Грамадскасць запрашаюць далучыцца да абмеркавання рэканструкцыі Тураўскага крыжа

Вяртанне страчанай святыні

Больш за паўстагоддзе таму, у 1962 годзе, вядомы беларускі археолаг Пётр Лысенка падчас раскопак тураўскага дзяцінца выявіў унікальныя артэфакты — чатыры свінцовыя абразкі Багародзіцы і трох святых. Паводле гіпотэзы, якую прапанаваў Пётр Фёдаравіч, абразкі маглі быць уманціраваны ў напрастольны крыж тураўскага кафедральнага сабора, разбуранага землятрусам у першай палове XIII стагоддзя.

фото panoramio.com

Ні выяў, ні апісанняў гэтага крыжа да нас не дайшло. Тым не менш прафесар Лысенка мяркуе, што настаў час рэканструяваць тураўскую святыню, зыходзячы са звестак аб крыжах старажытнарускіх храмаў і выкарыстоўваючы знойдзеныя на раскопках абразкі або іх копіі.

Ініцыятыву Пятра Лысенкі падтрымаў Прэзідэнт і даў даручэнне Банку развіцця вылучыць сродкі для рэканструкцыі Тураўскага крыжа. Толькі вось пытанне — як яго рэканструяваць?

На мінулым тыдні ў Беларускай праваслаўнай царкве па выніках сустрэчы прадстаўнікоў Царквы і свецкіх экспертаў была створана рабочая група па пытанні рэканструкцыі Тураўскага крыжа. Але паколькі пытанне гэта важнае — рэканструяваны Тураўскі крыж можа стаць у адзін шэраг з такім агульнапрызнаным нацыянальным сімвалам, як крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай — БПЦ запрашае шырокую грамадскасць далучыцца да яго абмеркавання. Інфармацыю і прапановы па заяўленай тэме просяць накіроўваць у рабочую групу.

Падрыхтавала Міла Кавалёва

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter