Гатуем вясельныя стравы па старадаўніх рацэптах

Вясельныя cтравы

Такая важная падзея, як вяселле, не магла абысціся без каравая. Гатавалі яго заўжды круглым. Гэта сімвалізавала сонца, што ўказвае на вельмі старажытную гісторыю ўзнікнення каравая.

У сучасным варыянце каравай робяць толькі з пшанічнай мукі, але раней для гэтага выкарыстоўвалі і жытнюю. Галоўнае ў вясельным караваі не рэцэпт (іх шмат у кожным рэгіёне нашай краіны), а спосаб яго гатавання. Гэта цэлы рытуал, падпарадкаваны строгім правілам.



Брацца за такую адказную справу маглі жанчыны, якія былі не толькі добрымі гаспадынькамі, але і мелі шчаслівы шлюб, здаровых дзетак. Бяздзетныя, удовы, жанчыны ў разводзе да каравайнага дзеяння не дапускаліся. Лічылася, што такія каравайшчыцы могуць перадаць свае няшчасці маладым.

Існуе шмат прыкмет наконт таго, як гатаваць каравай. Напрыклад, раней стараліся ўзяць ваду з сямі крыніц, муку з сямі мяшкоў. У доме, дзе пяклі каравай, можна было размаўляць толькі шэптам. Як правіла, перад пачаткам работы хадзілі ў лазню, апраналі чыстае адзенне, вымывалі хату. Абавязкова чыталі малітву.

Па тым, які каравай атрымліваўся, загадвалі пра будучае жыццё маладых: калі ўсё спяклося добра, то і жыццё сямейнае атрымаецца складным, калі каравай падгарэў -- жаніх будзе сквапным, калі скасабочыўся, то штосьці няладнае чакае ў будучыні.

Рэцэпт каравая

Вам спатрэбяцца: 2 шклянкі малака, 6 яек, 1 шклянка таплёнага сметанковага масла, 1 шклянка цукру, 5--6 шклянак пшанічнай мукі, 30 г дражджэй, 1/2 маленькай лыжкі шафрана, 1/2 маленькай лыжкі молатага кардамона, дробка солі.

Свежыя дрожджы разамніце відэльцам з лыжкай цукру, развядзіце 1/2 шклянкі цёплага малака і пакіньце на 15 хвілін.

У вялікі рондаль прасейце 3 шклянкі мукі, залейце цёплым малаком, добра перамяшайце і дадайце дрожджы. Прыкладна праз гадзіну рошчына стане пышнай. Асадзіце яе і дадайце ўзбітыя з цукрам яйкі, соль, 2 шклянкі мукі. Добра размяшайце. Толькі потым улейце тонкім струменьчыкам цёплае масла. Спачатку лыжкай, а затым рукамі вельмі старанна вымесіце цеста, каб яно пачало адставаць ад рукі. Калі трэба, дадайце яшчэ мукі. Глядзіце, каб кансістэнцыя цеста была як густая смятана. Апошнімі кладуць у каравай шафран (не пашкадуйце грошай, купіце сапраўдны шафран) і кардамон. І зноў вымешайце, накройце рушніком і дайце падысці.

Падрыхтуйце формы для каравая. Яны павінны быць чыстымі, без пахаў. Смажце формы алеем, прагрэйце ў гарачай духоўцы 5 хвілін. Калі яны астынуць, змажце сметанковым маслам.

Як толькі цеста набярэ сілу і падыдзе, абамніце яго яшчэ раз, вылейце у формы на 3/4 аб’ёма. Дайце зноў падысці. Пастаўце цеста ў гарачую духоўку, разагрэтую да 200 градусаў, на 30--40 хвілін (у залежнасці ад аб’ёма каравая). Калі каравай будзе гатовы, дастаньце яго і накрыйце рушніком, каб астыў. Толькі потым вымайце з формы.

Для гэтага рэцэпта ўпрыгожванні гатуюцца асобна, а потым ставяцца на каравай. Сама булачка атрымліваецца вельмі далікатная і вытанчаная, калі каравай не разразаць, то мякіш не становіцца чэрствым амаль тыдзень.

Упрыгожванні

Вясельныя караваі заўсёды шчодра ўпрыгожвалі. Варыянтаў такога дэкора шмат: гэта фігуркі птушак, кветачкі, касічкі, каласкі. У кожным рэгіёне -- свае традыцыі ўпрыгожвання каравая.

Напрыклад, у Камянецкім раёне мясцовыя каравайшчыцы пякуць кветачкі з цеста. Рэцэпт вельмі просты: 3 яйкі, 4 сталовыя лыжкі цукру і 3--4 сталовыя лыжкі мукі. Усё трэба змяшаць да аднароднай масы. Павінна атрымацца цеста як на блінцы. На гарачую патэльню выкладайце маленькія аладачкі. Калі яны падрумяняцца, здымайце іх лапатачкай. Пакуль яны не астылі, збярыце з іх кветкі з пяці, сямі пялёткоў. Як толькі такія кветачкі астынуць, стануць цвёрдымі і будуць трымаць форму, імі можна ўпрыгожваць каравай.

Каралеўскі дэсерт

Ёсць ячшэ адна страва, якую можна прыгатаваць у дапаўненне да каравая ці святочнага торта. Гэта старажытная страва -- архас. Вядомы гэты дэсерт з XVII стагоддзя. Ён падобен на церамісу, але значна смачнейшы. Існуе легенда, што польскі кароль і вялікі князь літоўскі Ян ІІІ вельмі любіў архас і заказваў такі дэсерт свайму кухару амаль кожны дзень. Некаторыя ўпэўнены, што ў караля з яго любімай жонкай Марысенькай было 13 дзяцей дзякуючы менавіта архасу. Калі разгледзець яго склад, можна заўважыць прадукты, якія з’яўляюцца прыроднымі афрадызіякамі, напрыклад, ваніль. Між тым прыгатаваць гэты каралеўскі дэсерт магчыма і ў хатніх умовах. Адмысловых “каралеўскіх” намаганняў ён не патрабуе.

Рэцэпт архасу

Вам спатрэбяцца: 1 л малака, 300 мл ражанкі, 200 мл тлустай смятаны, 5 яек, 200 г цукру, ваніль, карыца, узбітыя вяршкі для ўпрыгожвання.

Аддзяліце жаўткі ад бялкоў. Бялкі астудзіце і ўзбейце з цукрам у пену. Жаўткі ўзбейце асобна. У рондаль улейце малако, дадайце ражанку, смятану, узбітыя жаўткі і ваніль, добра змяшайце. Затым асцярожна ўвядзіце і бялкі. Пастаўце на пліту і, памешваючы, давядзіце да кіпення, каб малако згарнулася. Атрыманую масу злейце у палатняную сурвэтку, якую трэба падвесіць у прахалодным месцы, каб сцякла вадкасць і архас астыў.

Гатовы дэсерт выкладзіце ў прыгожую пасудзіну. Пасыпце карыцай і дэкарыруйце ўзбітымі вяршкамі. Паспытайце, атрымайце асалоду і адчуйце сябе трошкі князем ці каралём.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter