Минск
+3 oC
USD: 2.52
EUR: 2.74

Из Уральска привезли останки белорусского классика - Змитрока Бядули

Вяртанне салаў’я

«1941 год. Горад Уральск. Эшалоны з эвакуяванымi цягнуцца на ўсход. Вагоны перапоўненыя, нiхто не ведае, колькi цягнiк прастаiць, калi адыдзе. Пасажыры бегаюць у пошуках кiпню, прадуктаў… Вось паравоз загуў, i людзi кiнулiся займаць месцы ў вагонах. Цiсканiна. Крык. Дзiцячы плач. Пажылы мужчына з некалi густой чорнай шавялюрай, цяпер амаль сiвы, схапiўся за поручнi. Ускочыў на прыступкi вагона... I тут жа ўпаў. Аказалася, што яго сэрца разарвалася. Яшчэ б — столькi болю яно змяшчала... Не толькi свайго, але i той «адвечнай крыўды», пра якую казалi ўсе беларускiя пiсьменнiкi. 3 лiстапада 1941 года на маленькай станцыi пад Уральскам памёр вядомы беларускi пiсьменнiк Змiтрок Бядуля».

Змiтрок Бядуля з жонкай. Рэпрадукцыя даваеннага здымка з сямейнага архiва сына паэта Яфiма Плаўнiка.
Так пачынаўся мой матэрыял у «СБ. Беларусь сегодня» 13.05.2006 года. Праз пяць гадоў я зрабiла iнтэрв’ю з сынам Змiтрака Бядулi, Яфiмам Плаўнiкам. На пытанне, цi думаў пра перапахаванне бацькi, Яфiм Самуiлавiч адказаў: «Я быў бы рады, калi б так здарылася».

I вось здзейснiлася: парэшткi беларускага класiка дастаўленыя на радзiму. Дапамог у гэтым Фонд Марыi Магдалены Радзiвiл са Швейцарыi. Наш зямляк Аляксандр Сапега, член Кансультатыўнага савета па пытаннях беларусаў за мяжой пры МЗС Беларусi, якi ўзначальвае фонд, расказаў на прэс‑канферэнцыi ў Дзяржаўным музеi гiсторыi беларускай лiтаратуры падрабязнасцi складанага праекта. Бядуля быў пахаваны на вялiзных гарадскiх могiлках Уральска, помнiк знаходзiўся не ў вельмi добрым стане. Больш за тое, калi пачалi эксгумацыю, высветлiлася, што пахаванне — на нейкай адлегласцi ад надмагiльнай плiты, пад сцежкай.

Аляксандр Сапега расказаў, што святар храма на гарадскiх могiлках Уральска, дзе адбылася панiхiда, выказаў прапанову: захаваць там памяць пра Змiтрака Бядулю, магчыма, у выглядзе мемарыяльнага знака.

Працэс эксгумацыi i перавозкi парэшткаў нялёгкi: давялося прайсцi шмат узгадненняў, вытрымаць абавязковыя патрабаваннi, напрыклад, знайсцi цынкавую труну. Аляксандр Сапега адзначыў, што вельмi дапамагло спрыянне казахстанскiх калегаў, якiя iшлi насустрач.



Першым, хто сустрэў парэшткi класiка ў Мiнску, быў сын Змiтрака Бядулi. Ён расказаў, што сям’я да гэтага шэсць разоў спрабавала перавезцi прах бацькi на радзiму. Яфiм Самуiлавiч добра памятае пахаванне бацькi ва Уральску. Там апынуўся ў эвакуацыi беларускi тэатр iмя Якуба Коласа, i артысты зладзiлi сапраўднае тэатральнае дзейства. Труна стаяла на высокiм пастаменце, накрытым чырвонай тканiнай, да яе вялi прыступкi, таксама накрытыя чырвоным. Яфiм Самуiлавiч нiколi не забу­дзецца, як ускараскваўся па тых прыступках.

Асабiстыя рэчы Змiтрака Бядулi з фондаў Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры.

Фрагменты надмагiлля з Уральска былi перададзеныя музею гiсторыi беларускай лiтаратуры, якi прымаў удзел у праекце вяртання. Дырэктар музея Аляксандр Рыбакоў распавёў пра планы шырэйшага адлюстравання памяцi Змiтрака Бядулi ў фiлiяле музея — «Беларускай хатцы». Там калiсьцi жыў Бядуля з сям’ёй, нейкi час у iх гасцяваў Максiм Багдановiч.
Сям’я Змiтрака Бядулi неаднойчы спрабавала вярнуць яго парэшткi на радзiму, але гэта ўдалося толькi цяпер.
Парэшткi аўтара ўсiм вядомых аповесцi «Салавей» i апавядання «Пяць лыжак зацiркi» будуць урачыста пахаваны ў Мiнску. Дзе канкрэтна, пакуль не гаворыцца, таму што такую значную падзею трэба падрыхтаваць на дзяржаўным узроўнi. Помнiк на магiле з’явiцца ў вынiку творчага конкурсу. Яфiм Самуiлавiч на пытанне, якiм бы ён хацеў убачыць помнiк бацьку, адказаў:

— Самым простым. А калi казаць пра скульптурны партрэт, найбольш мне падабаецца той, што зрабiў Заiр Азгур. Хацелася б убачыць штосьцi падобнае.

Яфiм Cамуiлавiч Плаўнiк — сын Змiтрака Бядулi.

Матэрыялы, што распавядаюць пра вяртанне парэшткаў класiка, можна ўбачыць на сайце музея гiсторыi беларускай лiтаратуры.

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Юрий МОЗОЛЕВСКИЙ
Загрузка...