Нашчадкам выхадцаў з Беларусі атрымаць беларускае грамадзянства стала значна прасцей

Вяртацца ніколі не позна

Нашчадкам выхадцаў з Беларусі атрымаць беларускае грамадзянства стала значна прасцей

Днямі Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла папраўкі ў закон “Аб грамадзянстве”. Цяпер атрымаць беларускае грамадзянства стала прасцей тым замежнікам — нашчадкам людзей, якія пражывалі ў Беларусі да распаду Савецкага Саюза. Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаў­нікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Тамары Красоўскай, наш­чадкамі выхадцаў з Беларусі лічацца іх дзеці, унукі — усе родныя па прамой лініі. “Яны маюць права прыехаць у краіну і адразу атрымаць беларускае грамадзянства”, — патлумачыла дэпутат. Цяпер для такіх людзей неабавязкова пражыць у Беларусі сем гадоў, як тое было раней. Галоўнае — мець дакументы, што пацвярджаюць крэўныя сувязі.

“Мы спадзяемся, што людзі, якія маюць беларускія родавыя карані, прыедуць на этнічную радзіму на пастаяннае месца жыхарства, — падкрэсліла Тамара Красоўская. — Для нас гэта будзе вельмі станоўчым момантам”.

Дарэчы. Сёння ў розных краінах свету жыве каля 3,5 мільёна беларусаў. Але калі палічыць нашчадкаў супля­меннікаў у другім і трэцім пакаленні, то лічба будзе значна большая. Паводле афіцыйнай статыстыкі, больш за ўсё беларусаў жыве ў ЗША і Канадзе, Расіі, Украіне. Значная колькасць беларусаў пусціла карані ў Прыбалтыйскіх краінах: Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы. Шмат ураджэнцаў Беларусі ў Ізраілі, краінах Лацінскай Амерыкі. Цяпер па свеце дзейнічаюць больш за 200 беларускіх грамадскіх суполак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter