Вяртанне ў сям’ю, або Што адбывалася ў вераснi 1939-га

“НГ” працягвае знаёмiць чытачоў з рэдкiмi гiстарычнымi фотаздымкамi, якiя захоўваюцца ў Беларускiм дзяржаўным архiве кiнафотафонадакументаў у Дзяржынску. 17 верасня споўнiлася 67 гадоў з дня ўз’яднання Заходняй Беларусi i БССР. Што адбывалася тымi днямi на землях нашай краiны, як сустракалi савецкiх салдат, якiя пераўтварэннi напаткалi былыя “ўсходнiя крэсы”? Давайце прыгадаем з дапамогай супрацоўнiкаў архiва i гiстарычных крынiц.

Вайскоўцы зламалi мяжу
Напачатку ўявiце палiтычную сiтуацыю. Першага верасня 1939 года Германiя напала на Польшчу, i ў хуткiм часе яе войскi падступiлi да межаў Заходняй Беларусi, занялi некаторыя яе населеныя пункты, у тым лiку Брэст. Больш чым над 4 мiльёнамi жыхароў Заходняй Беларусi навiсла рэальная небяспека фашысцкага зняволення.ar1.jpg
Нагадаю, што  яшчэ раней, 23 жнiўня, СССР заключыў з Германiяй дагавор аб узаемным ненападзе (пакт Молатава—Рыбентропа). Дадатковы сакрэтны пратакол да яго аб сферах уплыву прадугледжваў лiквiдацыю польскай дзяржавы i падзел яе тэрыторыi. I калi нямецкiя войскi падышлi да зямель Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны у сярэдзiне верасня, iх кiраўнiцтва, спасылаючыся на дамоўленасць пры падпiсаннi дагавора ад 23 жнiўня 1939 года, падштурхоўвала савецкi бок хутчэй выступiць супраць Польшчы, каб ускласцi адказнасць за вайну i на СССР. Але Сталiн, каб стварыць уражанне нейтралiтэту, не спяшаўся. Толькi 17 верасня, калi польская армiя ў цэлым была разбiта i амаль уся тэрыторыя карэннай Польшчы была занята нямецкiмi войскамi, Савецкi ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай Армii перайсцi гранiцу i ўзяць пад сваю абарону жыццё i маёмасць насельнiцтва Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi. У першы дзень былi вызвалены Баранавiчы, 18 верасня — Навагрудак, Лiда, Слонiм, 19 — Вiльня, Пружаны, 20 — Гродна, 21 — Пiнск, 22 верасня — Беласток i Брэст. Чырвоная Армiя рухалася хутка, месцамi ёй дапамагала насельнiцтва, дзейнiчалi партызанскiя групы. Многiя жыхары тагачаснага памежжа i сёння прыгадваюць, што савецкiя войскi перайшлi мяжу фактычна без адзiнага стрэлу: польскiя жаўнеры проста ўцяклi. Цi, як сведчаць гiстарыяграфiчныя крынiцы, пераважная большасць польскiх войск здавалася без бою. Дарэчы, гэта пацвярджаюць фота- i кiнадакументы у БДАКФФД, а таксама анатацыi кшталту “Паглядзiце на гэтых ваяк!” Праўда, палякi вельмi не хацелi аддаваць Гродна: супрацiўленне тут арганiзавалi каля З тысяч салдат i афiцэраў вучэбнага падраздзялення i палiцэйскiх. Без ахвяр, канешне, не абышлося: з савецкага боку, згодна з афiцыйным паведамленнем Галоўнага камандавання Чырвонай Армii, у час паходу ў Заходнюю Украiну i Заходнюю Беларусь загiнула 737 i паранена 1862 салдаты i афiцэры.
Беларусь! Твой народ дачакаўся...
Асноўная частка насельнiцтва Заходняй Беларусi — рабочыя, сяляне, рамеснiкi, працоўная iнтэлiгенцыя — сустракалi савецкiх салдат як родных братоў, кветкамi, хлебам-соллю. На фотаздымках можна ўбачыць шматлюдныя мiтынгi ў Смаргонi, Маладзечне, Лiдзе i iншых мястэчках Гродзеншчыны i Брэстчыны, на якiх заходнiя беларусы горача вiтаюць сваiх вызвалiцеляў. Чырвонаармейцы распаўсюджваюць “Правду”, распачаты выпуск газеты “Освобожденный Белосток”. З-за кратаў вызвалены палiтзняволеныя. I тут няма агiтацыйнай патэтыкi — уз’яднання сапраўды людзi чакалi доўгiх васемнаццаць гадоў, бо праведзеная па жывым у 1921-м мяжа разлучыла многiя сем’i, паламала многiя лёсы, незагойнай ранай была на сэрцы многiх людзей.
Не чакаючы заканадаўчых актаў, сялянскiя камiтэты дзялiлi памешчыцкую i царкоўную зямлю сярод беззямельных i малазямельных сялян, якiя атрымалi 431 тысячу гектараў зямлi, пераважна ворнай i сенакосу. На многiх фотаздымках сяляне займаюцца падзелам зямлi. Напрыклад, ёсць такая анатацыя: “Былыя батракi панi Бнiскай атрымлiваюць зямлю, жывёлу i кватэры”.
Увосень 1939 года адкрылася нямала новых школ. Упершыню за васемнаццаць гадоў дзецi змаглi вучыцца (многiя не мелi такой магчымасцi), прычым вучыцца не на чужой, а на роднай мове. Адкрывалiся таксама бальнiцы, амбулаторыi, медыцынскiя пункты, якiя бясплатна абслугоўвалi насельнiцтва.
Пашпарт грамадзянiна БССР
28—30 кастрычнiка 1939 года ў Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусi. Ён аднагалосна прыняў па дакладу Сяргея Прытыцкага дэкларацыю аб устанаўленнi савецкай ўлады на тэрыторыi Заходняй Беларусi. Аднадушна дэлегаты выказалiся i за ўваходжанне ў  БССР. 2 лiстапада 1939 года Нечарговая V сесiя Вярхоўнага Савета СССР i 12 лiстапада Нечарговая III сесiя Вярхоўнага савета БССР адпаведна прынялi законы аб уключэннi Заходняй Беларусi ў склад СССР i ўз’яднаннi яе з БССР. У вынiку тэрыторыя БССР павялiчылася са 125,6 тысячы кв. км да 225,6 тысячы, а  насельнiцтва  рэспублiкi — з 5 млн. 562  тыс. чалавек да 10 млн. 239 тыс. На тэрыторыi былой Заходняй Беларусi было створана 5 абласцей — Баранавiцкая, Брэсцкая, Вiлейская, Пiнская i Беластоцкая.
Як лiчыць большасць сучасных гiсторыкаў,  уз’яднанне Заходняй Беларусi з Усходняй у адзiную Беларускую Савецкую Сацыялiстычную Рэспублiку было актам гiстарычнай справядлiвасцi. Беларускi народ уз’яднаўся, каб смела рушыць далей па прыступках гiсторыi.

Аўтар выказвае шчырую падзяку дырэктару Беларускага дзяржаўнага архiва кiнафотафонадакументаў Вiктару Баландзiну i загадчыку аддзела iнфармацыi, публiкацыi i навуковага выкарыстання дакументаў БДАКФФД Таццяне Рахманько.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter