прадпрыемстве плануецца завяршыць праекты на чатырох важных аб’ектах. У дырэкцыі БМЗ расстаўляюць акцэнты:

— Адным з найбольш значных праектаў сёлета для завода з’яўляецца арганізацыя вытворчасці сартавога пракату з будаўніцтвам дробнасартавога-драцянога стана. У цяперашні час па аб’екце выкананы праектныя і агульнабудаўнічыя работы, вядзецца мантаж абсталявання і пуска-наладка з удзелам прадстаўнікоў замежнай фірмы. З пачатку рэалізацыі праекта асваенне інвестыцый перавысіла 342 мільёны еўра.

“Лёгкія Еўропы”

Сёння Нацыянальны парк “Прыпяцкі” — адна з самых папулярных турыстычных славутасцяў Беларусі. На вялікіх плошчах “беларускай Амазоніі” ў першародным выглядзе захаваліся прыродныя сістэмы з надзвычай багатым раслінным і жывёльным светам — вялікія балоты, шырокія поймы, дубровы, шырокаліставыя лясы. 

Дарэчы, Прыпяцкае Палессе заслужана называюць “лёгкімі Еўропы”. Бо тут знаходзіцца буйнейшы лесабалотны комплекс кантынента. А менавіта балоты лепш за ўсё ўзбагачаюць паветра кіслародам. Поймавыя дубровы Прыпяцкага Палесся па структуры і фларыстычным складзе ўнікальныя для ўсёй Усходне-Еўрапейскай раўніны.

Rumyantsev-Paskevich Palace
Палац Румянцавых і Паскевічаў

Нацыянальны парк “Прыпяцкі” таксама мае міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі. Там гняздуецца 256 відаў птушак, з іх 65 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Пойма Прыпяці — буйнейшае міграцыйнае рэчышча пералётных птушак у Еўропе. Менавіта таму туды з’язджаюцца аматары дзікай прыроды з усяго свету. У парку, да прыкладу, сустракаюцца дзікі, алені, ласі, лані, зайцы, лісы, андатры, янотападобныя сабакі, бабры… Ёсць і рэдкія віды: зубр, еўрапейская норка, еўрапейская рысь, барсук, садовая соня, соня-палчок.

Цяжка прыдумаць лепшы варыянт адпачынку, поўны гарантавана яркіх уражанняў. Але ж і назіранне за прыродай у яе першародным выглядзе — гэта яшчэ не ўсё. У Нацыянальным парку “Прыпяцкі” працуе цудоўны Музей прыроды, дзе наглядна прадстаўлены ландшафты беларускага Палесся з яго насельнікамі ў розныя поры года, сабраны багатыя калекцыі экспанатаў буйных капытных жывёл, насякомых, рэптылій і амфібій, гербарый рэдкіх раслін Беларусі. Таксама ў ім адкрыта зала этнаграфіі Палескага краю і стылізаваная хата палешука, прысвечаныя культурна-гістарычнай унікальнасці гэтага рэгіёна.

Гуканне Вясны

На Гомельшчыне, як нідзе ў Беларусі, захаваўся адзін з даўніх народных абрадаў “Гуканне Вясны”, які звычайна праводзіцца з канца лютага і на працягу ўсяго сакавіка. У розных рэгіёнах, зрэшты, не толькі свая дата, але і свае традыцыі сустрэчы вясны. Аднак ярчэй за ўсё гэты абрад праводзяць у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна, дзе ўсе мясцовыя жыхары спакон веку ад малога да вялікага выходзяць на мясцовую гару, каб гукаць цяпло і сонца.

Назва ў тонежскага абраду асаблівая — “Чырачка” — па выглядзе качак, якія першымі прылятаюць у гэтыя краі, як толькі пачынае раставаць снег. Менавіта “чырачка” і ёсць адна з гераінь свята. Сотні пячэння ў выглядзе птушак выпякаюць мясцовыя гаспадыні, каб на свяце пачаставаць вяскоўцаў і гасцей. А апошніх на “Чырачку” прыязджае вельмі шмат з розных куткоў Беларусі ды іншых краін. Гасцей лёгка зразумець. Такога прыгожага абраду, напэўна, больш нідзе не ўбачыш. Пачатак яму даюць ля дома самых моцных гаспадароў Тонежа. Вось ужо які год гэта сям’я Дрынеўскіх. Менавіта там дзяўчаты ўпрыгожваюць ялінку — сімвал прадаўжэння вясковага жыцця. Яе і панясуць мясцовыя хлопцы на гару, дзе расце стары дуб. Прычым, панясуць нясумна. З песнямі, танцамі, жартамі ды прыгаворкамі, раздаючы па дарозе ўсім сустрэчным “чырачак”. Атрымаць такі падарунак — добры знак. 

Alley of the enamored in “Festivalny” park
Алея закаханых у парку “Фестывальны”

А на гары старыя і моладзь пачы-наюць спяваць песенькі — “вяснянкі”. Хлопцы, тым часам, мацуюць ялінку на дуб, каб пралётныя птушкі ўбачылі яе і хутчэй даставілі вясну ў лельчыцкія краі. Пасля ж пачынаецца гулянне. Старадаўнія забавы і гульні, песні і розыгрышы. Але самая запамінальная традыцыя тонежскай “Чырачкі” — катанне з гары. Спецыяліст па фальклоры Марыя Тушынская тлумачыць яго загадкавую сутнасць:

— Падчас свята абавязкова трэба скаціцца з гары. Паводле тонежскага павер’я, зямля дасць сілы на цэлы год, пазбавіць і абароніць ад хвароб. Сёлета, аднак, на “Чырачку” снегу ўжо зусім не было. Але людзі ўсё роўна каталіся з гары. Традыцыі трэба паважаць пры любым надвор’і.

Завяршэнне ж абраду — спальванне пудзіла Зімы. І тут без прыкмет не абыходзіцца. Хутка згарыць анучная лялька — быць ранняй вясне. Доўга будзе гарэць — халады яшчэ не адступяць. Гэтым разам, гавораць тонежскія, полымя ў імгненне знішчыла пудзіла. Відаць, варта чакаць хуткага цяпла. 

Віялета Дралюк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter