Вясна на парог — хлебароб у поле

Міншчына плануе правесці пасяўную ў аптымальныя тэрміны

На Міншчыне маюць намер правесці веснавую пасяўную ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны

Сёлета аграрыям цэнтральнага рэгіёна неабходна правесці яравую сяўбу на плошчы 570,5 тыс. га. Плануецца, што збожжавыя і зернебабовыя зоймуць 298,9 тыс. га, цукровыя буракі — 35,7 тыс. га, лён — 11 тыс. га, бульба — 11,7 тыс. га, гародніна — 1,77 тыс. га, кукуруза на сілас і зялёны корм — 141,59 тыс. га, аднагадовыя травы — 61,66 тыс. га.

Зараз поўным ходам вядзецца комплекс падрыхтоўчых работ і ў цэлым вызначаецца высокая ступень гатоўнасці. Гэта было адзначана ў час пасяджэння Мінаблвыканкама, дзе абмяркоўвалася адпаведнае пытанне.

Стопрацэнтная гатоўнасць тэхнікі — да 1 сакавіка, стопрацэнтная камплектацыя механізатарскімі кадрамі — да 15 сакавіка. Такую задачу паставіў перад працаўнікамі сяла старшыня аблвыканкама Барыс Батура. На сяўбе будзе задзейнічана 9,3 тыс. трактароў, 93 % ужо сёння гатовы выйсці ў поле. Прыкладна такая ж ступень падрыхтаванасці і па іншых відах тэхнікі. У цэлым жа трактарны парк, глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, машыны для ўнясення мінеральных удабрэнняў, хімічнай аховы раслін і насення павінны стаяць на лінейцы гатоўнасці да 1 сакавіка. Якасць правераць спецыяльныя камісіі. «Упэўнены, што ўся тэхніка будзе падрыхтавана належным чынам і ў вызначаны тэрмін. А да 15 сакавіка плануем завяршыць тэхналагічную наладку і рэгуліроўку», — адзначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталь Грышанаў.

На гэту ж дату павінна быць забяспечана неабходная колькасць механізатараў з улікам работы ў двухзменным рэжыме. Выкананне гэтага патрабавання будзе строга кантралявацца ў кожным раёне. Двухзменны рэжым выбраны невыпадкова, бо менавіта такая схема дазволіць выканаць запланаваныя аб’ёмы работы ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Усяго ж для правядзення пасяўной АПК неабходна задзейнічаць 10 тыс. 458 механізатараў, зараз іх — 87 % да патрэбы, не хапае 1 тыс. 330. Гэту колькасць неабходна знайсці да вызначанага тэрміну, што будзе зроблена з ліку спецыялістаў з іншых работ у гаспадарках, прамысловых прадпрыемстваў, выпускнікоў прафесійна-тэхнічных і практыкантаў тэхнічных навучальных устаноў, вучэбных камбінатаў райсельгасхарчаў.

Пад сяўбу ў вобласці сфарміраваны асноўныя фонды насення збожжавых, зернебабовых і бульбы. Яны поў-насцю забяспечаць патрэбу і нават больш таго. Для планавай сортазмены і сортаабнаўлення на базах элітгасаў назапашана неабходная колькасць элітнага насення. Значна палепшаны рэпрадукцыйны і сартавы склад бульбы.

У час вясенняй пасяўной кампаніі неабходна праявіць асаблівы клопат і пра фарміраванне кармавой базы для забеспячэння патрэб жывёлагадоўлі. «Згодна з рэкамендацыямі Мінсельгасхарчу аднагадовыя травы ў вобласці трэба пасеяць на плошчы больш за 100 тыс. га, а мы сеем на 61 тыс. га. Плошчы, якіх не хапае, неабходна вызначыць, узараць і засеяць. Гаспадаркі павінны стварыць такую кармавую базу, каб паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне адчувальна палепшыліся», — падкрэсліў Барыс Батура.

Што датычыць корманарыхтоўкі ў цэлым, то было адзначана, што сельгасарганізацыі маюць намер істотна актывізаваць сваю работу і па тэрмінах, і па якасці. У вобласці ўжо аб’яўлены тэндар на набыццё 50 высокапрадукцыйных корманарыхтоўчых камбайнаў, іншай неабходнай тэхнікі. А таксама вядзецца працэдура закупкі насення шматгадовых бабовых траў і зернебабовых культур для падсеву шматгадовых траў і перазалужэння ўгоддзяў. «Сёлета разам з вырошчваннем і ўборкай кармоў асаблівая ўвага будзе нададзена іх захаванню», — сказаў Віталь Грышанаў.

Пад веснавую сяўбу гаспадаркі вобласці таксама вядуць работы па назапашванні мінеральных удабрэнняў і арганікі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter