Вяртанне цераз 225 гадоў

У Мінску адноўлена беларуская опера, прэм’ера якой адбылася ў Нясвіжскім палацы князёў Радзівілаў больш за два стагоддзі тамуНацыянальны акадэмiчны Вялiкi тэатр оперы i балета Рэспублiкi Беларусь распачаў новы сезон прэм’ерай оперы «Чужое багацце нiкому не служыць». Варта нагадаць, што акурат 225 гадоў таму гэты спектакль быў пастаўлены пры Нясвіжскім двары вядомага сваёй схiльнасцю да пацех Караля Станiслава Радзiвiла па мянушцы Пане Каханку...
У Мінску адноўлена беларуская опера, прэм’ера якой адбылася ў Нясвіжскім палацы князёў Радзівілаў больш за два стагоддзі таму

На опернай сцэне — ідылічная карціна з жыцця ў старадаўнім НясвіжыНацыянальны акадэмiчны Вялiкi тэатр оперы i балета Рэспублiкi Беларусь распачаў новы сезон прэм’ерай оперы «Чужое багацце нiкому не служыць». Варта нагадаць, што акурат 225 гадоў таму гэты спектакль быў пастаўлены пры Нясвіжскім двары вядомага сваёй схiльнасцю да пацех Караля Станiслава Радзiвiла па мянушцы Пане Каханку. Аўтарам музыкі быў нямецкi кампазiтар Ян Голанд, якi 20 гадоў працаваў у Нясвiжы па запрашэннi вяльможнага пана. За гэты час iм былi напiсаны вядомая «Агатка», два балеты i iншыя музычныя творы, якія радавалі Караля Радзiвiла i яго гасцей, сярод якiх аднойчы быў і кароль Рэчы Паспалiтай Станiслаў Аўгуст Панятоўскi. Пастаноўка «Чужога багацця…» — прэм’ера ў розных сэнсах. Доўгi час опера лiчылася згубленай. Толькi напрыканцы 1990-х ноты былi выпадкова знойдзены беларускай даследчыцай Вольгай Дадзіёмавай у кракаўскiм архiве. Мастацкi кiраўнiк творчага аб’яднання «Беларуская капэла» Вiктар Скорабагатаў стаў iнiцыятарам аднаўлення твора. Менавiта ён на працягу дзесяцi гадоў натхняў рабочую групу на нялёгкую працу па ажыўленні оперы: мастацкi кiраўнiк ансамбля салiстаў «Класiк-авангард» Уладзiмiр Байдаў узнавiў партытуру, Васiль Сёмуха пераклаў вершаваныя фрагменты оперы з польскай i нямецкай моваў, а драматург-рэканструктар Сяргей Кавалёў напiсаў лiбрэта.

Але, па словах Вiктара Скорабагатава, паставiць твор на сцэне было нялёгка:

— Прыгадаю, што толькi невялiкая частка «Рэквiема» запiсана самiм Моцартам. Астатняе – праца яго вучня Зюсмаера. Але яму было не цяжка гэта зрабiць: па-першае, Моцарт усё патлумачыў, прадставiў сваё бачанне твора; па-другое, Зюсмаер жыў у тым жа часе, што i яго настаўнiк, ён думаў тымi ж катэгорыямі. Нам жа давялося ўдасканальваць свае веды пра эпоху класiцызму, пра тэатр i жанравую разнастайнасць таго часу. Нам трэба было ведаць, якой была практыка ў Нясвiжы, як мыслiлі тады жыхары горада. Дарэчы, першапачаткова дзея оперы адбывалася не ў Нясвiжы, а на вёсцы — як i ў «Агатцы». Але, зрабiўшы аркестроўку i паслухаўшы, што ў нас атрымлiваецца, мы ўбачылi супярэчнасць: музыка клiкала ў Вену цi Парыж, але нiяк не да пастаральнага наваколля. I тут мы ўзгадалi, што ў ХVІІІ стагоддзі Нясвiж называлi маленькiм Парыжам. Таму мы змянiлi месца дзеi — i ўсё стала на свае месцы.

Фабула твора тыповая для вадэвiля ХVІІІ ст. Ёсць дзяўчына, у якой «вецер у галаве свiшча», ёсць закаханы ў гэтую дзяўчыну юнак, у якога «вецер у кішэнях свiшча», i ёсць бацька гэтай дзяўчыны, які шукае радзiвiлаўскі скарб. Агульную карцiну як нельга лепш дапаўняе не надта цвярозы лакей у карунках i напудраным парыку, а таксама балетмайстар месье Жан, гатовы на «найярчэйшыя подзвiгi» дзеля «найпрыгажэйшых жанчын».

— Мы нездарма ўвялi ў твор месье Жана i старога лакея, якi раней, вiдавочна, быў прыгонным акцёрам, — працягвае маэстра Скорабагатаў. — Нездарма мы перавялi Янака з парабкаў у акцёры нясвiжскага тэатра. У Радзiвiлаў было два балетныя вучылiшчы: у Нясвiжы i Слуцку. Многiя з прыгонных навучалiся майстэрству танца i песнi ў Заходняй Еўропе. А калi такой магчымасцi не было, дык настаўнiкаў запрашалі ў Нясвіж. Так, пры двары Радзiвiлаў працавалi чэшскi кампазiтар з сусветным iменем Ян Дусiк, капельмайстар Альберцiнi, балетмайстар Дзюпрэ. Наш Янак, вiдавочна, вучыўся ў замежжы. Ён свабодны, лёгкi, па сваiх поглядах адрознiваецца ад акружэння: за гэта яго i пакахала Кася.

А Радзiвiлаўскi скарб аказваецца заклятым. Адрэпецiраваўшы наступленне, «нячысцiкi» пад кiраўнiцтвам Янака рушаць да «старога хцiўца» Чужапанка, які прысеў ля паказальнiка з надпiсам «Грошы тут», i адбiраюць яго назапашанае гадамi дабро. Але вадэвiль без шчаслiвага вяселля – не вадэвiль. Янак «перамагае» чарцей i атрымлiвае згоду на заручыны з мiлай сэрцу Касяй.

Опера яднае ў сабе нацыянальныя беларускiя i агульнаеўрапейскiя матывы. Чужапанак так i сыпле прыказкамi ды прымаўкамi, а потым выконвае арыю, у якой можна распазнаць адзiн старадаўнi лакальны нясвiжскi матыўчык. У другiх партыях чуецца ўжо Моцарт. I гэта, па словах Вiктара Скорабагатава, цалкам натуральна, бо Голанд мыслiў катэгорыямi i паняццямi сваёй эпохi.

— Падчас рэканструкцыi мы заўважылi шмат момантаў, вядомых нам па iншых паўночнагерманскiх музычных асяродках. Напрыклад, апошнiя фразы арыi Янака вельмi падобныя да матыва з оперы «Арфей i Эўрыдыка» Глюка. Зразумеўшы гэта, мы пачалi выстройваць усю лiнiю арыi, арыентуючыся на Глюка. Хутчэй за ўсё Голанд зрабiў бы тое ж самае. Дарэчы, гэты ж матыўчык чуваць у хоры паляўнiчых з оперы «Чарадзейны стралок» Вебера. Але ж Голанд выкарыстаў яго на гадоў сорак раней за Вебера. Такiм чынам, iснавалi музычныя клiшэ ў творчасцi ўсiх кампазiтараў таго часу. І Беларусь таксама знаходзiлася ў прасторы тых заходнееўрапейскiх стандартаў.

Пасля прэм’еры гледачы дружна дзялiлiся ўражаннямi. Адным спадабаўся трапны гумар, якiм насычаны спектакль, iншыя запомнiлi момант, калi ў дзею ўключыўся маэстра Вячаслаў Волiч. Многiя адзначылi выдатную акцёрскую ігру Аляксандра Кеды, якi выконваў ролю Чужапанка.

Дж. Вердзi сказаў неяк: часам трэба вярнуцца назад, i гэта будзе прагрэс. У нашым выпадку так і атрымалася.

На здымку: на опернай сцэне — ідылічная карціна з жыцця ў старадаўнім Нясвіжы.

Ніна Шпакоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter