Вясна праменнi сонца кiне, і расквітнее прыгажосць

У Мінскай вобласці праходзяць урачыстасці з нагоды Дня жанчын

У сталічнай вобласці праходзяць урачыстасці з нагоды Дня жанчын.

Гэта першае свята вясны прасякнута асаблівымі пачуццямі і рамантызмам. Адметна, што самыя розныя мерапрыемствы ладзяцца літаральна паўсюдна — ад дзіцячых садкоў да сур’ёзных дзяржаўных устаноў. І, канечне ж, яно святкуецца ў сем’ях. Нязменны атрыбут — кветкі і цёплыя словы любові і ўдзячнасці каханым, працаўніцам, музам, маці.

Менавіта так, шчырымі пажаданнямі і прыгожымі букетамі, віталі жанчын у Мінскім аблвыканкаме, дзе яго старшыня Барыс Батура правёў сустрэчу з прадстаўніцамі з усіх рэгіёнаў Міншчыны. Яны працуюць у самых розных сферах. Напрыклад, Іна Бруй загадвае лабараторыяй Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве, што размяшчаецца ў Жодзіне, Ганна Зяневіч узначальвае брыгаду тынкоўшчыкаў «ПМК-188» Валожынскага раёна, Наталля Піхтоўнікава — намеснік дырэктара ЦБП № 610 філіяла ТАА «АСБ Беларусбанк» у Крупках, Валянціна Смарцова — слесар механазборачных работ на Клецкім мехзаводзе, Алена Гушчэня працуе аператарам машыннага даення ў ТАА «Старыца-Агра» на Капыльшчыне, а маёр юстыцыі Наталля Кавалёва з’яўляецца старшым следчым аддзела па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі следчага ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці і гэтак далей. Усе гэтыя жанчыны з’яўляюцца яркімі асобамі, сапраўднымі прафесіяналамі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сталічнай вобласці.

У сваім прывітальным слове Барыс Батура адзначыў, што ў беларускім грамадстве прадстаўніцы чароўнай яго паловы адыгрываюць выключна важную ролю. «Гэта не толькі адлюстраванне дэмаграфічных рэалій. Дзякуючы намаганням кіраўніцтва дзяржавы шмат зроблена для таго, каб жанчыны мелі моцны голас у парламенце і прымалі самы актыўны ўдзел у рашэнні найважнейшых дзяржаўных задач. Шаноўныя жанчыны, цяжка пераацаніць ваш уклад у развіццё такіх асноватворных напрамкаў дзейнасці, як ахова здароўя, адукацыя, культура, прадпрымальніцтва і іншыя. І, зразумела, на вашых плячах ляжыць самая цяжкая місія — выхаванне дзяцей. Мы аддаём даніну павагі вашым выдатным якасцям — высокай адукаванасці, прафесіяналізму, мэтанакіраванасці, адказнасці і творчым адносінам да справы. І, канечне ж, той гармоніі, якая яднае ў сабе каханне, міласэрнасць, шчырасць, працавітасць і шматлікія іншыя лепшыя якасці», — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Таксама перадсвяточнымі днямі прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння ордэна Маці шматдзетным мамам Міншчыны. Яго ўдастоены 23 жанчыны з розных рэгіёнаў вобласці. Атрымаць такую ўзнагароду — вялікі гонар, бо гэта адзнака за асаблівыя заслугі перад краінай — умацаванне інстытута сям’і і годнае выхаванне дзяцей.

З непрыхаваным хваляваннем жанчыны атрымлівалі ордэны. Большасць з іх — простыя працаўніцы: аператары машыннага даення, паштальёны, прадаўцы, швачкі, прыбіральшчыцы. Многія і зараз знаходзяцца ў водпуску па догля-дзе за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў. Цікавыя лёсы гэтых жанчын. Але, якімі б рознымі яны нi былі, яднае іх не проста мацярынства, а сапраўдная мацярынская праца. Сямярых дзяцей выхоўвае Ала Ходар з Нясвіжскага раёна, па шасцёра — Ніна Дзягцяр з Клеччыны, Марына Бробыш са Случчыны і Ангеліна Дудуронак з Бярэзіншчыны. Усе ўзнагароджаныя жанчыны атрымалі шмат віншаванняў і шчырых слоў удзячнасці за тое, што мацуюць сям’ю, выхоўваюць здаровых, гарманічна развітых дзяцей.

Такім чынам, зараз на Міншчыне 1362 шматдзетныя маці, якія нарадзілі і годна выхоўваюць пяцярых і больш дзяцей, узнагароджаны ордэнам Маці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter