Вяртанне

Восем слуцкіх паясоў і два іх фрагменты прадаставіў на доўгатэрміновае экспанаванне Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі Дзяржаўны гістарычны музей Масквы
Восем слуцкіх паясоў і два іх фрагменты прадаставіў на доўгатэрміновае экспанаванне Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі Дзяржаўны гістарычны музей Масквы.

Адзін з доўгачаканых экспанатаўНапачатку крыху гісторыі. Слуцкія паясы — вырабы беларускага ручнога ткацтва другой паловы XVIII – першай паловы XIX стагоддзя. Назву атрымалі ад горада Слуцка, дзе ў 1740-х гадах была арганізавана вытворчасць паясоў, якія замянілі прывазныя ўсходнія паясы і сталі прыналежнасцю беларускага, польскага, украінскага і рускага мужчынскага гарнітура. Слуцкія паясы ткаліся з тонкіх шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, вельмі доўгімі (2-4,5 метра) і шырокімі (30-50 сантыметраў); па баках упрыгожваліся ўзорнай аблямоўкай, а па канцах — пышным, галоўным чанам, раслінным арнаментам, у якім народныя ўзоры спалучаліся з усходнімі матывамі. Высокамастацкія слуцкія паясы хутка набылі шырокую вядомасць. У другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя падобныя вырабы, якія зваліся слуцкімі паясамі, вырабляліся таксама ў Нясвіжы, Варшаве, Кракаве і іншых гарадах.

На гэты раз у Мінску прадстаўлены паясы розных мануфактур са збору Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы. Тут трэба адзначыць, што вялікая калекцыя паясоў была аддадзена ў дар Гістарычнаму музею ў 1905 годзе вядомым рускім збіральнікам і мецэнатам Пятром Шчукіным. Сярод іх — 19 паясоў з пазнакай “У градзе Слуцку”.

Калі ж увогуле гаварыць пра слуцкія паясы, то трэба мець на ўвазе, што даваенны збор гэтых шэдэўраў ткацтва (21 экземпляр з Беларускага дзяржаўнага музея і 48 паясоў з нясвіжскага збору князёў Радзівілаў) быў згублены ў гады другой сусветнай вайны ў акупіраваным Мінску. Дагэтуль невядомы лёс і трох паясоў, перададзеных у 1927 годзе на выставу “Слуцкія паясы” ў Беларускім дзяржаўным музеі. Пошукі іх пакуль не далі вынікаў.

Перамовы аб доўгатэрміновым дэпазіце слуцкіх паясоў з расійскіх збораў вядуцца ўжо некалькі гадоў. Пачатак быў пакладзены Расійскім этнаграфічным музеем у Санкт-Пецярбургу, які ў 1992 годзе перадаў на 10-гадовы дэпазіт Слуцкаму раённаму краязнаўчаму музею падпісны слуцкі пояс. У 2005 годзе ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь нараўне з беларускімі шэдэўрамі экспанавалася 4 паясы са збору Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве.

С. Сцяпашын перакананы, што слуцкія паясы павінны быць у БеларусіАле паясы з маскоўскага збору былі выстаўлены ўсяго тры тыдні.
Цяперашняя выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі дасць магчымасць беларусам на працягу цэлага года бачыць свае нацыянальныя рэліквіі, якія яны ведаюць пераважна па рэпрадукцыях. На выставе экспануюцца тры партрэты прадстаўнікоў беларускай шляхты ХVІІІ – ХІХ стагоддзяў (Іосіф Завіша, пасля 1736 г., Іосіф Жагель, канец ХVІІІ – пачатак ХІХ стагоддзя, Тадэвуш Багдановіч, 1891), якія даюць уяўленне аб ролі і значнасці поясоў у тыя часы.

Падчас цырымоніі адкрыцця выставы ў Мінску, Нацыянальны мастацкі музей у асобе яго дырэктара Уладзіміра Пракапцова выказаў падзяку кіраўніцтву Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі Расіі і Дзяржаўнага гістарычнага музея за прадастаўленне слуцкіх паясоў для паказу ў Беларусі, а кіраўніку Лічыльнай палаты Сяргею Сцяпашыну — за са-дзейнічанне ў арганізацыі выставы.

Так, менавіта Сяргей Сцяпашын, наведаўшы сёлета зімой Нацыянальны мастацкі музей, заявіў аб намеры садзейнічаць арганізацыі выставы слуцкіх паясоў. І слова сваё стрымаў. Больш таго, шмат у чым дзякуючы гэтаму чалавеку пакладзены пачатак вяртанню унікальных шэдэўраў беларускай мастацкай культуры на радзіму. Хай яны пакуль у Мінску як экспанаты з іншага музея. Але з’явілася надзея, што адбудзецца і сапраўднае вяртанне. Тут важны грамадскі рэзананс. А рух ужо ёсць. Для пачатку выстава “Слуцкія паясы” ў Нацыянальным мастацкім музеі павінна стаць пастаяннай. Такое меркаванне выказаў на ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі сам Сяргей Сцяпашын. “Слуцкія паясы для беларусаў — гэта нацыянальны здабытак, гісторыя народа, яго душа, і гэтыя шэдэўры абавязкова павінны быць прадстаўлены ўвазе наведвальнікаў музея ў Мінску”, — лічыць ён. Па словах Сцяпашына, перавозіць гэтыя экспанаты вельмі складана. “Змяненне клімату вельмі дрэнна ўплывае на самі вырабы, так што ўжо лепш, каб іх бачылі наведвальнікі беларускага музея, чым яны будуць захоўвацца ў запасніках у Маскве”, — перакананы кіраўнік Лічыльнай палаты Расіі.

Сяргей Сцяпашын выказаў і думку наконт таго, што магчыма перадача калекцыі слуцкіх паясоў з Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі ў абмен на беларускія музейныя каштоўнасці, якія прадстаўляюць цікавасць для расіян. Па яго словах, адпаведная дамоўленасць можа быць абмеркавана ўжо ў бліжэйшай будучыні, напрыклад, падчас візіту Уладзіміра Пуціна ў Беларусь у якасці прэм’ер-міністра Расіі. “Сапраўды, у Беларусі ёсць тое, што цікава для нас. Я разумею, што слуцкія паясы — гэта для беларусаў не проста гістарычныя рэліквіі, а частка нацыянальнай душы. Няхай гэтая прыгажосць, якая ўяўляе сінтэз многіх культурных традыцый, захоўваецца ў нашых беларускіх братоў”, — рэзюмаваў кіраўнік Лічыльнай палаты Расіі.

Думаецца, што такое ж меркаванне возьме верх і ў іншых прадстаўнікоў расійскага істэблішменту, ад каго залежыць разумнае і справядлівае рашэнне аб перадачы дарагіх сэрцу беларусаў рэліквій. А фармальнасці свайго роду ўзаемазалікаў — не праблема. Іх выканаць, пры неабходнасці, трэба і можна.

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter