Познаем Беларусь: обрядовую выпечку «Буськова лапа» готовят на Благовещение жители Ивановского района

Вяшчун вясны

Праваслаўныя вернікі штогод 7 красавіка адзначаюць адно з вялікіх хрысціянскіх свят — Благавешчанне. Назва паходзіць ад словазлучэння «благая (або радасная) вестка» і звязваецца з цудоўным зачаццем сына Божага Ісуса Хрыста. Згодна з Евангеллем, архангел Гаўрыіл з’явіўся Дзеве Марыі і паведаміў ёй пра тое, што яна хутка стане Маці Божай.


У народным календары гэты дзень называлі таксама Дабравешчанне, Звеставанне, Свята вясны, Гуканне вясны, Рыгор. Асноўным сімвалам свята і вешчуном цяпла лічыўся бусел. Нашы продкі чакалі яго прылёту — гэты было для іх своеасаблівым сігналам, што можна распачынаць працу ў полі. Па павер’ях, калі пасля таго як сышоў снег і бусел стаў лапамі на глебу — дакладна можна пачынаць араць і сеяць. Таму Благавешчанне яшчэ лічылі святам адмыкання зямлі.

Таксама лічылася, што бусел прыносіць у сем’і немаўлят. Тлумачылася гэта тым, што якраз у красавіку пачыналі нараджацца дзеці, зачатыя ў Купальскую ноч. З сакральнай птушкай звязваліся розныя прыметы і павер’і. Напрыклад, убачыць буслоў, якія лётаюць парамі, было знакам шчасця на ўвесь год.

На Палессі існаваў звычай падыходзіць да слупа, дзе бусел пасля вяртання з выраю пачынаў будаваць гняздо, кланяцца яму і прасіць здароўя для сябе і сям’і. А на Брэстчыне і зараз існуе традыцыя выпякання абрадавага печыва ў форме бусліных лап. Ласунак мае цікавую назву — «буськова лапа». Менавіта так ласкава — «буська, бусёк» — у нашы дні называюць гэту птушку ў Іванаўскім раёне. Жыхарка аграгарадка Моталь Ніна Кульбеда расказвае, што «буськову лапу» пяклі на Благавешчанне яшчэ яе прабабулі:

— Да нас, на поўдзень Беларусі, «буські» прылятаюць на два тыдні раней, чым на поўнач краіны. Існавала павер’е, што да свята бусел вяртаецца з цёплых краёў і паспявае адкласці першае яйка. Лічылася, нібыта «бусёк» думае: «Хоць лёдам падаўлюся, а на Благавешчанне вярнуся». У нас казалі: «Як ужо бусла хто самы першы ўбачыў, то ён першы вясну сустрэў».

З «буськовымі лапамі» звярталіся да буслоў, пелі песні-вяснянкі, прасілі падарыць добры ўраджай. 

— Печыва ў асноўным раздавалася дзецям, — кажа Ніна Мікалаеўна. — Яны хадзілі па хатах з просьбай пакаштаваць «буська». Ласункі падкідвалі ўверх, працягвалі птушкам, пры гэтым выкрыквалі: «Бусел, бусел, на тобі галепу, дай жытэчка копу. Бусел, бусел, на тобі барану, дай жыта бок. Бусел, бусел, на тобі пэрожок, дай жытэчка стажок…»

АД ПРАДЗЕДАЎ

Калі на Благавешчанне бусел ляціць, махаючы крыламі, будзе дождж. Калі лунае з распраўленымі крыламі — хутка будзе цёплае надвор’е.

БУСЬКОВА ЛАПА

Рэцэпт жыхаркі аграгарадка Моталь Іванаўскага раёна Ніны Кульбеды.

Перад выпечкай чыталі малітву, потым рашчынялі цеста. Рэцэпт просты, нішчымны, бо працягваецца пост.

Высыпце ў міску сухія дрожджы (15 г), развядзіце іх цёплай вадой (прыкладна 30—40 градусаў). Дадайце чайную лыжку солі, 2—3 лыжкі цукру, 3 сталовыя лыжкі алею і добра змяшайце. Можна дадаць сталовую лыжку гарэлкі, каб цеста падыходзіла лепш. Паступова ўвядзіце кілаграм мукі, прасейваючы яе праз сіта. Замясіце цеста да такой кансістэнцыі, каб яно перастала прыставаць да рук. Пакрыйце цеста харчовай плёнкай, пакіньце яго падыходзіць. Яно будзе гатова, калі перастане расці і нават пачне злёгку ападаць. Затым трэба вылепіць фігуркі велічынёй з дзіцячую далонь у выглядзе птушыных лапак. Паверхню печыва памажце настоем моцнай гарбаты з цукрам. Выпякайце ў разагрэтай да 180 градусаў духоўцы, пакуль печыва не падрумяніцца.

Дарэчы, ласункі пяклі як з трыма, так і з пяццю кіпцікамі. Сярод печыва былі фігуркі не толькі ў выглядзе бусліных лапак, але і ў форме прылад працы. Лічылася, што такое печыва, калі яго з’есці на свята, надасць сілы на ўвесь будучы земляробчы год. 

kuzmich@sb.by 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter